Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Але наступае час расплаты і тады…
На Віцебшчыне было: яшчэ адзін такі — таксама падзяліў вёску на «патрэбных рэйху» і «непатрэбных», на жывых і мёртвых і вёз ужо на машынах «нямецкіх рабоў», а тут спынілася калона, крык: «Партызаны!» I ззаду і спераду. Дык гэты «бог» — брык і ляжыць! Вываліўся з кабіны, самлеў. Адразу забыўся, што ён нейкі там «звыш», што смерць — яго «добрая сяброўка». Бо гэта ўжо не чужая смерць, а свая!..
Да іншых расплата прыйшла пазней. Усялякія словы пра «загады зверху» і сваю нязначнасць, мізэрнасць, «салдацкі абавязак» — таксама былі потым. А пакуль што:
«…А тут ужо ў гэтую дзярэўню немцы заходзяць. Мы ідзём дамоў, аж тут ужо па дварах ходзяць немцы. Толькі я прыбегла дамоў, аж гоняць ужо на сабранне. Гоняць на сабранне, пытаюцца, колькі гадоў. У мяне мачыха была. Яна кажа:
— Яна яшчэ малая дзяўчына… Выганяюць з хаты ўсіх на сабранне. Падышлі мы туды ўжо з сяла…
Адзін быў картавы малец. I ён галосіць, і бабы галосяць усе, дык ён ругаецца, камень схапіў і на гэтых, на паліцаяў.
А паліцай адзін:
— Во — дурны, а хоча жыць!..
I матам на яго. Па-руску, і чыста гаворыць.
Падагналі нас у канец дзярэўні і хацелі кідаць у яму. Яма была сілосная. Але яны гавораць:
— Пагонім далей.
I пагналі нас да рэчкі, і пачалі адбіраць. Каторых у Германію, а каторых…
Адабралі нас некалькі чалавек, а тых пагналі.біць ужо…
Нас, маладых ужо, пагналі ў дзярэўню назад. Ходзяць усе, разгаварваюць па-руску, па-нямецку. Мы стаім на дварэ там на адным. А там дзве бабы схаваліся… гэта баба і два пацаны. Праўда, яны… Немцы чыстыя. Не разгаварваюць. Там разгаварваюць далей, а яны па-нямецку. Вот. я тое слова помню цяпер, як я чула:
— Ком раус! Ком раус!..
А яны сядзяць пад краваццю, гэтыя бабы. А яны іх выцягваюць. З дзецьмі: два мальчыкі і дзве жэншчыны. Выцягваюць яны іх вон, і мы стаім гэта на дварэ. Немцы стаяць каля нас, каб мы не паўцякалі. Ах!.. Тады пагналі іх на двор, і толькі чуем — пок! А гэтыя дзеці: «Ай-яй-яй!..» Пок! — другі раз, і гэтыя зноў гвалту. I чатыры разы выстралілі, і забілі іх. Забілі іх, а нас, усю маладзёж, якую аставілі, пагналі…»
Расказвала Марыя Фёдараўна Верхаводка. Іканы Барысаўскага раёна.
У той жа вёсцы — Цімафей Мікітавіч Тарасевіч:
«…Мая хата была каля могілак. Жану з дзяцьмі забралі і пабілі там. А я ў падводы паехаў. Прыехаў дамоў, а тут ужо ўсе пабітыя. Калі забівалі, я тут не быў. Нас было чалавек пятнаццаць у падводах. Прыехалі, а ўвесь груд гэты — пабітыя і спаленыя… Усё чыста пабілі, нікога не засталося. Дзе ж людзі? Пайшлі шукаць. Аж яны так во, як гарэлі, налакціўшыся, то воласы абгарвалі, а галовы, як капуста, белыя качаны.
Сот каля сямі пабілі. Тут яшчэ немцы дарогу расчышчалі, што партызаны лесам завалілі,— узялі з Гарэлага пяцьдзесят мужчын, дык потым і іх застрэлілі,— яны ішлі дамоў і зайшлі сюды, дык яны іх перанялі і пабілі. Каторыя ўцякалі, дык і на полі пабілі. Пасля знаходзілі па кустах.
Патом ехалі з Плешчаніц, чужыя падводчыкі, і тых перанялі тут, і тых сюды, пабілі…»
Гэта ўжо так уцягнуліся ў справу, што і пра «селекцыю» забыліся.
Так і пайшлі б. Па ўсёй Зямлі…
Несхадзімае гора
Ішлі дажджы. У канторы саўгаса «Ухвала» Крупскага раёна нам сказалі, што, пакуль не падсохне, у вёску Узнаж даехаць нельга. Але мы не маглі адмовіцца ад гэтага маршруту. Паклаліся на вопыт Сашы Пяхоты, які ўжо каля двух тыдняў вазіў нас на аблвыканкомаўскім «газіку», пераадольваючы цяжкасці дзе спрытам, а дзе зразумелым у партызанскага сына энтузіязмам.
Як толькі мы збочылі з гравійкі ды пачалі заглыбляцца ў лес, стала ясна, што людзі нас папярэджвалі нездарма. На перціым кіламетры лясной дарогі стаяў скасабочаны трактар, перакошанай трубою клічучы на падмогу. Безнадзейна ўграз транспарт з хлебам. Буханкі, прыкрытыя брызентам, сцерагла маладая, румяная магазіншчыца.
— Да Узнажы далёка?
— Ой, на тым канцы свету! Не даедзеце, дзядзечкі! Вяртайцеся лепш!..
А дождж ліў і ліў, роўны, ціхі, спорны, як увосень. Нават калі ненадоўга праяснялася і праз кудзелю аблокаў праглядвала сонца, з неба ўсё роўна капала.
Мінулі, аб ехаўшы загуменнем, вялікую, добра забудаваную вёску са свойскаю назваю Гумны. А далей зноў пайшлі лясы, балоты, грэблі, гразкія брады. I нарэшце — паляна, як шматфарбная даматканая посцілка, — зялёная цімафееўка з рудымі плямамі састарэлага шчавука. На паляне — Узнаж. Вёска шэрая, благавата забудаваная, як на тутэйшы лясны край, дзе будаўнічы матэрыял пад рукамі. Можа, што дождж, але Узнаж здалася нам не падобнаю на іншыя адноўленыя вёскі, дзе звычайна людзі стараюцца будавацца з размахам, і гэтым сцвярджаючы сваю жывучасць. Не было тут зялёнай абсады, вуліца выглядала не ў меру шырокай і пустой.