Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Апрытомнеў ён у скверы ля доміка Астроўскага. Сядзеў, сціскаючы скроні, і слухаў цішыню. Было, відаць, велымі позна, таму што сціх нават грукат трамваяў. I толькі непадалёк, у мокрым завулку, мужчынскі голас спяваў, перакручваючы словы:

Эту женщину увижу и немею,

Как безумный, как безумный, день хожу.

Ни кукушкам, ни ромашкам я не верю,

И к гадалкам, понимаешь, не хожу.

Набормочут: — не люби ее такую,

Напророчат: — до рассвета заживет.

Наколдуют, нагадают, накукуют,

А она на нашей улице живет…

Андрэй сядзеў, а над яго галавою гола, трывожна і страшна шумелі мокрыя дрэвы.

Р а з д з е л XXII

Чалавек можа ўсё. Межаў яго сіле няма, калі наперадзе агонь надзеі. Гэта вельмі добра ведаюць гуманісты, фанатыкі і закаханыя. Што тады казаць пра тых, хто і першы, і другі, і трэці. Хвіліны адчаю трываюць у іх нядоўга. Бось, здавалася, стаяў на каленях, а праз хвіліну зноў трэба апускаць забрала і ісці на бой.

Ужо раніцай, седзячы ў вагоне, які імчаў яго да роднага горада, Андрэй ведаў: нельга губляць ніводнай хвіліны. Толькі адно ўратуе яго ад тугі па ёй: праца да апошняга, знясіленне рук, вачэй і галавы, цяжкі — як камень на дно — сон.

Гледзячы ў акно на заснежаныя паўстанкi, ён думаў. Як у кожнага, хто не спяшаецца выпускаць з рук напiсанае, у яго было шмат амаль гатовых рэчаў. Iх трэба было скончыць, скончыць як мага хутчэй, за сорак пяць дзён, скончыць i аддаць у чужыя рукi. "Натхненне не прадаецца…"

Ён можа хадзіць насустрач ветру — ёй нельга. Ён можа глядзець у вочы небяспецы — яна павінна быць за яго спіной. I таму ён мог працаваць за яе не сем год, як той, з Бібліі, а ўсё жыццё, абы не падманулі, абы не падсунулі іншай…

Які шлях быў карацейшы? Раман аб паўстанні Каліноўскага? Раман быў напісаны на дзве трэціх. Адпадае. Доўга чакаць. Гэта потым. "Няхай другім разам", — як сказала адна шляхцянка сваёй паміраючай маці, калі тая папрасіла какавы.

Аповесць? Так, яна амаль скончана.

Ага, вось галоўнае, вось куды трэба ўбіць паўтара месяца! Ёсць п'еса, якую трэба толькі адшліфаваць, і яшчэ падрабязна распрацаваны план кінасцэнарыя. Вельмі падрабязна распрацаваны. Больш паловы сцэн напісаны, і гэта найбліжэйшы шлях да яе. Усяго дзён дваццаць. Глупства! Хіба гэта подзвіг? Калі ўжо гаварыць пра подзвіг адданага каханка, дык вось гэта — подзвіг. Нейкі там даўні нібелунг зашыўся ў авечую шкуру і ішоў да замка каханай за трыдзевяць зямель год. I ўсё скончылася б выдатна, каб яго ля самага замка не з'елі сабакі, што не ўмелі адрозніваць зместу ад формы…

Яму здавалася зараз, што цягнік ідзе вельмі марудна. Трэба было хутчэй, зараз жа, застацца сам-насам з паперай, распачаць самую вялікую бітву жыцця.

Спаць чатыры гадзіны на суткі. Гэтага досыць, калі мэта так блізка. Хіба больш спаў Пётр Першы, або Маленькі кахетынец [Патара Кахі — грузінскі цар Іраклій Другі], або Каліноўскі ў апошнія гады жыцця. Скажам, праўда, яны спалі пяць гадзін, але ж тут не гады, а паўтара месяца. Яна — яго дзяржава. Хопіць чатырох гадзін. А стома — глупства. Існуюць лыжы і кава, на горшы выпадак. I яшчэ ёсць натхненне бітвы і шчасце пераадольвання самага цяжкага. Бо кожны мужчына — трохі ігрок…

І яшчэ жартаваць, жартаваць кожную хвіліну, здзекавацца з сябе, прымаць усё ўсур'ёз і не ўсур'ёз, бо нервы, бо сэрца, бо мозг могуць іначай не вытрымаць. Вайна за прыўкрасную Елену, вялікая траянская вайна… Ахіл з браніраванай пяткай і безабаронным сэрцам…

Працаваць. Інакш звар'яцееш ад тугі.

…Так пачалася вялікая вайна. Андрэй уставаў у шэсць гадзін раніцы, калі ў гарадку гарэлі толькі рэдкія агні і ранішні снег вішчаў пад лыжамі. З адхону на дняпроўскі лёд, потым на стромы адхон процілеглага берага. Праз дзесяць хвілін ужо не хочацца спаць, знікае некуды свінцовы цяжар стомы. Лыжы бягуць па зарэчных палях, перасякаючы ваўчыныя сляды і хітрыя зайцавы петлі.

Вялікі круг на поўнай хуткасці. Потым імпэтны, як падзенне, палёт дном яра, — мільгаюць хмызы над галавой. Можна спыніцца на хвіліну і ўмыцца пякуча-мяккай вадой з палонкі. Але толькі на хвіліну. Не больш.

Мезанін. Снеданне з моцнай кавай… Звычайна першыя радкі даюцца цяжка, быццам цябе ўвесь дзень напярэдадні білі па галаве валікамі ад канапы… Прымусь сябе. Сілком… I вось ужо цябе ўладна ўзяло ў рукі нейкае адчайнадушнае захапленне працай, калі шкада працягнуць руку за папяросай, калі ўспрымаеш як катастрофу тое, што ў ручцы скончылася чарніла. Хістайся, снягір, за акном — ты не той, якога мы бачылі, і мне няма да цябе справы… Ляці лепей да тых беларускіх паэтаў, якія параўноўваюць цябе з яблыкам. Работы хопіць, бо гэтым свежым параўнаннем дорыць няшчаснага чытача кожны другі…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: