Шрифт:
"Ат, мінулае. Парахня".
Вы хочаце павагі ў будучым — паважайце тых, безыменных.
Яны працавалі для вас. Яны прадбачылі вас. Яны вас — не ведаючы — любілі.
Сто пяцьдзесят год мы не можам дараваць Напалеону за полымя, у якім згарэла "Слова аб паходзе Ігара". А за знішчэнне любой каменнай балады самы горшы адказ — кінафельетон у "Фіціль".
На мурах Міра ахоўныя дошкі. Абсыпаюцца муры Міра. А ў іх, пры сціплых сродках, мог быць санаторый, Дом творчасці, музей. У старой балады зноў з'явіўся б змест, адпаведны яе дзівоснай форме і яе аправе са ставоў і зялёных паркаў.
…Адна цагліна ляжыць на маім стале. Але я аддаў бы дзесяць год жыцця, каб па адным гэтым слове аднавіць старажытную баладу. Як кожны паэт, які любіць людзей, аддаў бы іх за поўны тэкст "Энеіды", за спаленыя раздзелы "Анегіна", за знішчаныя агнём, ненадрукаваныя вершы Купалы.
Дык будзем цаніць тое, што маем.
Адна цагліна ляжыць на маім стале, падобная на адзінае слова забытай балады…
Дыяментавы горад
Ёсць на свеце гарады, імя якіх для твайго вуха проста сугучча. Прагучала назва, скалыхнула паветра і знікла назаўсёды ці да наступнага разу. Бо нічога за гэтай назвай для цябе не стаіць. Не чуў, не бываў. А і не буду — невялікая страта.
А ёсць гарады, звязаныя з табою нябачнай повяззю, самой музыкай свайго імя, або нечым трывалым, што вяжа з імі назаўсёды, нават супраць твайго жадання.
Ёсць для мяне некалькі такіх гарадоў на Беларусі. І адзін з іх — горад маёй маці, Мсціслаў. Тут яна нарадзілася амаль дзевяноста год назад і тут пражыла некалькі першых сваіх месяцаў. І Мсціслаў быў для мяне, з гэтай прычыны, і не свой і, нібыта, крыху свой.
Гарады, як і некаторыя людзі, чакаюць свайго адкрыцця табой. Шмат год праходзіў міма чалавека — і раптам раскрываецца ён табе ў адной размове і на ўсё жыццё.
Для мяне і майго адкрыцця Мсціслава зорнымі гадзінамі і днямі былі казачыя дні пачатку студзеня 1982 года. Расказаць — не павераць. А трэба ўсё ж паспрабаваць расказаць.
8 студзеня 1982 года, звычайная "Волга" выйшла з Мінска і накіравалася шляхам на Магілёў-Мсціслаў.
За горадам з усіх гурбаў пачалі зрывацца снежныя языкі, а потым змеі. Дуйка бегла па асфальце. Праз шэра-дымнае хмарнае неба мігцела сляпучая, размытая пляма сонца.
Сустрэчныя машыны сярод белага сонечнага дня свяцілі насустрач фарамі. Пасля хмары заснавалі сонца, лясы сярод поля, рассечаныя дарогай, як бохан нажом… І самотныя вароны ляцелі высока над лесам, невядома куды, за якім-такім харчам насустрач завірусе.
Не трэба было ехаць насустрач гэтаму. Трэба было спынiцца недзе ў вёсцы i прасiць аб начлезе, але перамагла дурная зухаватасць. I зноў мы спынiлiся ў глухiм лесе, самотным i заснежаным. I быў гэта зiмовы шлях i мары на зiмовым шляху да горада, якi сёння стаў самы важлiвы з усiх гарадоў, бо зрабiўся тваёй мэтай. Безупынны шум дрэў, ясна было i страшна было ўявiць, што робiцца ў чыстым полi.
І ўрываецца ў яго раптам настойлівае рыпенне. І цішыня. І зноў мёртва парыпвае пад ветрам нейкае дрэва. Лес скардзіцца. І над гэтым змрочным і страшным лесам кліч варон і груганоў, якія цяпер цягнулі ў лес, пад пакрыццё.
Ужо за Друццю зусім не стала відаць ані дарогі, ані зямлі, ані неба. Шалёны ўраган дзьмуў з поўначы ў трубу між Друццю і Дняпром, каб вырвацца, мабыць, недзе ля Рагачова, на волю.
У Магілёве на спуску да Задняпроўя стаялі машыны, якія не змаглі ўзабрацца на гару, а пасля ў полі ўсё часцей і часцей стала трапляцца кінутая тэхніка: трактары, краны, машыны (людзі, відаць, кідалі іх і дабіраліся да першага жылля).
Часамі зусім нічога не было відаць. І ўсё здавалася, што машыну заносіць і заносіць улева, некуды ў нябачны яр.
У пэўны момант здалося: гінем. Адны ў чыстым полі. Нічога не відаць, і слабы арыенцір толькі бур'яны і хмыз з правага боку (левы гіне ў снегавой імгле). Праз неіснуючыя, здаецца, шчыліны нас заносіў снегавы пыл, павольна ўтвараючы ўнутры машыны суцэльную гурбу.
За чатыры кіламетры да Ходасаў селі ў лагчыне, у якой на два кіламетры сядзеў корак з машын, занесеных снегам, і ўзрадаваліся, што не адны будзем у чыстым полі, што вакол людзі, хаця некаторыя з іх сядзелі тут ужо пяць гадзін пры трыццаці градусах марозу і ўраганным ветры.
І не было куды ісці, бо нічога не відаць. Не знойдзеш хаты — саб'ешся і замерзнеш. Застанешся ў машыне — занясе. Заставалася капаць, адкідаць, выцягваць, хаця праз хвіліну заносіла снегам зноў і дранцвелі рукі і твар. Гарэлі ліхтары — толькі за пару метраў іх і не было відаць. Працуеш і задыхаешся і лоб расколваецца ад болю, нібы вецер разбівае яго, сцісквае скроні і чэрап.
Бягуць між машын струмяні, кідаюцца чырвоныя і чорныя чалавечыя цені. Чырвоныя агні і чырвоныя хвалі снегу. Імчыць да самага неба крывавы, пурпуровы ўраган.