Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Ну, што яны яшчэ рабілі?..
Чалавек іх дванаццаць ці дзесяць зайшлі да нас. Халаты — у крыві. Бабы пыталі старыя ў іх:
— Што вы рабілі так?
— Гусям голавы адсякалі, — кажуць яны. Во, так яны гаварылі.
Ну, нас вызвалі на вуліцу, ціханцаў, выстраілі так у рад, паставілі з аднаго боку пулямёт на нас, з другога боку пулямёт. Ішоў афіцэр з немцам і адбіраў маладых у Германію. А мы так з дзецьмі асталіся ў гэтым раду. Потым загадалі нам сабраць падушачку, адзяяла, на тры дні есці, і паліцаяў паставілі ў калітках, каб гэтыя ўжо не заходзілі, каго ў Германію адабралі. Ну, мы так вынеслі ім на вуліцу есці, усё сабралі. Іх пагналі, маладых, у Германію. Забралі скот.
А гэтыя дзесяць ці дванаццаць немцаў заехалі ў Лазараў Бор. Паехалі туды, глядзім — гарыць. Стрэлу нарабілі. Там людзям сказалі, што як сустрэнуць немцаў са сталом, хораша сустрэнуць, дык яны паліць не будуць. Яны іх сустрэлі сталом ужо, акуратна. Яны ўсё пабралі, той стол перавярнулі, а людзей пазаганялі ў хаты, спалілі, а скот пабралі. Маладых у Германію адабралі і пагналі…»
Вось так усю Беларусь хацелі ператварыць у лагер смерці. Толькі замест калючых дратоў — ланцугі, «ацэп» карнікаў з усіх бакоў, набітыя людзьмі хаты, свірны, хлявы — гэта ўжо «вясковыя крэматорыі». I называлася яно не па-лагернаму, не «селекцыяй», а ўсяго толькі: «сход», «сабранне», «праверка пашпартаў»…
Ірына Іванаўна Лапатка. Лочын Асіпавіцкага раёна.
«…Ну, а тады ходзіць гэты немец і — на вуліцу! Гоніць на вуліцу. Усіх да адной душы на вуліцу. Ну, мы, праўда… Я дзевачку за руку, і булка хлеба ляжала на шкафчыку — я за гэту булку пад паху і на вуліцу. Мы ж думалі, што пастрояць і зноў, можа, пусцяць.
А яны пастроілі ў рады, у тры рады, і пагналі на калхозны двор. Там зноў пастроілі ў два рады… у тры рады таксама. Усіх, усіх! Усіх павыганялі: з бані, з магазіна, з клуба — усіх, усіх. А тады ходзяць і выбіраюць. Вот паглядзіць у вочы і — за плячо ці за руку выцягне. I выцягне, у другі рад ставіць.
Дык я на дзевачку кажу:
— Налечка, бяжы да бабушкі і стой. А мы з Кацяй уцячом.
Ятроўка так называлася. I ў яе трое дзяцей. Ужо намярэнне было, што нас на Пагарэлае пагоняць, а там вялікі лес, дык я кажу:
— Мы ўцячом. Лесам будуць гнаць, дык мы ўцячом.
Ужо сяло гарыць. Дзверы ў нас адчыненыя, у хаце, дык наклалі саломы, нацягалі немцы, і ўжо з дзвярэй палае агонь. I тады яны пагналі нас. А гэтая дзевачка мая плача:
— Не хачу.
Стала ля бабы і стаіць ужо, плача. Паліцай ідзе.
— Чаго ты, дзевачка, плачаш?
— К маме хачу.
— А дзе твая мама? Ідзі к маме.
Яна прыбегла, я яе за руку, і камандуюць нам:
— Упярод!
Пагналі нас. А гэты вот стары быў, наш сусед, дык ён не можа ісці, дык яны яго палкай, палкай! Потым адна старуха была.
I тую палкай. I дзеўка, мусіць, дзевятнаццаць ці дваццаць гадоў, дык яна пад ельнікам ляжала, схавалася. Дні два там ляжала. А тады вясна халодная была, у маі, ці што. Гэта ўжо паследні год быў. Дык яны к той дзеўцы і паспіхалі ўсіх, і мы іх больш ужо не бачылі. Ну, а нам скамандавалі:
— Упярод!
А ўсіх, каго павыцягвалі з радоў,— назад у сяло. У дом іх нагналі, і ў сенцы. I яшчэ ў два дамы…
А калі вярнуліся з лесу тыя, што былі ў лесе, дык яны ўжо гарэлі. Дык яны багры бралі, яны іх тут варочалі — пазнавалі, кожны свайго.
Хавалі потым. Вот тут памятнік стаіць. Многа, многа — мусіць, дамы чатыры нагналі!..
А нас гналі на Пагарэлае спачатку, сямей дзесяць з дзецьмі. Потым прашу дзевак:
— Дзеўкі, уцячыце каторая. Парцізаны ж не ўсе прападуць, хоць скажаце, хто жывы, а хто…
Дзяўчат некалькі там ішло з намі. I ніхто, тады ніхто не ўцёк. Тады нас на Буду загналі і закрылі ў сарай. А мужчын аддзялілі і ў варыўню запёрлі. Дык мужчын там многа было, а памяшчэнне малое, дыхаць не было чым, дык яны паталок узарвалі. Ну, а нас загналі ў сарай, усе начавалі. Ну, а назаўтра выгналі, і зноў пастроілі, і зноў таксама выбіралі. Шчэ нашых сем жэншчын з дзецьмі выбралі.
Пытанне: — Што-небудзь пыталіся ці проста так: паглядзіць і выбірае?
— Так вот паглядзіць і за руку выцягне ці за каўнер выцягне — ужо гэта пагоняць у Лапічы. Дык многія просяцца. Тут у нас адна жэншчына была, ужо старая, дык яна кажа:
— Паночак, я ўжо старая, я не дайду ў Лапічы.
Сама ў агонь… А некаторую сілком выцягне — чорт іх ведае! Я не знаю, як яны пазнавалі…»
Куды, у якую шарэнгу прасіцца, людзі не ведаюць. I многія — самі ў тую, якую якраз асудзілі на смерць, на спальванне. А катам вунь як весела гуляць «у ката і мыш»: ну, ну, бабка, гары, калі сама просішся!..
«…Дык тых у варыўню загналі, а нас павялі ў Лапічы. Іх спачатку ў варыўню загналі. Пасля казалі, пагналі ў Палядкі і там спалілі. Сем жэншчын з дзецьмі. А адна дзевачка бальшая была і пры ёй чэцвера меншых, дык яна сама просіцца, кажа: