Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
А маці, узмахнуўшы рукою, запрасіла:
— Просім бацьку роднага, маці родную, братоў, сясцёр, дзядзькоў, цётак, суседзяў, суседачак і малых дзетачак, гэты дар ці дазволіце ў шышкі гібаць, у боханы качаць?
— У шышкі гібаць! — пачулася дружна. І Алеся крыкнула з печы:
— У шышкі гібаць!
— Дзякуем бацьку роднаму, маці роднай, братам, сёстрам, суседзям, суседачкам і малым дзетачкам! — прамовіла маці.
І яшчэ два разы запытала, што з цестам рабіць. Кожны раз ёй адно і тое ж адказвалі, і кожны раз яна ўсім дзякавала.
— Чаму ўсё пытаецца? — не сцярпеў Мацей. Алеся ўсміхнулася.
— Так заведзена.
Янка глянуў на яе. Расчырванелася, вочкі гараць, што дзве вішанькі.
— Чаму так радуешся? — запытаў.
— Будуць каравай пячы.
Янка зусім не разумеў яе. Было б з-за чаго радавацца. Вось каб воі з паходу вярнуліся, крыжакоў разбіўшы, то канешне.
Маці тым часам узяла з дзяжы камяк цеста, запаленым канцом уваткнула ў яго свечку і хутка, спрытна зляпіла булачку.
— Прыгожая? — падняла ўгору.
— Добрая выйшла, — пачулася наўкол. А Алеся паведаміла:
— Пярвушка. Першая булачка называецца пярвушкай.
— І адкуль ты пра ўсё гэта ведаеш? — здзівіўся Янка.
— Сёння і ты праведаеш, — адказала Алеся. Што на гэта скажаш? Відаць, не раз і не два Алеся вось так дзівіцца.
— Што яшчэ будзе? — падаў голас Мацей.
— Будуць каравай гібаць, розныя фігуркі з яго ляпіць.
І праўда, розныя фігуркі пачалі з цеста рабіць: качачкі, ружы, гусакоў, шышкі. А маці зляпіла ката, падобнага на воя. З вусамі, у шлеме. Хтосьці з жанчын засмяяўся.
— Ці не Яся ты вылепіла?
Не сказала маці, песню завяла:
Іванкава маці па вуліцы ходзе Да суседачкі просе…Падхапілі за ёю жанкі-каравайніцы:
Да суседачкі мае, Да хадзіце вы ка мне, Да не ка мне, к дзіцяці Караваю качаці, Ручкамі да беленькімі, Перснямі залаценькімі.Слухае Янка. Прыгожы голас у маці. І сама прыгожая. Здаецца яму, што прыгажэйшай ва ўсім свеце не знойдзеш.
— Мацей заснуў,— прамовіла Алеся.
Янка зірнуў на брата. Заплюшчыў вочы і сапе. Разбудзіць? Не. Няхай паспіць. Стаміўся.
— Зараз будуць каравай рабіць. Шышкамі яго ўпрыгожаць, — паведаміла Алеся.
Сапраўды, пачалі рабіць. Вялізны-вялізны выйшаў каравай.
— У печ не ўлезе, — сумняваючыся, прамовіў Янка.
— Улезе, — запэўніла Алеся.
А жанчыны ўжо каравай шышкамі ўпрыгожваюць, песню пяюць:
Свеціць месяц на двары, Каравай гіблюць на сталі З беленькімі ручкамі, А пярсцёначкі з вочкамі. Беце, дзевачкі, у далоні, Каб далоні шчымелі, А пярсцёначкі звінелі.Слухае Янка, мацерын голас ловіць. Яго сярод многіх-многіх галасоў ён пазнаў бы. Нават у Слоніме, на тым торгу, дзе Ясь падарункі Паўлінцы купляў. Яшчэ не ўбачыў бы яе, а голас пазнаў бы.
Беце, дзевачкі, у далоні, Каб далоні шчымелі…Шчыміць на душы. Шчыміць… Шчыміць…
Янка заплюшчвае вочы. Яму здаецца, што ён саскочыў з печы, што прытуліўся да маці, што яна лашчыць яго. Лашчыць, песню спявае. Раптам перапынілася песня. Чаму? А-а, крыжак, у якога паўлінавае пяро на грэбені шлема, да хаты пад'ехаў, дзіду наставіў: «Аддай». Каго ж ён хоча забраць? Ці не яго, Янку? «Мамачка, не аддавай мяне, — просіцца ён. — Я агністую кветку-папараць знайду, табе прынясу. Да канца сваіх дзён будзеш шчаслівая». Крыжак наставіў дзіду. Блішчыць вострае сталёвае лязо. У самы твар цэліцца. Маці туліць яго, Янку: «Не аддам. Гэта мой сын. Ён мне агністую кветку-папараць прынясе. Я да канца сваіх дзён буду шчаслівая. Буду. Буду. Буду…»
Янка расплюшчыў вочы. Які ж благі сон прысніўся! Крыжак… Чаму крыжак? А Мацей дзе? Дзе Мацей? І ён прачнуўся. Сядзіць, звесіўшы ногі.
— Вам з мядзведзем у бярлозе спаць, — засмяялася Алеся.
Янка пачырванеў. Заснуў. Змарыла. Трэба ж так! А ў Алесі сну ні ў адным воку.
— Я проста так. Я толькі вочы заплюшчыў.
Які ж благі сон! Чаму крыжак прысніўся? Няўжо зноў кепскае чакае? Не. Няма чаго наперад загадваць.
— Толькі вочы заплюшчыў? — усміхнулася Алеся. — Каравай з печы вынялі. Зараз у каморку панясуць.
Янка працёр вочы. На засланым белай настольніцай веку ад дзяжы каравай: пульхны, увесь у шышках.
— Ледзь з печы вынялі,— сказала Алеся.
— Бач які! — здзівіўся Мацей. — Нібы слонімскі гандляр-багатыр.
Пытаецца каравай перапечы: Да куды сцежка да печы? Зарасла сцежка муравою, Шаўковаю травою,—заспявалі каравайніцы.
— У каморку каравай панеслі,— сказала Алеся. Мацей аблізнуўся.
— Вось каб кавалачак адрэзаць, пакаштаваць.