Шрифт:
Георгій (Загародні, адказны сакратар СЖ БССР - рэд.) спецыяльна прасіў, каб я прыйшоў, бо чакаецца, як ён сказаў, кворумны крызіс. Пленум гэты патрэбен быў больш Савелію Паўлаву, чым справе: “перавыбраць” старшыню праўлення. “Перавыбралі”. Замест Аркадзя Тоўсціка - Івана Макаловіча. Апошні змяніў нядаўна першага і ў крэсле рэдактара газеты “Звязда”. А ў Маскве ж узначальвае Саюз журналістаў рэдактар “Правды”. Значыць, паводле савецкага капылу і ў Мінску павінна быць гэтак.
Пасля свайго “выбрання” новы старшыня пайшоў на трыбуну і прачытаў тэзісы справаздачнага дакладу чарговаму з’езду. Чым не ілюстрацыя савецкай дэмакратыі? Дакладчык-старшыня падрыхтаваў гэтыя разгорнутыя тэзісы яшчэ і не будучы ні старшынёю, ні дакладчыкам. Якая ўпэўненасць у партыйных функцыянераў, што іх форма дэмакратыі безадказная!
Тэзісы зачытваў I. Макаловіч па-руску. Значыць, і даклад на з’ездзе беларускіх журналістаў загучыць праз тыдзень па-руску. Гэта таксама факт для той “прымірэнчай” камісіі. Але ж яна такімі матэрыяламі і не цікавілася. Тое, што яна назбірала тут для сваёй інстанцыі, было старанна адрэдагавана. Кажуць, што даведка “камісіі” тройчы перадрукоўвалася ў ЦК КПБ пасля паўлаўскай, канчатковай, рэдакцыі (!).
31 студзеня 1987 году. На журналісцкі з’езд патраціў з дарогаю туды і назад усяго каля трох гадзінаў. Прысутнічаў у якасці вольнага слухача толькі да першага перапынку. Сапраўды панавала там руская мова. На ёй, збіваючыся часам на беларускую, чытаў I. Макаловіч цэлую гадзіну “свой” даклад. З вельмі моцным беларускім акцэнтам прачытаў па-руску З. Бяспалы даклад рэвізійнай камісіі. Рускае “средства”, напрыклад, у яго вымаўленні прагучала як “срацтва”.
Пасяджэнне вёў Зінін на адзінай даступнай яму мове - рускай. Пераваж- ная большасць прамоваў - таксам на гэтай мове. Не здрадзіў гэтай чужой нам традыцыі і сакратар ЦК КПБ “беларус” Барташэвіч. Усё гэта, адчуваецца, рэжысура Паўлава. Дакладчык сам наўрад ці дадумаўся б зрабіць выпад у адрас “ЛіМа”
і яго рэдактара Анатоля Вярцінскага. На ўсе сто працэнтаў я ўпэўнены, што гэта Паўлаў упісаў у даклад сваю “думку”, што “А. Вярцінскі дапусціў у “ЛіМе” аднабаковую дыскусію па мове, у рамках якой публікуюцца розныя няспелыя матэрыялы. У перадапошнім нумары, напрыклад, быў змешчаны артыкул Л. Та- расюк, у якім яна груба сказіла ленінскія палажэнні аб нацыянальным пытанні і нацыянальных мовах”.
Гэта ўсе зразумелі як паўлаўскі вокрык “спыніць дыскусію”! “Карыстайцеся мовай інтэрнацыянальных зносінаў”! Люба Тарасюк, дарэчы, нефальшавала “ленінскія палажэнні”, яна іх добрасумленна выпісала з “першакрыніцаў” і ўзяла ў двухкоссе.
Дурні-дурні, не чакайце ніякай адлігі! Жывіце сабе чужынцамі на сваёй Бацькаўшчыне! Прынамсі, пакуль будзе доўжыцца панаванне паўлавых!
2 лютага 1987 году. У кабінеце С. Андраюка сёння мне прэзентавалі сігнальны экземпляр “Кола дзён’87” - як яго заснавальніку. Раіса Хмялеўская так і сказала галоўнаму: “Аддавайце гэты сігнал Міхаілу Фёдаравічу. Гэта ж яго дзецішча”.
Не аспрэчваю. Маё! Я доўга марыў пра беларускі каляндар, пакуль не атрымаў разам з дырэктарскай пасадаю і магчымасць рэалізаваць гэтую сваю мару. Любая Вера Сямёнаўна, хоць ведала пра неймаверныя цяжкасці, што яе чакаюць з гэтым выданнем, усё-такі, з задавальненнем, узяла яго ў план сваёй рэдакцыі. Вельмі хутка знайшліся і энтузіясты-складальнікі. Адзін з іх - Міхась Чарняўскі - якраз быў у рэдакцыі крытыкі і літаратуразнаўства, калі я выказваў Веры Палтаран і ўсім прысутным у яе свой боль з прычыны адсутнасці ў нас нацыянальнага ка- лендара. Адразу там мы і дамовіліся, што Міхась складальніцкі клопат возьме на сябе. Ён пасля “прыцягнуў” да справы яшчэ і іншых выдатных беларусазнаўцаў
– Івана Саламевіча і Генадзя Каханоўскага. У першага з іх беларускія календары нават з’яўляюцца адным з хобі.
Мы ведалі, што універсальны каляндар нам не дазволяць рабіць, скажуць: “не ваш профіль!” Таму адразу мы і абмежавалі яго рамкамі падзеяў літаратурна- мастацкіх. Паказалі гэта і ў яго назве: “Кола дзён. Беларускі літаратурна-мастацкі каляндар.”
I вось ён, доўгачаканы, у маіх руках! Я цешуся ім, аднак, і добра бачу яго недахопы і заганы. А яны ад яго падцэнзурнасці. На календарных старонках не дазволілі нават успомніць пра Алеся Гаруна, чыё стагоддзе споўніцца 11 сакавіка. Паводле ўмоваў падцэнзурнасці мы вымушаныя былі сваё нацыянальнае, агуль- началавечае раствараць ва ўсякай бязглуздзіцы.
Баюся, што і такі каляндар хутка заглухне. Мне ўжо сёння рэдакцыя скардзілася, што ёй не падсілу цягнуць гэтае выданне, патрэбна, маўляў, спецыяльная рэдакцыя толькі каляндара ці каляндароў. З выхадам на пенсію Веры Палтаран яны там сапраўды могуць адмовіцца ад яго. Вось табе і нацыянальныя інтарэсы! Толькі намаганнямі энтузіястаў-патрыётаў можна нешта “выбіваць” для сваёй культуры. А хіба нельга паставіць гэта на дзяржаўную аснову?!
9 лютага 1987 году. Мікола Купава напісаў ліст “ЦК КПБ, МГК КПБ, Саюзу мастакоў БССР, Дзяржкамвыду БССР, Выдавецтву “Юнацтва”.
У ім ён абараняе афіцыйна асуджанае яго афармленне дзіцячай кніжкі “Сіняя світа налева пашыта” (бел. дзіцячая казка), якую выпусціла “Юнацтва”.
Змест абвінавачвання: быццам бы Мікола намаляваў там “нацыянальныя сцягі”. Такім менавіта чынам да яго ўжо не раз прыдзіраліся.
Напрыклад, праводзілася “разбіральніцтва” яго афармлення кнігі Л. Мірачыцка- га “Беларуска-чэхаславацкія культурныя сувязі” (Выдавецтва “Навука і тэхніка”). Там, у застаўцы да гістарычнага раздзелу пра сувязі ў старажытныя часы, мастак выкарыстаў гістарычныя герб Чэхіі, Славакіі і Вялікага Княства Літоўскага. Тады Мікола як мог даводзіў сваім “апанентам”, што з “Пагоняю” беларускі народ жыў на працягу стагоддзяў, што перамаляваў ён яго са “Статуту Вялікага Княства Літоўскага”, выдадзенага ў 1588 г., што паводле Густынскага летапісу 1278 г.“Пагоня” тлумачыцца так: “...человек на кони з мечом, а то знаменуючы через той герб пана дорослого, хто мог бы боронити мечом отчизны своее”.