Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Смелы, — прамовіў Мацей.
— Духам моцны, — сказаў Ясь і паволі паплёўся па вуліцы.
А Янка сядзеў і думаў. Пра што? І Ясь моцны духам. Ні стралы, ні дзіды не баіцца. Відаць, і агню не пабаяўся б. А вось цётка з барадой нагнала страху. Чаму так? На гэтае пытанне ён не мог адказаць.
З Ясем яны гаварылі зранку, а пасля паўдня яшчэ адна навіна абляцела вёску: прапаў васілевіцкі хлопец Антон. Пасвіў каровы і прапаў. Толькі пуга на ўзлеску засталася. Гукалі, клікалі яго — не дагукаліся, не даклікаліся.
Мужчыны, узброіўшыся, пайшлі ў лес. Апусцела вёска. Зусім стала ціха. Толькі жанчыны шэптам адна адной перадавалі:
— Шалёны воўк бегае, схапіў.
— Не, суседачка. Цётка з барадой украла.
Чаму шэптам казалі? Баяліся на сябе бяду наклікаць. Янкава маці не выходзіла з хаты. Нарэшце не вытрывала:
— На выган схаджу, пагляджу гусей. А вы з хаты і носа не высоўвайце.
Хіба ўседзіш у хаце?
Яна за парог, а яны за ёю. Глядзяць: Алеся бяжыць.
Падбегла і адразу сказала:
— Хлопчыкі, Антона цётка з барадой схапіла. Трэба ратаваць яго.
— Антона ратаваць! — аж пляснуў рукамі Мацей. — Ды ён… Ён казаў, што мне вушы адарве.
— Цэлыя будуць твае вушы, — папракнула Алеся. — А вось Антону…
Алеся не даказала да канца, ды Янка добра зразумеў яе. Сапраўды, цётка з барадой і вушы адарве, калі ў галаву стрэліць. Ёй чалавека не шкада. Невядома, што з Антонам. Што, калі тое страшыдла яго на агні смажыць? А ён жа яго, Янку, з ямы выцягнуў. Калі б не выцягнуў, то, мабыць, таксама шукалі б.
— Янка, ты баішся? — насмешліва паглядзела на яго Алеся.
Што сказаць? Канешне, баіцца. За лета гэтулькі нацярпеліся! Дый хіба ён адзін баіцца? Дарослыя шэптам гавораць.
— Яначка, у цябе ёсць басалык.
Янка ўбачыў, што на вачах у Алесі выступілі слёзы. Вось-вось пырснуць, вось-вось заплача. Ён неспадзявана для самога сябе прамовіў:
— Дурненькая, чаго ты так?
— Антона шкада.
Ёй шкада. А яму хіба не шкада? Здаецца, душа разрываецца. Ніколі не думаў, што будзе так шкадаваць.
— Алеся, не плач. Мы яго знойдзем. Цяпер жа пайду ў лес.
— І я пайду, — прамовіў Мацей.
Яны паволі ішлі па лесе. Янка моцна сціскаў у руках сваю зброю — басалык.
— Нас, мусіць, маці шукае, — падаў голас Мацей.
«Шукае, — падумаў Янка. — Пайшлі, не сказаўшы. А калі б сказалі? Не пусціла б».
— Шукае… — зноў сказаў Мацей.
— Антон! — раптам усклікнула Алеся.
Янка стаў, нібыта яго хтосьці ззаду тузануў. За павароткай сцяжынкі, па якой яны ішлі, стаяў Антон, прывязаны, няйначай, як лыкам, да сасны. У роце нейкая брудная ануча.
— Тут, мабыць, і цётка з барадой, — прамовіў Мацей і на ўсё горла: — Ого-го-го-о!..
Ясь чорта асядлае
Янка кінуўся да Антона, выцягнуў з рота анучу.
— Хто цябе прывязаў? Яна?
Антон адкрывае рот, нібы пазяхаючы. Ні слова не вымавіць. Твар белы, што палатно. Ні крывінкі.
— Хто прывязаў? Цётка з барадой?
— Дзеці! Дзеткі! — пачулася за спінаю. Янка азірнуўся: Ясь і бацька бягуць, спяшаюцца.
— Яначка! Хто крычаў? — падбег бацька.
— Я! — выпаліў Мацей.
— Ты-ы?
— Клікаў каго-небудзь.
— Мы ішлі, ішлі, азіраліся, — пачала расказваць Алеся. — Бачым: Антон да сасны прывязаны.
— Ён зусім знясілеў,— прагаварыў Ясь і, выняўшы нож, разрэзаў лыка. Антон асунуўся на зямлю.
— Ногі яго не трымаюць, — сказаў бацька. Янка моўчкі глядзеў на Антона. Ляжыць, не варушыцца. Напэўна, доўга стаяў вось так, прывязаны. Даўкі камяк падступіў да горла…
Бацька прысеў, прытуліў Антона да грудзей.
— Дзіця, дзіцятка…
— Мяне… Мяне… Бацька нахіліўся ніжэй.
— Хто?
— Мяне… Мяне цётка з барадой схапіла. Янку здалося, што кубак ледзяной вады за карак вылілі. Усё-ткі яна. Вось прыблуда!
— Яна мяне прывязала. Яна нешта гергетала. Здаецца, хацела, каб дарогу ёй паказаў, каб правёў яе.
— Якую дарогу?
— Не ведаю. Я амаль нічога не памятаю. Янка глядзеў на Антона. Кажа, што хацела, каб дарогу ёй паказаў. Дзіўна. Хіба сама дарогі не ведае? Хіба першы дзень па гэтых балотах гойсае?