Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Ды я… я… — Саўка шмаргануў носам, не даказаў.

Я гляджу на яго, сцятага ў кулачок, і становіцца пуста на душы.

Саўка!.. Саўка!.. Мроіцца табе, што ты не тут, што на дне возера. Мроіцца, што тут цень твой. «Туп-туп», — паслухмяна тупае.

Прафілакторый, пра які я так доўга думаў, вырас нечакана, нібы прывід. Доўгая высокая сцяна, абцягнутая калючым дротам. Пасярэдзіне — жалезныя вароты, над імі — партрэт народнага цара Іванкі. У ягоных руках доўгі скрутак, на якім напісана: «Гэй! Гэй! Гэй! Сюды паўзі хутчэй».

«Гэй! Гэй! Гэй!» На смех падобна. Ці нават на дзікі рогат. Мусіць, паэт Карней пастараўся. прыдумаў. Вось каб па-іншаму напісаць: «Гэй! Гэй! Гэй! Сюды паўзі, Карней». Затросся б, калі б прачытаў.

Я думаў, што пойдзем праз вароты. Ды не. Людзі, якія перада мною, чамусьці кленчаць і кудысьці паўзуць.

Вось і Саўка ўкленчыў, папоўз. І Пятрусь укленчыў. Знік з вачэй. Куды ж яны? Няўжо пад зямлю?

— Пятру-усь! — крыкнуў я, разгубіўшыся.

— На калені. Лезь! — раўнуў стражнік.

— Што-о? — не дайшло да мяне.

— На калені! — стражнік спрытна даў падножку, і я ўпаў на зямлю.

Перада мною — жалезная труба. З трубы тырчаць чыесьці ногі. Калашыны ў гразі, абцасы крывыя, стаптаныя. На вачах схавалася адна нага, другая… Няўжо людзі лезуць у трубу?

— Ле-езь! — крык над самай галавой.

Я палез, абапіраючыся на локці. Баліць у плячы. Напэўна, выцяўся, падаючы. А ззаду пхаюць. Хутчэй, хутчэй… Наперадзе выбліснула святло. Хутчэй, хутчэй…

Я вываліўся з трубы, усхапіўся на ногі. Перада мною — вялізны шчыт. «Чарвяком прыпоўз сюды, дык пабудзеш без вады» — напісана на шчыце. І праўда, поўз чарвяком. Нездарма нашы згубіцелі так прыдумалі. Хочуць, каб мы былі чарвякамі. Не чалавек, а чарвяк. Чарвяком… А чаму ж без вады? Хіба чарвяк ваду не п'е? Дзіўна. Пра гэта зусім не ведаю… Чарвяком… Без вады… Паэт Карней склаў. Ягоны стыль адчуваецца. Сюды — без вады… Наплёў, каб у рыфму.

— Ігна-ат, — данёсся Петрусёў голас. Стаіць, рукою махае. І Саўка з ім. Саўка з таго свету.

Я падбег да іх.

Нас пастроілі ў калону і павялі да шэрых дашчаных баракаў, якія стаялі непадалёку. Ні душы вакол. Няўжо толькі мы ў гэтым прафілакторыі?

Калона павярнула да аднаго з баракаў, і ён стаў уцягваць яе ў сябе, як змяя ўцягвае ў пашчу сваю здабычу.

Я пераступіў праз парог. Пад нагамі — цэментаваная падлога, як здалося, халодная-халодная.

Паўз сцены — драўляныя нары. Людзі валяцца на іх што снапы.

— Сядайце, — паказаў на вольнае месца Саўка. Мы селі. Я прыхінуўся да сцяны. Шэры паўзмрок, быццам нябачная ліпкая павуціна, павіс над намі.

Побач храпуць людзі, выводзяць хто як можа. «Як хутка яны заснулі!» — здзівіўся я.

Раптам хлопец, які спаў непадалёку ад нас, усхапіўся і, узняўшы рукі, не сваім голасам закрычаў: «Ма-ма-а!..»

Я падскочыў. Быццам гнуткім дубцом мне па спіне паласнулі.

— Кладзіцеся спаць. П'ывыкайце. Гоа ўсяму навучыць, — сказаў Саўка, лёг на бок і адразу ж заснуў.

А мы з Петрусём доўга не маглі заснуць. У бараку нявольнікі крычалі, скрыгаталі зубамі, войкалі праз сон.

Хто хутчэй

Мне прыснілася мая вёска. Што нібыта бягу па вуліцы. Так карціць хутчэй да сваёй хаты дабегчы! А яе ўсё няма і няма. Я прыпусціўся з усіх ног. І тут каля вуха нешта як завые!

Я падскочыў. А гэтае, невядомае, усё вые, вые. Няўжо сніцца мне? Дзе я?

Сцены, нары. Каля мяне Саўка, Пятрусь. Выходзіць, у бараку я. Што ж так вые? Няўжо сто чарцей усхадзілася? Няўжо сюды і чарцей для прафілактыкі прысылаюць? Во будзе, калі сустрэнуся з чортам! Прывітаюся з хвастатым. Прывітаюся… Цьфу! Лезе ж глупства ў галаву.

— Што гэ-эта? — крыкнуў я, звяртаючыся да Саўкі.

— Сіэна! Будзяць нас.

Дома мама ласкава-ласкава просіць: «Уставай, сынок». А тут сірэну ўключаюць. Пачынаецца прафілактыка.

Гук сірэны абарваўся, сціх, быццам перарэзалі. Людзі сталі выходзіць з барака.

— Пан Катовіч т'ашчоткай будзіў, а пан Бадзей сіэнай, — прагаварыў Саўка.

— Э-эх! — уздыхнуў я.

— Бакі на нарах адмуляў? — запытаў Пятрусь.

— Горш. Душу.

— Пацярпі,— сказаў Пятрусь і звярнуўся да Саўкі: — Саўка, як ты думаеш: выцерпім?

Саўка махнуў рукою.

— Мне ўсё оўна.

— І душа не баліць?

— Адбалела.

Гэткі ж абыякавы, як і ўчора. Думае, што не на гэтым свеце. Хіба можна так?

Мы выйшлі з барака. Каля дзвярэй стаяла тачка, у якой ляжалі драўляныя міскі і лыжкі. Людзі бралі іх і ішлі далей, да вялізнага катла. Стражнік з сінім носам чэрпаў з катла нейкае варыва і наліваў у міскі тым, хто падыходзіў да яго.

Пятрусь падаў мне лыжку і міску. Я ўзяў і пасунуўся да катла. Сіні Нос (так у думках я назваў стражніка) наліваў варыва, нібы медалі на грудзі вешаў. Дый нявольнікі стаялі перад ім, быццам чакаючы ўзнагароды, выцягнуўшыся ў струнку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: