Калеснік Уладзімір
Шрифт:
— Паночак, я не данясу. Адно пры ёй невялічкае было.
— Ну, дык станавіся тут! I яе, тую дзевачку з дзецьмі, тожа загналі і спалілі. Не ведала і папрасілася….»
Гэта яны любілі — павесяліцца, «працуючы». У Збышыне Кіраўскага раёна забілі ўсіх, каго знайшлі, а жывымі пакінулі дзвюх старэнькіх жанчын, па семдзесят гадоў, а адна яшчэ і сляпая была: «Няхай жывуць — Савецкаму Саюзу на расплод будзе!..» Гэта іх так ап'яняла — улада над жыццём і смерцю людзей, цэлых сем'яў, цэлых вёсак. Шурупчыкі велізарнай нялюдскай машыны, механічныя выканаўцы волі “вышэйшых” тут яны цешылі сваю душу ўладай над іншымі — адчувалі сябе «арыйскімі багамі», што самі сабе выбіраюць чалавечыя ахвяры.
Іншы раён, іншая вёска, іншы расказ…
«…Сядзелі мы ў той хаце, мо два часы, а мо і больш. У крайняй хаце. Адале ўжо два ідуць. Адзін перагаворшчык, а другі так высокі немец. Накульгваў на правую нагу. Палка ў яго была. Дзяржыць палку гэтую разінавую… Ну, знаеце… Як адчынілі хату — сталі ў дзвярах і пазіраюць. Паглядзелі, паглядзелі, сем'і паліцэйскіх адразу вычыталі і вывелі. Іхняе родства. А нам ужо ўсім, значыць, паложана пагібаць… Ну, тамака ў нас быў па тыдню стараста. Адзін чалавек быў стараста, другі быў стараста, трэці… I тут ён падышоў і стаў прасіцца:
— Пусціце мяне з сям'ёю…
Ён як быццам бы ім служыў. Можа б, яны яго і пусцілі, але тут жонка падыходзіць і гаворыць:
— Паночкі, пусціце, нас партызаны сёння абідзелі — кабанчыка забралі…
Немец гаворыць:
— Дык што — ты партызанам кабана аддала!
Палкай выцяў па галаве, у першую вочарадзь забралі і павялі іх… Павялі, а куды павялі — ніхто ж не ведае. Падыходзіць другі чалавек:
— Пусціце мяне. Камендант — мой сродсцвеннік. У Старобіне.
Доўга ён ім нешта стаў гаварыць, а ім цярпення няма — ім ужо ахвота біць, а ён усё гаворыць. Зноў яны палкаю па галаве, і гэтага забралі, і сям'ю, і тожа павялі…
А мая дзевачка стаіць старэйшая… У мяне чэцвера было дзяцей, а бярэменная я ўжо была пятым. Падбягае яна:
— Папачка, усіх людзей вядуць, усе просяцца, а ты не просішся. Хоць бы ты, папка, папрасіўся! Гэтая ж во хата будзе гарэць — будуць нашы вочкі выскакваць… А ты, папачка, нікога не просіш…
А бацька гаворыць:
— Дочка, акціву свайму во як далі, а нам ужо і бог вялеў пагібаць.
— Ну, папачка, ну, папрасіся!..
I да гэтага перагаворшчыка… Яна яшчэ і ў школу не хадзіла, малая была.
А гэты перагаворшчык паглядзіць, паглядзіць па людзях…
А мая ўсё просіцца:
— Папачка, папрасіся!..
Праўда, муж падышоў ды гаворыць:
— Гаспадзін перагаворшчык, я хачу што-та вас папытаць…
Мілыя мае, я ж гавару — ці гэта судзьба такая, ці што…
— Я, — гаворыць мой, — чалавек не здзешні, наезджы, спецыяліст па найму, кузнец. Я ж калі жыць буду, то пользу якую дам, што вам за інтарэс, калі вы мяне заб'еце…
Ён што-та пагергеча таму немцу, а той зіркнуў вачыма і гаворыць:
— А многа ў цябе кіндэраў?
Мой кажа:
— Во стаяць.
Ну, гаворыць:
— Кузнец, усё роўна ты ж адзін дзень толькі пажывеш.
А мой кажа:
— Старая пасловіца — як топіцца, то і за брытву хопіцца. Добра і пяць секунд пажыць.
То, мае мілыя, біў людзей, вішчаў, а то, бачыце, як уціх?..
— Ну, — кажа, — бяры сваю жонку, дзяцей і ідзі!
Ці то судьба такая, ці то шчаслівы хто з дзяцей?..
Калі мы ішлі з хаты, дык ён кажа:
— У іх многа кіндэраў — яго ў абору. Многа дзяцей — жалка выпусціць…»
Марыя Яфімаўна Маголіна, ад якой мы, у вёсцы Загліннае Салігорскага раёна, пачулі гэтую гісторыю, усё ж, схітрыўшы назаўтра, уратавала сваіх дзяцей. «У абору» яны не трапілі, а пасля вайны і яшчэ пяцярых нарадзіла: яна — і цяпер яшчэ жанчына маладжавая — Маці-гераіня.
Але, бачыце, як той «з палкай» разважае і адчувае: якраз як і трэба фашысту. Не дзяцей пашкадуе, а пашкадуе, што іх «замнога» ў гэтага каваля, якога ён хацеў адпусціць, па той прычыне, што, можа, спатрэбяцца яго рукі. А ў чалавека, аказваецца, вунь колькі малых! «Біялагічны патэнцыял»… Не, «у абору», у агонь іх!..
Што там казаць пра каваля, яны вунь і старасту, які ім служыў, і таго забіваюць заадно з усёй вёскай — па той жа прычыне: дзяцей замнога!
Гэта ўжо ў іншым месцы — у Разліцці Барысаўскага раёна, пра што расказала Анастасся Дзмітраўна Шыла.
«…А старшына наш… ці стараста, — чорт яго ведае, — дык гэты хацеў з імі ехаць. А яны плюнулі на яго і не ўзялі: дзяцей многа… Старасту першага і забілі, Лявона…»
Калі і былі пачуцці ў гэтых фашысцкіх «звышжывёлін», дык «пачуцці наадварот».