Шрифт:
— Памятаю, — адказаў Вініць.
— Бачыў я яго дзень перад маім арыштам. Пабагаславіў мяне й сказаў, што прыйдзе ў амфітэатр перажагнаць паміраючых. Хацеў бы я на яго глядзець падчас смерці, дык калі ведаеш, спадару, дзе ён сядзіць, дык скажы мне.
Вініць прыцішыў голас і кажа: — Ёсць ён між Пятроніевымі людзьмі, перабраны за нявольніка. Не ведаю, дзе выбралі мейсца, але вярнуся ў цырк і пагляджу. Ты глядзі на мяне, як выйдзеце на арэну, а я ўстану і звярну голаў у ягоны бок. Тагды знойдзеш яго вачыма.
— Дзякуй табе, спадару, і pax табе!
— Хай табе Збаўца будзе міласцівы!
— Аман.
Вініць выйшаў з кунікулюма і пайшоў у амфітэатр, дзе меў мейсца вобак Пятронія, сярод іншых аўгустыянаў.
— Ёсць? — спытаў яго Пятроні.
— Няма. Засталася ў вязніцы.
— Слухай, што мне прыйшло на думку, але, слухаючы, глядзі, напрыклад, на Нігідыю, каб выглядала, што мы гутарым пра ейныя лёкі… Тыгэлін і Хілон у гэнай хвіліне пазіраюць на нас… дык слухай: хай Лігію ноччу ўложаць у труну ды вынясуць з вязніцы, як мёртвую, астатняе ты ж здагадаешся.
— Так, — адказаў Вініць.
Далейшую гутарку перарваў ім Тулій Сэнэцыё, які, нахіліўшыся да іх, кажа: — Не ведаеце, ці хрысціянам дадуць зброю?
— Не ведаем, — адказаў Пятроні.
— Па мне б лепей, каб далі, — кажа Тулій, — інакш арэна хутка станецца падобнай да ятак пры разніцы… Але што за пышны амфітэатр!
І сапраўды, выгляд быў велічэзны. Ніжэйшыя ложы, набітыя тогамі, бялелі, бы снег. У пазалочаным подыюме сядзеў цэзар з дыяментавым нашыйнікам і залатым вянком на галаве, побач з ім прыгожая й пасумная аўгуста, а з абодвух бакоў вясталкі, высокія ўрадаўцы, сенатары, вайсковыя старшыны з блішчастаю зброяй, адным словам, усё, што было ў Рыме магутнае, статнае, багатае. У далейшых шэрагах сядзелі рыцары, а вышэй чарнела наўкола мора людскіх галоў, над якімі ад слупа да слупа звісалі вянкі ружаў, лілеяў, сасанак, бярвенцу і вінаграду.
Народ гутарыў уголас, пераклікаўся, пяяў, часамі выбухаў рогатам з якога камічнага слова, перадаванага з шэрагу ў шэраг, і барабаніў нагамі з нецярплівасці, каб прыспешыць відовішча.
Урэшце тупанне нагамі пачало грымець громам, не ўціхаючы. Тады прэфект, які перад тым ужо быў аб’ехаў з важнаю сваёю світаю арэну, даў хусткаю знак, на які ў амфітэатры адказала агульнае «Аааа!..» з тысячаў грудзей.
Абыдна відовішча распачынана паляваннем на дзікага звера, у якім вызначаліся барбары з Поўначы й Поўдня; гэным разам, аднак, звяры мелі выступіць у іншай ролі, а распачалі так званыя андабаты, гэта знача людзі ў шаломах без атворышч на вочы, якія біліся навослеп. Колькінаццаць іх, выйшаўшы разам на арэну, пачало махаць у паветры мячамі, а мастыгофоры даўгімі віламі папіхвалі аднаго да другога, каб звесці да бойкі. Больш бывалая і выбрэдная публіка нудзілася гэтым відовішчам, а народ пацяшаўся няздарнымі рухамі байцоў, а калі здаралася так, што спатыкаліся яны плячыма, гром смеху разлягаўся па ўсім амфітэатры, і чутны былі крыкі: «Управа! Навотлеў! Наўпрост!», каб наўмысна змыліць праціўнікаў. Некалькі пар счапілася, аднак, і барацьба пачынала крывавіцца. Больш заўзятыя змагары кідалі шчыты і, падаючы адзін аднаму левыя рукі, каб не разлучацца болей, правымі секліся назабой. Хто падаў пераможаны, падымаў пальцы ўгару, молячы тым знакам літасці, але на пачатку відовішча народ абыдна дамагаўся смерці раненых, злашча для андабатаў, не пазнаных, з тварам закрытым. Змагароў рабілася паволі штораз менш, і як урэшце засталося двух толькі, папіхалі іх аднаго да другога так, што тыя, спаткаўшыся, падалі на пясок абодва і пранізваліся ўзаемна. Тады публіка грымела: «Реractum est!» [76] Прыслужнікі збіралі трупы, хлапчанята разграбалі скрываўлены пясок на арэне ды пасыпалі яго лісткамі шафрану.
76
«Даканана!» (лац.) (заўвага аўтара).
Цяпер мелася пачацца найважнейшая барацьба, якая зацікаўляла не толькі чэрнь, але й смакуноў, падчас якое маладыя патрыцыі часта закладаліся й прайгравалі вялікія сумы. Перадавалі з рук у рукі таблічкі, на якіх выпісвалі імёны ўлюбенцаў і лічбу стаўкі на іх. Спектаты, гэта знача змагары, якія не першы раз выступалі на арэне і хадзілі ўжо ў лаўрах славы дагэтуляшняй, мелі прыхільнікаў найбольш, але між закладчыкамі былі й такія, якія ставілі вялікія сумы на гладыятараў новых і цалкам нязнаных, спадзеючыся ў выпадку іхняй перамогі загарнуць велізарныя выйгрышы. Закладаўся сам цэзар, і святары, і вясталкі, і сенатары, і рыцары, і народ. Голь, не маючая грошай, стаўляла часта ў заклад сваю вольнасць. Ды чакалі з неспакойным, а нат трывожным сэрцам; а не адзін прыракаўся голасна багом, каб прыхіліць іхнюю помач для свайго ўлюбенага.
Нараз адзываюцца зычныя трубы, у амфітэатры залягае цішыня. Тысячы вачэй бяжыць да вялікіх дзвярэй, куды падыходзіць чалавек, апрануты за Харона, і сярод агульнага маўчання стукае тры разы молатам у дзверы, як бы выклікаючы на смерць тых, што за імі стаяць. Адчыняюцца спавагу абедзьве поспал паловы брамаў, аказваючы цёмную шчалюгу, з якое пачынаюць выступаць на ясную арэну гладыятары. Ідуць аддзеламі па дваццаць пяць чалавек, асобна тракі, асобна мірмілоны, самніты, галы, усе цяжка ўзброеныя, а напаследак рэтыярыі, трымаючыя ў адной руцэ сець, а ў другой — трызуб. Тут і там зрываюцца ў глядзельні вокляскі, выклікаючыя адну велізарную працяглую буру. Ад гары да самага нізу відаць раз’іскраныя вочы, пляскаючыя далоні, крычачыя вусны. Гладыятары акружылі арэну роўным пругкім крокам, палыскуючы багатай зброяй, і затрымаліся перад цэзаравым подыюмам, годныя, спакойныя і статныя. Трымклівы сігнал рогу прыцішае вокляскі, змагары выцягаюць угару правыя рукі і, падымаючы галовы й вочы на цэзара, вітаюць працяжнымі галасамі:
Ave caesar imperator! Morituri te salutant!І хутка разыходзяцца, займаючы свае постані ў коле арэны. Меліся ўдарыцца цэлымі аддзеламі, але перш дазволена слаўнейшым байцом пабарукацца асобнымі парамі, бо ў змаганні іхнім найлепш паказвалася сіла, зручнасць і адвага. Незабаўна спаміж галаў выступае баец, ведамы ўсім пад імем
Ланьён, што знача «Разнік», слаўны пераможнік, з вялікім шаломам на галаве і панцырам, апінаючым спераду й ззаду ягоны магутны торс, выглядаў, бы вялізны блішчасты жук на жоўтым пяску арэны. Не менш слаўны рэтыярыюс Календыё выступіў супраць яго. Глядзельнікі пачалі закладацца: — Пяцьсот сэстэрцый за галам!
— Пяцьсот за Календыем!
— На Геркулеса! Тысячу!
— Дзве тысячы!
Тым часам гал, дайшоўшы да сярэдзіны арэны, пачаў зноў падавацца назад з настаўленым мячом і, зніжаючы голаў, уважна цікаваў праз атворышчы ў прылбіцы на праціўніка, а лёгкі статны рэтыярыюс, зусім голы, толькі з перапаскаю ў паясніцы, кружынеў прытка ля цяжкага ворага, лоўка махаючы сеццю, нахіляючы або падымаючы трызубец ды пеючы абыдную песню сетнікаў: Non te peto, piscem peto, Quid me fugis, Gallo?.. Але гал не ўцякаў, бо зараз затрымаўся і пачаў абяртацца ледзь прыкметным рухам так, каб заўсёды мець спераду праціўніка. Глядзельнікі кемілі дасканальна, што гэны цяжкі, закаваны ў медзь асілак рыхтуецца да рашучага нечаканага скоку. Сетнік, прымеж таго, то прыскокваў, то адскокваў, робячы сваім трызубам так прыткія рухі, што ледзь было льго іх зацеміць. Дзынк зубоў аб шчыт данёсся некалькі разоў, але гал ані крануўся з мейсца, даючы гэным доказ надзвычайнае свае сілы. Уся ўвага ягоная звярталася не на трызуб, а на сетку, якая безустанку лётала над ягонай галавою, бы шуляк злавесны. Прысутныя, затрымаўшы ў грудзях дыханне, сачылі знатоцкую йгру гладыятараў. Ланьён, падабраўшы момант, рынуўся ўрэшце на суперніка, а той з такою ж хуткасцю выкруціўся з-пад ягонага мяча й паднятае рукі ды, выпраставаўшыся, кінуў сеткай.