Шрифт:
Вось ужо сапраўды страціў Алег усякую рэальную меру. Так і хочацца ска- заць: “Veni, vidi, vici”, каб не горкі для яго вынік у Белакаменай. Вядома, такога “дабра” ад таго “худа” не будзе, як марыць Алег. Але ж дзякуй яму і за тое, што ён зрабіў. Кожны змагаецца даступнымі яму сродкамі.
Апроч гэтай манілаўшчыны, Алег яшчэ і ўнёс прапанову: пры усіх творчых саюзах, таварыствах, аб’яднаннях, фондах “пры ўдзеле Аддзелу культуры ЦК КПСС (ха-ха-ха!
– М. Д.) і Міністэрства культуры (!?) стварыць Камітэт гуманітарнага кантролю (??) у якасці вярхоўнага арбітра ў вырашэнні “гуманітарных канфліктаў”...
7 студзеня 1987 году. Яшчэ некалькі словаў пра ўчарашні Алегаў візіт. Як звычайна, ён пакінуў некалькі сваіх новых твораў:
1. “Перастройка душы і розуму. Слугам народаў - да праблемы новага палітычнага і гуманітарнага мысленьня”.
2. “Жыцьцё (Рэха Саламона і Дастаеўскага)”. Нешта накшталт навагодняга віншавання.
3. “Малітва аб адраджэнні Бацькаўшчыны.
У бязьверснасьці амярцьвелай,
Хрысьце, доля наша сплыла
дай нам немачы - Русі Белай - сьвечкай быць Твайго Сьвятла.”
4. “Грэх.
Хай зафыркаюць фарысеі!..
Не забойся душу загубіць,
Цераз літару пераступіць - Калі грэх твой ільдзінку сагрэе.”
“Малітва...” напісалася, як выказаўся Алег, вось у гэты побыт у Маскве, але ж у загорскіх мурох (ён не мог не паехаць пакланіцца ім).
“Грэх” - гэта радкі з вершу, што быў некалі надрукаваны ў “ЛіМе”. У апошнім радку пры друкаванні Алесь Жук слова “ільдзінку” памяняў на “душу”. Так, сказаў, будзе больш зразумела чытачу.
Гэтым казусам Алег хацеў супакоіць Галю з няпрошанай чужой “праўкаю” яе верша. Кажа, куплю кнігу і папрашу, каб Галя сваёй рукою выправіла назад. “Так, дарэчы, я рабіў са сваімі “душой”-“ільдзінкай”, - кажа Алег, - так мне неяк, і не толькі мне Пімен Панчанка ледзь не нанава ў сваёй новай кнізе перапісаў сапсаваны ў цэнзуры верш пра родную мову.
А Галя так і не дакранулася больш да кнігі сваіх дэбютаў...
9 студзеня 1987 году. Нібы працягам папярэдняга запісу ўспрымаецца мне сённяшні “ЛіМ”. На другой яго старонцы традыцыйна пачэснае месца дробнай інфармацыі (?) займаюць вершы Пімена Панчанкі з ягоным сезонна актуальным партрэтам. Кінуўся ў вочы верш “Беларуская мова”. Твор з тых самых, што яшчэ ўчора цэнзура бязлітасна прэпаравала, выкідала, ампутавала.
Апяваючы гэту “старажытнейшую, самую славянскую. вобразную, вольную, пявучую” мову, аўтар з крывавым болем выкрывае тых, хто “адракаецца цяпер” ад яе. “Пакаленнем прагавітых халуёў” называе дзядзька Пімен такіх людзей. Паэт бескампрамісны ў сваёй нянавісці да сённяшніх “вялікадзяржаўнікаў, што разбэшчваюць вялікі [...] народ хлуснёй, лянотай, крадзяжом, што пасылаюць дзяцей у школы з іншай моваю”.
“Я хацеў, нашчадкі, вас праклясці,
Ды люблю сваю зямлю... і не магу”
Так завяршае народны паэт, паэт-патрыёт свой гнеўны зварот да “пакалення халуёў”, выхаванага пануючымі абставінамі.
У Панчанкаўскім творы ёсць глыбокія і нечаканыя падтэксты. І шмат іх тут! Перш за ўсё варта адзначыць два.
Шматзначным, на маю думку, з’яўляецца апошняе двухрадкоўе. Адно з гэтых значэнняў: аўтар не пракляў пакаленне адшчапенцаў, але ж і не дараваў яму здрады ягонай; ён яшчэ, адчуваем, спадзяецца, што яно выправіцца. Ну, дай Бог! А калі гэтая апошняя надзея не спраўдзіцца? Тады, як вынікае з іншага, хоць здавалася б, глыбока зашыфраванага, але ж усё-такі зыркім вокам бачнага, - вайна. Вайна супраць “сваіх” падонкаў! Вайна супраць іх натхніцеляў!
Гэты драматычна рашучы сродак, выказаны ў двух нягучных нібыта, апавя- дальных радках аўтар прыхаваў у самой сярэдзіне свайго вершу, зрабіўшы якраз іх такім чынам сэрцам свайго забалелага паэтычнага “я”.
Паглядзім уважліва на гэтыя радкі:
Пра народ мой церпялівы, працавіты Помняць партызанскія лясы.
Паспрабуй зняць з гэтых радкоў сэнс, магчыма, вымушанага абвяшчэння апош- няй вайны за родную мову і яны зусім не патрэбныя ў кантэксце твору. Не за- будзем і пра сімвалічнае шматкроп’е, што ўспрымаецца тут як сотня клічнікаў!
Калі ўжо казаць пра гэты “ЛіМ”, дык тут і на першай старонцы не палас- ны фотаздымак, як заўсёды, а дыялог Васіля Быкава з чытачамі, які адбыўся напярэдадні новага году ў галоўнай рэспубліканскай бібліятэцы.
Сярод іншых пытанняў В. Быкаў атрымаў і такое: “У чым прычына, што беларуская літаратура дрэнна чытаецца?”
– У гэтым шмат хто вінаваты, - кажа пісьменнік.
– Прычынаў тут многа, прычынаў рознага характару. Тут і аб’ектыўныя прычыны, якія выкліканыя не- дальнабачнай палітыкай з боку кіраўніцтва, прычыны, якія ўзніклі самі па сабе, спантанна ў выніку пэўных адносінаў шырокіх народных мас да свае культуры. Прычыны таксама ў пэўнай частцы інтэлігенцыі, якая мяркуе, што значна падыме свой культурны ўзровень, калі адмовіцца ад нацыянальнай спадчыны. Але адмова ад спадчыны, ад каранёў ніколі і нікому не прыносіла карысці. Я ўжо не кажу пра маральны аспект гэтай з’явы.
В. Быкаў прызнаў віну і за пісьменнікамі, якія ў апошнія дзесяцігоддзі не далі сапраўдных твораў: “Мы ўсё ілюстравалі, падхоплівалі “пачыны” і пляскалі ў ладкі там, дзе трэба было цвяроза азірнуцца і ацаніць па вартасці шмат якія праблемы.”
У гэтым нумары ёсць таксама варты ўвагі рэпартаж з V з’езду Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Даўно вядома, што на Беларусі з помнікамі гісторыі размаўляюць з дапамогаю ўзрыўчаткі. Калі ўжо сорамна стала ад усяго свету, пачалі нібыта варушыцца: браць на ўлік тое, што самі ж не паспелі разбурыць. У канцы 1970-х гадоў было выраблена каля 2 тысячаў ахоўных знакаў коштам да 90 тысячаў рублёў. І што ж? Дагэтуль палова іх не прымацавана да аб’ектаў, значная частка наогул загінула. Гэта так з элементарнай арганізацыяй аховы. Ну і як захоўваюцца каштоўныя помнікі народу? Калі ласка: