Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Янка. Вось. Мы ў дзве. Спарней.
Стражнікі, ураднік і Стафан пайшлі.
Стафан. Бывай, Янка!
Янка. Бывай, першапакутнік. Так, пайсці. Імя змяніць нават. Каб нічога ад шляхты, нічога ад мяшчан, нічога ад раба. Першамучанік Стафан, народжаны на каляды. А я – Янук. Народжаны на купалле, Купала. Ян Купала.
Маці выносіць торбу.
Маці. Вось. Бацька кінуў. Дзве дачкі. Сын. Цяпер ты.
Янка. Ну, калі застануся. Памром – скажуць: здохла яшчэ некалькі бедных.
Маці. Яны памерлі.
Янка. Вось за тое, што ты адна, я і іду. Пер’е з іх яшчэ паляціць, такога ворага яны сабе прыдбалі са сваімі паночкамі ды гаспадамі суддзямі.
Маці. Лёс не блаславіць цябе, што кідаеш зямлю.
Янка. Я кідаю, каб прыйсці да яе. Я іду да гэтай зямлі.
Маці. Чаго?
Янка. Сплочваць доўг.
Маці. Не было ў нас даўгоў.
Янка. Нязмерныя нашыя даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць.
Голас здалёк:
Паймі! Пачуй! Сон наш і свой стрывожы, – Закон і суд свой праведны пашлі!.. Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа, Калі ты цар і неба, і зямлі!Нічога, я не буду ад адчаю, што вы не даецеся мне, біцца галавою аб вугал хаты. Я вас калісьці ўлаўлю, радкі! Я схаплю цябе, Голас. Рана ці позна. Сёння ці заўтра. Ніколі не позна аддаць доўг.
Маці. Што ты? Загаворваешся?
Янка. Пажадай мне ўсім сэрцам... міру маёй ярасці супраць гэтай зямлі... Зямлі паноў і рабоў. Міру майму лютаму ўтрапенню.
Маці. Яно пройдзе.
Янка. Хіба з маёй смерцю. А калі раней – гэта будзе значыць, што ўсё дарэмна. Бывай, маці.
Схіляецца і цалуе ёй руку. На імгненне ўсё цямнее, а пасля ў далёкім зарыве з’яўляюцца сілуэты чатырох чараўніц.
Трэцяя. Ён пайшоў. Тысячы перашкод.
Першая. Ён пераможа, раз вырашыў ісці да канца.
Чацвёртая. Вы ведаеце, ш т о я пастаўлю на ягоным шляху? Працу чорнага вала.
Другая. Здужае. Нездарма ён герба Навіна. Ён новы. I новае прынясе на зямлю беларускую. I там ужо ніхто не асмеліцца, не прыкрываючыся хлуснёй, назваць чалавека рабом.
Чацвёртая. Ён адмовіўся ад герба. Ён мужык.
Першая. Вечны мужык. Усе вымруць і пойдуць. Але застанецца чалавек, у далоні якога хлеб.
Трэцяя. I песня.
Першая. Песня і хлеб.
Чацвёртая. А я ўздыму “уголовное уложение статью сто двадцать девятую “О смуте”. За першую ж кніжку: “сочинения, возбуждающие учинению бунтовщического или изменнического деяния... к неповиновению или противодействию закону”. А гэта тры гады ў ісправіцельным доме ці восем год катаргі.
Першая. Я прыбяру гэты камень з яго дарогі.
Чацвёртая. Што толку ў яго пакутах, калі нават сын Чаховіча Вітальд, аддаючы зямлю ў арэнду, будзе браць слова, што шаракі не будуць чытаць і выпісваць “Нашай нівы”?
Трэцяя. А ён скажа: “I гэта сын ідэйнага бацькі”.
Чацвёртая. I судзіць яго будуць.
Другая. А ён будзе над імі вышэйшым судом.
Чацвёртая. I хлусіць на яго будуць.
Першая. А ён адкажа ім мячом праўды.
Чацвёртая. На яго будуць узводзіць паклёп і ворагі і “сябры”.
Першая. Ён будзе над светам, а імя тых забудуць людзі на зямлі. Хіба што каб судзіць або пляваць на іхнюю магілу.
Чацвёртая. I будуць войны.
Трэцяя. А ён скажа: “У мор намруцца, а ў вайну налгуцца”.
Чацвёртая, Часам ён, магчыма, і не вытрымае.
Першая. Народ запомніць яго такім, як зараз. Ён любіць багоў, калі знойдзе ў іх чалавечае.