Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Карнікі хацелі тут, у Узнажы, зрабіць уражанне, што знішчаюць толькі тых, хто звязаны з партызанамі. «Звязанымі» аказаліся ўсе, а найбольш, вядома, мужчыны.
У пасёлку Ухвала засталіся сведкі таго, больш выразнага, дзялення на «звязаных» і «не звязаных».
Марыя Лукашэвіч, загадчыца сталоўкі на мясцовым торфазаводзе, расказаіла нам, што яе, тады падлетка, карнікі таксама дапытвалі як сувязную партызан. Потым яны выгналі ўсіх жыхароў Ухвалы на пустыр за сялом і ганялі шарэнга за шарэнгай — пратоптвалі шлях для сябе, ачышчалі ад партызанскіх мін. Выбуху не было. Тады загадалі ўсім сесці на кукішкі, збіді аднаго старога, які ўжо не мог так сядзець, і пачалі выбіраць «вінаватых», «звязаных».
«…У маёй дваюраднай сястры, — гаворыць Марыя Віктараўна, — быў муж камуніст, нават не муж, а брат мужа, не ён сам, — яны адразу за яго і павялі. А хлопчык быў Віця, адзінаццаць гадоў. Дзед і бабуля кажуць:
— Хадзі к нам.
А той, бацька, гаворыць:
— Не. Дзе я, там і ён.
Так вось і пабралі людзей, вельмі нявінных людзей, і паставілі іх на левую сторану. А нам сказалі разыходзіцца.
Калі мы адыходзілі, усе яны крычалі: «Прашчайце! Прашчайце!»
Ну, мы ішлі без памяці…
…Там было сто пяцьдзесят чалавек. Яма была глыбокая — калодзеж стары, без вады…»
…Над Мсціжам свяціла сонца. Шчодрае летняе сонца адбівалася ад пабеленых парканаў і сцен, ад блакітных з жоўтымі каёмкамі аканіц, падобных на крыллі дзівосных матылёў.
Мсціж — гэта зборная назва дзвюх вёсак на Барысаўшчыне, проста Мсціж і Мсціж-Валокі, з якіх утварылася своеасаблівае мястэчка.
На развілцы дарог, каля будынка сельсавета, узвышаецца абеліск — помнік на брацкай магіле мсціжаўскіх мужчын, расстраляных у кастрычніку 1942 года.
Пра гэта нам перш за ўсё расказаў дзед Аляксандр Лісічонак. Яму ўдалося ў той страшны дзень загадзя ўцячы ў лес. Памяць у Аляксандра Феліксавіча прытупляецца, але неяк разумна і паслядоўна, як падсыхае голле ў старога дуба — абломліваюцца драбнейшыя галінкі, а стрыжань цвярдзее.
«…Тут было так. З-за фронту ехаў партызанскі атрад. I вот яны распалажыліся тут начаваць, у нашай дзярэўні. Гэта было дзела ў суботу вечарам. У мяне якраз засталіся пераначаваць дзве партызанкі. Яны хазяйку папрасілі, каб яна ім прыгатовіла. «Мы заўтра ў сем часоў паедзем». Але былі яны назаўтра — ужо і абед прайшоў.
У меня сын быў у атрадзе і зяць быў у атрадзе. А брат мой жыў на другой старане. У яго хаце партызаны ўліваліся ў гэты самы атрад. Прысягу прымалі. Мясцовыя і немясцовыя. Якраз гэта дзела было ўжо ў абед.
А як пайшлі яны ад нас, — на Мсціж напалі немцы.
Мой яшчэ адзін сын, было яму трынаццаць лет толькі… Ён цяпер трактарыстам работаець. Ён мне расказваў, што немцы ганялі тады ўсіх мужчын, на вуліцы пасадзілі іх і — каб ніхто дажа нічым не павярнуў. Сядзелі. А ў аднаго рабёнак быў маленькі, ён там з рабёнкам што-та, значыць, дык яго адразу і забілі. За тое, што пашавяліўся. А рабёнка бросілі…
Ну, а потым усіх мужчын пагналі туды, дзе ў нас ларок стаяў, дзе цяпер наша масцярская, швейная там, дапожная. У гэты ларок набілі ўсіх людзей — жывых яшчэ. А каторыя не памесціліся — яшчэ ў сельсавет, дзе цяпер помнік стаіць. Туды загналі ў сарай, астатніх мужчын.
Тут хлебапякарня была, дык з таго ларка людзей па аднаму выводзілі і стралялі ў тым склепе.
А тых запалілі…»
Потым мы слухалі непасрэдных сведак трагедыі, мсціжаўскіх жанчын, — усхваляваныя, часам падобныя на галашэнні жаночыя ўспаміны.
Бабулі і цёткі сабраліся на лаўцы каля хаты. Сышліся, нібы на памінкі ці на жалобны сход, каб яшчэ раз перабраць супольна ўсе падзеі таго чорнага дня. Спачатку гаварыла адна Ядвіга Глот: «…У нядзелю рана хлеб партызанам у нас збіралі. А потым я паснедала і пайшла на поле з маёй большай. Каноплі пайшла я слаць. I тады мы сцелем і бачым: ідуць два партызаны. Ішлі ў сяло… А потым дачка кажа:
— Мамо, глянь, чаго гэта людзі так бягуць.
Калі я глядзь — аж бягуць там па агародах, па загуменню. Народ гэты ўвесь.
— Ай, — кажу я, — дочка, там ужо ў нас, мусіць, немцы ці не ёсць.
Мы кінулі тую пяньку і пабеглі.
I беглі мы. Сабака быў каля мяне. Бяжым, аж во там недалёка ўжо цэп ідзёць. I людзі ўжо валяцца. Ужо б'юць людзей. Я кажу:
— Ну, дочка, заб'юць нас.
А ў мяне трое дзяцей засталося дома. Хлопец і дзве дзевачкі.
— I дзяцей паб'юць, і нас паб'юць тутака…
Але, праўда, не. Толькі сабаку майго забілі каля нас. Я кажу:
— Ну, сабаку забілі, і нае заб'юць.