Вход/Регистрация
Сіндбад вяртаецца
вернуться

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

Што заставалася рабіць Аклілю? Ён увесь напружыўся, каб ірвануць, калі яго памкнуцца схапіць, але працаваў зноў натхнёна. Махнуў сюды-туды аксамітавай анучкай, як робяць старыя чысцільшчыкі каля атэляў.

— Гатова, мсье! — Адскочыў бы на спружынах, заззяў усмешкай.

— Колькі за работу?

— Як звычайна, мсье! — Акліль паказаў на пальцах суму.

Добыш пакорпаўся ў кішэні — дробных грошай не хапала. Выцягнуў паперку ў пяцьдзесят дынараў:

— У мяне — во.

Акліль закруціў галавой — з такой сумы ў яго не будзе рэшты.

Добыш азірнуўся — дзе тут паблізу магазін, каб размяняць?

— Пайшлі са мной, я гэта размяняю і аддам табе колькі трэба.

Акліль насцярожыўся яшчэ больш — ці не заманьваюць яго?

— Я размяняю, мсье! — Добыш нават вокам не міргнуў, як Шакал выхапіў грошы і памчаў да магазіна.

— Я скажу Селіму! — закрычаў Акліль.

Хлопчыкі, што тоўпіліся навокал, адбегліся падалей. А Шакал быў ужо ля магазіна. Ён і сапраўды спачатку думаў зрабіць добрую паслугу. Падумаў толькі для ачысткі свайго маленькага-маленькага сумлення. Але хто стане нейкаму падшыванцу мяняць грошы? І ён, запхнуўшы грошы ў кішэню штаноў, звярнуў за рог дома — толькі яго і бачылі! Добыш хмыкнуў і паглядзеў на Акліля. Дзеці навокал скакалі і смяяліся. Аклілю хацелася праваліцца скрозь зямлю, а яшчэ лепш — кінуцца таксама наўцёкі. Але ён разумеў, што гэты ірум'ен не які-небудзь там стары пузаты сейід, а, відаць, спартсмен. Дагоніць ды ў паліцыю. А перад тым сам дасць добрую прачуханку.

— Дык доўга мы будзем стаяць? — Добыш пачынаў разумець, што яго ашукалі, як дурнога хлапчука. — Пойдзем да магазіна, а раптам твой прыяцель сапраўды тырчыць там ля касы. Як яго завуць?

Акліль, прыціснуўшы да сябе скрынку, моўчкі ішоў побач з ірум'енам, са смуткам чакаючы, калі той нарэшце здасць яго паліцэйскаму.

— А цябе як завуць?

Акліль падумаў, што наўрад ці ірум'ен паверыць яму, але не схлусіў:

— Акліль, мсье.

— А дзе працуюць твае бацькі?

Што адказаць? Калі праўду, ірум'ен, вядома, не паверыць. Шайтан яго прынёс. І шайтан паднёс Шакала, каб яму праваліцца! Ліхаманка яго няхай трасе пры сонцы і пры месяцы!

— Я аддам грошы, мсье, бажуся! Вазьмі вось струмант, каб не думаў, што я хлушу.

Добыш спачувальна ўзяў хлопчыка за плячо, не ведаючы, што толькі напалохае малога. «Укусіць яго за руку — і дзёру!» — мільганула ў Акліля, але апамятаўся — зловяць жа ўсё роўна. Не ірум'ен, дык паліцэйскі. Гэта ж цэнтр горада, а не Казба, дзе кожны за цябе, калі супроць цябе ірум'ен.

«Здаецца, у кабілаў, казалі, сустракаецца такі колер вачэй. Амаль сінія вочы! У арабаў жа звычайна чорныя ці карыя, — думаў Добыш. — А грошы ўсё роўна давядзецца пазычаць у Кійка. Ён сам казаў пра гэта. Кантора ж дасць аванс толькі праз тыдзень».

— Я невінаваты, мсье, — Акліль прыкідваў, ці дасць гэта яму якія шансы выкруціцца, калі ён пачне плакаць. — Ты ж сам бачыў, што я нават не думаў браць грошы, праўда? — Акліль адчуў, як яго плячо сціснулі яшчэ мацней. У яго нават дыханне перахапіла: няўжо павалачэ да паліцэйскага? Тады ўсё. Хуары пракляне. Але што гэта: рука ірум'ена больш наогул не трымае яго? Акліль замарудзіў крок.

Ірум'ен ішоў, здаецца, зусім забыўшыся на хлопчыка. Быццам нешта вельмі цікавае ці важнае для сябе заўважыў наперадзе.

— Мадэмуазель! — раптам паклікаў ён.

Акліль спыніўся і, нізка схіліўшыся, каб стаць як мага больш непрыкметным, пачаў корпацца ў сваёй скрынцы. Ірум'ен, пераскокваючы адразу цераз дзве прыступкі, імчаў па лесвіцы на верхнюю вуліцу, дзе густа рухаліся аўтамабілі. Там, на аўтобусным прыпынку, памахваючы аранжавай сумачкай, стаяла дзяўчына. Вось яна пачула голас ірум'ена і павярнула галаву. Каб Акліль разгледзеў яе твар, ён бы таксама кінуўся ўверх па лесвіцы, не зважаючы на тое, што зноў давялося б сутыкнуцца з ірум'енам, грошы якога сцягнуў пракляты Шакал. Але хлопчык быў заняты шчоткамі. Ён выцягнуў іх і пачаў стукаць, нібы кастаньетамі, дэманструючы свой спрыт.

— Крэм-люкс! — весела крыкнуў ён, але тут жа падхапіў скрынку: да яго пагрозліва калдыбаў пажылы чысцільшчык, у якога недалёка ад магазіна стаяла палатка.

— Прэч адсюль, шчанюк, пакуль я табе не ўрэзаў па спіне тваёй бруднай скрынкай! — хрыпеў ён.

Паказаўшы старому язык, Акліль весела памчаў па лесвіцы ўніз, на «сваю» тэрыторыю.

А Юрый Добыш падышоў да дзяўчыны і павітаўся:

— Добры дзень, Марыям! Даруйце, можа, я незнарок парушыў якія-небудзь вашы нацыянальныя звычаі, але баяўся, што вы знікнеце зноў, таму паклікаў здалёк.

— Гэта вы? — ветліва, але і з нейкай трывогай у вачах прамовіла дзяўчына, і вочы яе заззялі пяшчотнай сінню.

— Каб не чысцільшчык абутку, мы б размінуліся, пэўна, — сказаў Добыш з хваляваннем, якое не засталося незаўважаным дзяўчынай. — Не паверыце, я толькі што бачыў хлопчыка, у якога вочы вельмі падобныя на вашы… Як мне пашанцавала, што я пайшоў уверх, да магазіна! Напэўна, вы чакаеце аўтобус у Эль-Біар, ва універсітэт?

— Не, я чакаю… — дзяўчына кіўнула на будку тэлефона-аўтамата, дзе нешта горача гаварыў у трубку малады алжырац у вайсковай кашулі з закасанымі вышэй локця рукавамі.— Гэта мой… знаёмы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: