Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Пацёр пальцамі скроні.
— Не ідзе ў мяне з галавы гэты Маеўскі, таварыш Арсень.
Юстын пачырванеў. У гэту хвіліну ён вельмі нагадваў аднаго з рабесп'ераўскіх непрымірымых санкюлотаў.
— Расстраляць яго трэба, Уладзімір Ільіч. Усе ў Чорным моры плаваюць, а гэты ходзіць па горадзе. Мільёншчык, эксплуататар!
– І мільёншчыкаў адрозніваць трэба, — непрыхільна пахітаў галавою гаспадар, — я ведаю аднаго фабрыканта ў Пецярбурзе, якога пасля пятага года судзілі за ўдзел у паўстанні.
Шлык не здаваўся:
— Яны слова гонару парушаюць… Змовы паўсюль… У вас стралялі.
Ленін паклаў на стол сціснутыя кулакі:
— Тое, што ў мяне стралялі, - гэта, таварыш, мая справа. У мяне стралялі. За народ дараваць нельга, а за Ульянава — ён сам даруе. Не мне ліць кроў такіх, я не Аляксандр Трэці… Няхай яны лепей паглядзяць, якой будзе Расія праз васемнаццаць — дваццаць год.
I раптам усміхнуўся Шлыку.
— Куля ў маім целе не варта яшчэ адной крыві. Гэта глупства ў параўнанні з плачам галоднага дзіцёнка. Мяшэчнікі, вось каго трэба расстрэльваць… За дзяцей.
У Арсеня перахапіла подых. Ён сэрцам ведаў: гэта не словы. I ён ведаў яшчэ, што калі спатрэбіцца гэтаму чалавеку яго, Арсеня, жыццё, ён пойдзе на смерць так лёгка, так радасна, бы ў абдымкі каханай.
А Ленін тым часам звярнуўся да Воўкава:
— Вы ўпэўнены, што ён не сарганізуе нічога шкоднага?
I Арсень са шчырым сэрцам адказаў:
— Я паручуся за гэта рэвалюцыйным сумленнем.
— I ён не ўцячэ за граніцу?
— Ад калекцый?! — здзівіўся Арсень.
— Чакайце тады.
I перыйка таннай ручкі зноў зачыркала па паперы. Пісаў ён даволі доўга, потым устаў і працягнуў лісткі Арсеню.
— Бярыце. I прачытайце. Я вырашыў аслабаніць яго дом — кватэры для людзей знойдзеце ў іншых будынках… А там няхай стары робіць музей. Сродкі адшукайце, каб дастаткова было. Маеўскаму дайце пры музеі два пакоі… I яшчэ: прызначце яго пажыццёвым дырэктарам музея, дайце добрую пенсію і спецпаёк.
Ашаломлены Шлык глядзеў на тое, як Арсень дзякаваў гаспадару. Потым буркнуў:
— Не туды ты, Арсень, павёў справу. Адразу бачна, што ў цябе нянавісдь да гадаў толькі асабістая.
— А сапраўды, чаму вы пайшлі ў рэвалюцыю? — зацікавіўся Ленін.
Воўкаў паціснуў плячыма:
— Сям'я была дэмакратычная. Ведалі, нельга так далей жыць. Але галоўным штуршком было тое, што казакі маці застрэлілі пад час курлоўскага расстрэлу. Выпадкова пад кулю трапіла. Яна ў мяне хоць і любіла Шчадрына, але ціхая была, як мышка.
— Што я і казаў, - махнуў рукою Шлык.
I тут Ленін упершыню паглядзеў на яго сурова:
— Вы кажаце, асабістая нянавісць? Гэта нядрэнная штука, калі яна змацоўвае грамадскую. Год у пятнаццаць у мяне было рамантычнае нарадалюб'е. Прачніся, маўляў, мужык! I быў у мяне старэйшы брат, самы таленавіты чалавек з тых, каго я ведаў. Чысты, як ільдзінка, гарачы сэрцам, з высакароднай любоўю і нянавісцю… Вы не ведаеце гэтага, таварыш Шлык… Але я ў параўнанні з ім — вельмі сярэдні чалавек. Яго павесілі за замах на цара. I я дагэтуль дрыжу ад нянавісці, калі падумаю, што да яго яснага лба дакранаўся кат… Маці хадзіла па канцылярыях, слухала прыязныя разважанні саноўных жандараў. Яе хвароба прымусіла брата пісаць цару ліст аб памілаванні. I ён напісаў ліст, ліст грамадзяніна Ульянава да грамадзяніна Раманава. Гэта быў такі ліст, што яго не паказалі цару. Каб не маці, ён не зрабіў бы і гэтага… Але я трыццаць год чуў, як ён, брат, рыпеў зубамі, калі сядаў за гэты ліст.
У Леніна перасекся голас.
— I я зразумеў тады: лад, які знішчае таленты, душыць іх — такі лад не павінен жыць. Я тады ўжо ведаў шлях, але нянавісць мая была бяззубай. Пасля пакарання смерцю я зразумеў: я і яны — ворагі да скону. Я ненавідзеў іх за мой народ, за галодных, за страчаных, за маю маці, за Сашу. I народ адпомсціў за свае пакуты і за майго брата.
Арсень адчуў гарачы паток замілавання да гэтага чалавека. Ціха, амаль шэптам, ён спытаў:
— А пасля… вы былі… там?
I Ленін зразумеў, пра што яго пыталі. Маўчанне цягнулася нясцерпна доўгіх дзве хвіліны. Потым ён адказаў, таксама ціха:
— Быў… пасля перамогі. Гэта была жудасная камера. Ад адной цішыні можна было зрабіцца вар'ятам. I хоць я ведаў, што раблю глупства, я зайшоў туды, і за мной зачыніліся дзверы. Я знаў, што за дзвярыма людзі, што турэмшчыкі не вернуцца, што за мурамі буяе зусім іншае жыццё, у якім мы нікому нікога не дамо крыўдзіць. І ўсё ж мне на хвіліну стала жудасна… як брату.
Воўкаў нахіліўся да яго: