Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Да яго падбег стражнік.

— Пан Бадзей, нам паведамілі, каб хлопчыкаў і Саўку прывялі да яго вялікасці народнага цара Іванкі.

— Шкада, — прамовіў пан Бадзей.

— Я завяду. Можна? — выцягнуўся перад ім Сіні Нос.

Пан Бадзей махнуў рукою.

— Вядзі.

А паэт Карней плаксівым голасам праказаў:

— З рук выпускаем…

І так, і сяк, і наўскасяк

Я думаў, што зноў палезем праз трубу, як чарвякі. Але Сіні Нос правёў нас праз вароты. Мы ўтрох ішлі спераду, а ён валокся ззаду.

— Бядовыя вы, — пачаў Саўка. — Хоць Іванку не пяэчце.

— А калі яму захочацца на нас верхам пакатацца? Спіну падставіць? — сказаў Пятрусь.

Саўка ўздыхнуў.

— Што з'обіш? Т'эба жыць як набяжыць.

— Маўчаць, — крыкнуў Сіні Нос.

— Дзе запісана, што трэба маўчаць? Пакажы, — агрызнуўся я.

Сіні Нос толькі брыдка вылаяўся. Не даспадобы яму. У палац прэцца. Учора быў разбойнікам, а сёння ў начальнікі мерыцца. Будзе служыць і нашым і вашым.

— Твой дабрадзей, калі б мог, то ў палац на крылах паляцеў бы, — кажу Петрусю.

— Трэба пакупаць яго ў лужыне, — прашаптаў Пятрусь.

Уздоўж плота цягнулася лужына. На метраў сто, не меней. Вада чорная, пратухлая, нават цінай пакрылася. Відаць, лужына тут спакон вякоў. Канешне, не шкодзіла б, каб паплёхаўся ў ёй Сіні Нос. Але ж не адужаем яго. Нават калі Саўка дапаможа.

— Ігнат, — зноў прашаптаў Пятрусь, — ты наггіся, быццам шнурок на чаравіку завязваеш, а я…

— Рот заткну, — крыкнуў Сіні Нос.

Хоць і не даказаў Пятрусь да канца, ды я ўсё зразумеў. Вельмі добра ён прыдумаў. Вядома, Сіні Нос дужэйшы за нас, але ж і дужэйшага можна перамагчы. Як кажуць? Трэба розумам надтачыць, дзе сіла не возьме.

Я стаў каля самага краю лужыны, нагнуўся і развязаў шнурок.

— Ты чаго? Чаго? — разгубіўся Сіні Нос.

Як зрабіць, каб ён падышоў бліжэй, каб спінаю да мяне стаў?

— Шнурок развязаўся, — кажу.

— З развязаным не дойдзеш?

— Не дайду.

— Нос расквасіш?

— Расквашу.

— Хутчэй завязвай.

Спяшаецца. На начальніцкае крэсла карціць ускарабкацца. У лужыне табе сядзець, а не ў начальніцкім крэсле.

Я завязаў шнурок, пасля развязаў. Зноў завязваю, крэкчучы.

— Чаго крэкчаш? — не стрываў Сіні Нос.

— Бо крэкчацца.

— Рукі ў цябе, як граблі.— Сіні Нос падышоў бліжэй.

— Пан стражнік, — паклікаў Пятрусь.

Сіні Нос павярнуўся, і ў гэты момант, як я здагадаўся, Пятрусь штосілы штурхнуў яго, бо ён, перакуліўшыся праз маю спіну, упаў у лужыну. Лужына, відаць, была глыбокая, бо з галавою схаваўся.

Пятрусь схапіў за руку Саўку.

— Бяжым. А ён стаіць.

— Куды ж падзенемся?

— Бяжым! — Пятрусь сілком пацягнуў яго за сабою.

Мы заскочылі на нечый падворак, перабеглі праз агарод.

— Дапамажыце-е!.. Лавіце-е!.. — пачулі мы, як закрычаў Сіні Нос.

Хваробу зловіш. Не для таго ўцякаем. Не з тваім ротам мышэй лавіць.

Мы ў момант вока перабеглі праз агарод, выскачылі на луг. За лугам цямнее лес. Да яго з кіламетр.

— Болей не магу, — прамовіў Саўка.

Я заўважыў, што непадалёку стаіць гумно, накрытае саломай.

— Давайце ў гумне схаваемся, а вечарам вылезем і ў лес, — кажу.

— Прыйдзецца схавацца, — пагадзіўся Пятрусь. — Да лесу Саўка не дабяжыць. Дый з горада нас убачаць. Будуць ведаць, дзе шукаць.

Гумно, на наша шчасце, было незамкнёнае. У ім ляжала сена. Мы залезлі на самы верх. Праз дзіркі шчыта прабіваліся промні сонца, асвятлялі гумно, нібы ліхтарыкам. Пятрусь усеўся каля шчыта, пазірае ў шчыліну.

— Нядаўна ў мяне была хатка. Хоць маленькая, але свая. А цяпеў бяздомак я, — прамовіў Саўка.

Так, бяздомак. Выгналі з хаты. За што, запытацца? За тое, што літару «р» не навучыўся вымаўляць? Відаць, не. Раней жа не чапалі. Пану Бадзею стрэліла ў галаву.

Бяздомак… І мы з Петрусём бадзяемся немаведама дзе. Таксама няма прытулку. Саўку пан Бадзей схапіў, а нас — алхімік.

— Саўка, не бядуй, — сказаў я, каб суцешыць. — І ў нас не мёдам намазана.

— Адкуль вы? — запытаў Саўка.

Я, вядома, расказаў бы яму, што мы не з казкі, што адтуль, дзе добра, дзе прыгожа. Расказаў бы і пра школу, і пра аднакласнікаў. Магчыма, Саўка не паверыў бы мне, падумаў бы, што мы з таго свету, няйначай. Я расказваў бы, даказваў. Ды Пятрусь неспадзявана паведаміў:

— Сіні Нос са стражнікамі сюды спяшаецца. Я заўважыў, як збялеў Саўка.

— Хлопчыкі, хаваймася.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: