Вход/Регистрация
Калыска чатырох чараўніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Янка (дастаючы з пляцака). Далёка стала да вас. Кідае нас лёс туды-сюды... Тут вось... шынкі кавалак... сыр... яшчэ сёе-тое. (Чаховіч хвіліну сядзіць моўчкі. У яго дрыжаць рукі. Пасля ўстае, моўчкі здымае са спіртоўкі кафейнік, дастае з шафы бутэльку і кілішкі.)

Чаховіч (глуха). Дзякуй. Акрамя некаторых, самых бедных, адзін ты быў у мяне. Я думаў, так і не аддзячу, не пачую цябе. Тым больш, збіраюся ў Вільню, паміраць. Цяпер можна.

Янка. Ды што адбылося?

Чаховіч. Анэля памерла. Царства ёй нямецкае. Гэта значыць лютэранскае. Цяпер аконама – вон, арандатараў – на месцы свае. Плату арэндную – знізіць. Прынамсі, пакуль я жывы. Шкада, што не ты мой сын. Гэтыя мае парасткі.

Янка. I вам не...

Чаховіч. Хочаш спытаць, ці не шкадую? Шкадую. Той шкадую, з якой ажаніўся, калі ўсе – і мы – чакалі паўстання і нашай перамогі. У-у, якая гэта дзяўчына была! Адданая ўся... як сонца аддадзена зямлі. Як я – ёй... Сцеражыся слабасці, сынок. Першы крок – гэта яшчэ твой, свабодны выбар. Другі крок можа зрабіць і раб.

Янка. Больш за ўсё не хачу рабства.

Чаховіч. І не рабі нат кроку да яго. Іначай – прапаў... Жанчыны, жонкі. Гэта хлусня, што адны мужыкі – ігракі. Бываюць і жанчыны. Частка ставіць на свайго мужчыну сумленна, у руднік ідзе за мужам. Частка, калі ён прайграў, кідае яго. Дурныя. Хіба Каліноўскі прайграў? Я прайграў. А горш за ўсё з ёй. 3 яе прагай быць сярод сільных. 3 такіх нараджаюцца жонкі дыктатараў.

Янка. А вы не з тых.

Чаховіч. Так. I... я не шкадую яе такой, якой яна стала. Мы пажаніліся ў пяцьдзесят дзевятым. У яе былі вось гэтыя Бясяды. У мяне – Мацковічы і Крашоны. Сто валок добрай зямлі. Тры тысячы маргоў. Дзве тысячы дзесяцін. I дзве тысячы сто трыццаць шэсць гэтых новых. Як іх... Гектараў. Ты ведаеш, я быў экспедытарам паўстання. I быў чалавекам захаплення, лёгка даваў кіраваць сабой. Калі белыя прыйшлі да ўлады, Кастусь паехаў камісарам на Гродзеншчыну, а я застаўся. Вось з чаго пачалася кара, з кампрамісу. Лепей бы на шыбеніцу з Кастусём... Арыштавалі... Паказанняў не даў. Зарана арыштавалі. Але частку маёмасці я, прадбачыўшы арышт, перавёў на жонку. I добра зрабіў. Бо разам з пажыццёвай катаргай мае маёнткі канфіскавалі. Прыкулі мяне ў Нерчынскіх рудніках да тачкі. Потым розныя паслабленні. Мылаварам быў у Іркуцку. Пасля ў Пермі, Смаленску, Варшаве. Каму патрэбен яшчэ адзін мылавар у Варшаве? Добра, што іркуцян і іншых паспеў крыху адмыць. Словам, амаль дзесяць год Сібіры, а пасля тут. Думаў, што ўратаваў частку майна ад канфіскацыі. А яна й на гэта лапу... Няшчасныя арандатары, няшчасныя мужыкі! Не, такую, якой яна зрабілася, я яе не шкадую.

Янка. I вы ўсе гэтыя гады?..

Чаховіч. Так, прыжывал. Вартаўнік пры чужым.

Янка. Але ж збераглі кнігі і рукапісы.

Чаховіч. Астатняга не шкада. Хай развальваецца гэта гняздо. Лепшага яно не вартае. Узнікне новае жыццё, хай варожае – усё лепей таго, што было. Вось так часам канчаецца каханне. Ці перажыў ты такое?

Янка (пасля паўзы). Перажыў.

Чаховіч. Вып’ем тады за два забітыя каханні... Слухай, ідзі на маю зямлю. Толькі за падатак дзяржаве.

Янка. Не. У нас ужо ўмова на Бараўцы.

Чаховіч. Можа, і рацыя. Жыцця майго мала. А што пасля?

Янка. Хіба вось, можа... ёсць такая сям’я Стафана Каляды. I ён прападае па адной дзяўчыне.

Чаховіч (занадта ўважліва). Добра. Добра, што ты просьбіт толькі за іншых. Вып’ем за іншых.

Янка. Хіба што, можа, ужо позна.

Чаховіч. А можа, й не, Мне – позна. А табе, можа, й не.

Янка. I мне позна. Хіба – Стафану не?

Чаховіч. Ну, давай тады проста ціха заспяваем.

Спяваюць амаль шэптам, не дужа добрымі галасамі. I менавіта гэта кранае да глыбіні душы.

– Учора не быў, сягоння не быў. Відаць, мой міленькі мяне пазабыў. – Я не пазабыў, не пазабуду, Сяду паеду, сем лет не буду. – Язджай сабе з такой бяды. Найму молайца з чужой стараны. Пасаджу яго ў канцы стала, Буду глядзець, як на сакала. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Учора звячора саколка была, Сягоння рана расстраляна была. Вот не жаль бы быў, каб дзе на лужку, А гэта на грудзе, на жоўтым пяску.

Урываецца Аконам.

Аконам. Пане, што я чулем? Пан тыя ўчасткі спшэдалі?!

Чаховіч. Я сказаў, каб тут не смярдзела вашым духам. Вон! I без рэкамендацыі. Прахвост і без рэкамендацыі знойдзе гаспадара, якому будзе патрэбен. Кажыце дзякуй богу, што не адбіраю ў вас крадзенае. Брыдка.

Аконам знікае.

Янка. А вы ўсё ж пан. Таксама паказваеце ўладу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: