Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Выгляд ягоны быў такі, што людзі падсвядома разумелі: робіцца нешта няладнае. I таму кожны ішоў яму насустрач. Шчасце і тут не адхіснулася ад яго. Не магло быць іначай. Яму ўдалося ўладкаваць усё. Усё да апошняга радка.

…У матчыным доме ён ледзь дабраўся да ложка. Спаў і нават у сне адчуваў, як баліць галава і ўсё раптам саслаблае цела. Потым, пасля першых сутак, знікла і гэта, а сон стаў каменным. Ён спаў, як зрынуты стомаю ваяка-пераможца, на спіне, і правая рука яго ўздрыгвала: ён пісаў нават у сне.

За трыццаць восем сутак ён адрабіў шэсцьсот сорак шэсць гадзін.

Р а з д з е л XXIII

Двое стаялi над адхонам. Адхон абрываўся ў iх з-пад ног амаль строма, так метраў на пяцьдзесят, пераходзiў у спадзiстую лагчынку, а потым, нырнуўшы з уступа, цягнуўся ледзь не на паўкiламетра, увесь зарослы даволi частымi дрэвамi i хмызамi, пакуль не злiваўся недзе там, далёка, з iльдом Масквы-ракi.

Люты сям-там здзьмуў з ракі снег, і празрыстыя разводы лёду люстравалі блакітнае сонца.

Яніс, утоптваючы лыжамі снег, спытаў:

— Чаго ты апошнім часам такі няшчыры? Табе цяжка?

— Мне сорамна, — сказаў Андрэй.

— Тры тыдні, як вярнуўся, — непахвальна сказаў Яніс, — а хоць бы радок. Урэшце, ты для чаго жывеш, для кахання ці для сваёй працы?

— Для працы ў гонар кахання, — назнарок велягурыста сказаў Андрэй.

За ўсім гэтым Яніс пабачыў прыхаваны боль, і яго добры прасцецкі твар засмуціўся.

— З ёю што? — спытаў ён.

— Так. Нічога не змянілася. Аперацыю палічылі немагчымай.

— То ж бо я заўважаю, што ты разгублены i часам п'еш.

— Я знайшоў бы іншы паратунак. Але я не магу працаваць, Яніс. Нішто не лезе ў галаву. Я, відаць, ператаміўся. Мозг нейкі тупы. Ніводнага слова, ніводнай думкі.

— Адпачнеш.

— Я амаль не сплю. Ты ведаеш, я ніколі не скардзіўся. Але, напэўна, ніколі нічога не здолею напісаць.

– І ўсяго тае бяды?

— Не, брат. Галоўнае, што яна мяне зусім-зусім не кахае.

— Што-о?

— Так. Ты ведаеш, я зрабіў усё, што мог. I вось я пяць разоў сустракаўся з ёю, і яна кожны раз пазбягала размовы аб гэтым… Тройчы прызначала спатканне і падманвала, не прыходзіла. А я, здаецца, зусім страціў гонар. Прызначае на пяць. Я чакаю да паловы шостай, потым кажу сабе, што пераблытаў, пэўна, і спатканне ў шэсць. Чакаю да паловы сёмай і даю сябе ўмовіць, што, можа, у сем.

— Дурань, — сказаў Яніс.

— I твар, — казаў далей Андрэй, — часам добры, але часцей такі варожы. Увесь час гуляе маім каханнем, ведае, што я ўсё дарую. А бадай яно ўсё спрахла.

— Кінь, — сказаў Яніс, — зразумей адно: яна не герой, як ты, і не патрабуй ад яе замнога. Жанчына. I да таго ж вельмі слабая і безабаронная, нягледзячы на ўсю яе мужнасць, на ўвесь талент.

— Я ведаю, — сказаў Андрэй, — я не злапомны, я нікому не помсціў за сябе, але таго, хто можа пакрыўдзіць яе — гэткіх я забіў бы, з зямлі сцёр… Таму што такіх, як яна, не крыўдзяць, на такіх моляцца, дый то яшчэ не кожнага нават у царкву пусцяць.

Вайвадс паклаў руку яму на плячо:

— Часам я шкадую, што я не прыгожая жанчына. Жыццё б паклаў на тое, каб адбіць цябе… Горка табе будзе…

— Пэўна, я зрабіў памылку, што пакінуў яе адну на столькі дзён. Не было гіпнозу прысутнасці, і за гэты час яна паспела ўзяць сябе ў рукі.

Секануў лыжнай палкай счарнелыя ружы татарніку.

— Але нашто, нашто яна расказала пра ўсё Ганне, ды яшчэ кожны раз прыдумвала ёй прычыны для такіх сваіх паводзін? То я "лёгкі" чалавек. То я "гуляка праздный". То "замкнёны ў вузкіх рамках Беларусі". Добра замкнёны! Па ўсім відаць, як я "замкнуўся". Доказам гэтаму ты, яна, Баранаўскас, тузіны з тры ворагаў на радзіме. Прычыны ўсё! Прычэпкі! Забараніла кожны чацвер праводзіць яе, бо пасля лекцый — бяседа аб міжнародным становішчы і мне "нельга ўцякаць". "Лепей дадому будзеце прыходзіць". Калі? Дый не вельмі запрашаюць… Нашто хлусіць? Скажы «не», дый канец.

Ён нервова ўздыхнуў. Потым сцiснуў палкi i раптам — абурэнне патрабавала выхаду — рынуў проста з адхону: лыжы выбiлi серабрысты снегавы пылок.

Ледзь не падаючы, ён імчаў проста ў блакіт. Але нават падзенне не магло прымусіць забыць: вялікі даўкі камяк стаяў і шчымяча варочаўся ў горле.

Андрэй праляцеў адхон, маланкава прамчаў лагчынкай і тут убачыў, што ўступ значна вышэйшы, чым ён меркаваў: метры тры. Але гэта не абыходзіла. Можна было і разануцца — усё адно. I толькі рукі самі сабою раскрыліся, а тулава нахілілася амаль да самых лыжаў, калі ўзляцеў проста ў неба, насустрач блакітнаму, ледзяному, абыякаваму да ўсяго сонцу.

Яніс ледзь не самлеў ад жаху, пабачыўшы гэты рывок. Але было позна, і дапамагчы было нельга. Заставалася толькі сачыць. А друг ляцеў, і здавалася, лёту гэтаму не будзе канца.

Але вось стаў, яго злёгку кінула. Памчаў, змяншаючыся, па спадзістым адхоне.

"Ды ці разумее ён што-небудзь?"

Андрэй імчаў проста на вялізнае дрэва. Імчаў, не змяншаючы хуткасці. Сто метраў… дваццаць… дзесяць…

— Ы-ых! — вырваўся з Янісавых грудзей дзікі гук.

I толькі за пяць метраў Андрэй крутануў убок, пятляючы, памчаў у зарасцях і спыніўся зусім далёка, у сетцы лазы над самай ракой.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: