Вход/Регистрация
Паэзія розных гадоў
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Бывай!

Хтось бязвіннай крывёю заліў зару І стагі заінелыя лоз. Мой цягнік пакідае цябе, Беларусь, - Твой сівер і твой мароз. Я шчаслівы, што знікну з гэтых палёў, З гэтых пушчаў і берагоў. Хай яны дранцвеюць, закутыя ў лёд, Калі так ужо любяць яго. О, даволі! Намерзся! Пусці з сябе Ў мора добрае, ў іншы край... Я ні ў чым, ні ў чым не віню цябе. Калі можаш - даруй і бывай. 

"Зацвiтае дрэва Iудзiна..."

Зацвітае дрэва Іудзіна, Горы ў весняй, цёплай журбе... Ну куды ж уцячы мне, людзі, Ад кахання, ад дум, ад сябе?! Не купляў я зямлі гаршчэчніка, І нікога ў жыцці не прадаў, - Што ж ты помсціш мне, чалавечнасць, Што ж ты, лёс, мне нічога не даў? Так, нічога ў жыцці не зроблена, Так, пражыты нікчомны век, Так, і словы і справы дробныя, - Але ж хоча святла чалавек, Гімнаў тых, што няма і не будзе... Рук дзіцячых і словаў яе... Цяжка, людзі. Нясцерпна, людзі. Сонца здрадзіць. Шчасце заб'е. Хутка сорак і хутка восень... Ўжо адна толькі прага пячэ, Каб скаціліся цёплыя росы - Хай на крыж мой з людскіх вачэй. І малю я вышэйшаю верай - Ўздайце мне дабрынёю ці злом Не за тое, што на паперы, А за тое, што ў думках было. Мы бываем невінаватыя, Што звінім, як струны лазы, Што вісяць нашы рукі клятыя, Што маўчыць наш слабы язык. Ўздайце мне. Хай, што будзе - будзе. Нельга больш захлынацца ў крыві Пад праклятым дрэвам Іудзіным Без нянавісці і любві. 

Вершы не дапамаглi

Вецер кнігу на акне чытае; Скучыў і старонкі стаў лічыць. Верш засыпаў бэзам адквітаючым, Што стаіць у сінім гарлачы. Бы сказаў: "Куды ты, братка, лезеш Са сваім каханнем і тугой? Іх не параўнаць з цвіценнем бэзу, З кветкамі вільготнымі яго". І каханая на падваконні, Сціснуўшы сукенку паміж пят, З-пад прасвечанай глядзіць далоні На нясмелы лёт галубянят. 

Май

Парасон і плашч між сабою гамоняць І ідуць тратуарамі ўніз галавой, А пад імі, як хмары, дрэвы зялёныя, Ўспышкі кропляў, маланкі, дамы і балконы... Ўвесь амыты, - як вабяць кветак далоні!
–
Плашч прыпаў да ружовага парасона, Нібы чмель, што ўпяўся ў ружовы павой.

"Месяц над садам, ад квецені белым..."

Месяц над садам, ад квецені белым. Месяц - вялізны. Сад - анямелы... Белыя прывіды дрэў у тумане, Вочы кахання, голас кахання. Вусны кахання. Што ж ты ўцякаеш, мая адзіная, - Яснае сонца ад месяца сіняга?! Хіліцца ў месяца іскрах галоўка... Звоніць салоўка, смяецца салоўка, Плача салоўка. Кветкі рассоўваю й шэптам гукаю, Ты паддаешся, і ты адступаеш. У цёплым блакіце, ў пяшчотным лёдзе Белыя вішні ў туман адыходзяць, У ноч адыходзяць, У сон адыходзяць, Ціха ў любоў адыходзяць.

Армянскi матыў

– Матухна, глянь, на галіны змярцвелыя Селі ружовыя матылі! – Не, мая дзетка, то яблыні белыя І абрыкосы ўначы расцвілі. – Матухна,  глянь.  Гэткі цукар чысты Там, на блакіце і срэбры гарыць! – Не, гэта летняе сонца агністае Вочы сляпіць на Святой Гары. – Матухна, глянь, як сплываюць крывёю Волаты ў скалах, і ў барвах трава! – Не, гэта проста халоднай рукою Вецер лістоту з чынараў сарваў. – Матухна, глянь, гэта ластаўкі белыя Зверху імкнуцца й спадаюць у сне. – Не, мая дзетка, то з неба знямелага Падае, падае, падае снег. 

На вулiцы Дэшчовай

Здзіславу Нядзелю

На вуліцы Дэшчовай - слата і шэрань, І вокны, - як з неба, - гараць уначы. І я не зведаў, нашто мая вера, Нашто жыццё я стаўлю на шчыт?! Нашто шукаю ў душы маёй - Слова?! Праўда - нашто? І бой мой - нашто? Нашто Касцюшкі капец над Дэшчовай Так марна гарыць між цяпліц і платоў?! Мэта, напэўна, і ёсць, і будзе, І Вера, і Праўда, і Слова ёсць... Вярнулі б вы толькі мне, добрыя Людзі, Любоў да ўсяго і маю маладосць. К нам прыходзяць... І гінуць у скрусе... Калі нават іх цёплай рукою бяру... О божа, даруй маёй Беларусі! І Польшчы! І ўсім на свеце... Даруй. 

Дом сябра

Маленькі астравок маёй зямлі - Зялёны Астравец над срэбнай Лошай, Такі прытульны і такі харошы, Як сонца, бор і родныя палі. Дом друга. Не, дом тысячы сяброў. Не ведаю, што можа звацца раем? Хіба мароз і піва ў Гудагаі, І галасы далёкіх цягнікоў? Маё другое сэрца. Год пяцьсот Адлічваеш ты мне гады на свеце, І кожны дзень аблокі, верас, вецер, І сонца неўміручага ўзыход. І твой святы і светлы чалавек, Твой дым, і крыж магутны Аняліна, Твой лубін залаты, твой лес на ўзгорках сініх, І стронгі ў крышталі маленькіх рэк. Сто тысяч год няхай вакол шумяць палі, Сто тысяч год няхай вакол гудуць дубровы, Пакуль гучыць вакол святая наша мова, Пакуль ёсць беларусы на Зямлі. 
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: