Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

I я паварочваю да вакзала. Дзяўчаты ззаду гукаюць:

— Грамадзянін, не ў той бок! Цэнтр — туды.

— Дзякуй. А я — сюды.

Не азіраючыся, я чую, як яны там хіхікаюць.

— Дзівак! Ён дзейнічае ад адваротнага…

Спакоем і вячэрняй утульнасцю свецяцца вокны, цьмяна гараць вітрыны зачыненых магазінаў. На рагу з вялікага гастранома выгружаюць тару. Высокія стосы жалезна-драцяных скрынак з бутэлькамі, бразгочучы, сунуцца праз тратуар. Рабочыя спрытна ўпраўляюцца сваімі жалезнымі кручкамі. Адна за другой бягуць, спяшаючыся дадому, жанчыны — з сумкамі, хлебам, кулькамі: таропкія пакупкі на канцы дня… Ім не да свята. Да адпачынку ім таксама яшчэ не блізка — трэба прыбраць, накарміць, падрыхтаваць сняданне. Па ўскрайку тратуара дзядзька, ашчадна прытрымліваючы, коціць веласіпед з кардоннай скрынкай, адмыслова прымацаванай да багажніка. Няйнакш тэлевізар. Побач ідзе жонка. Яны ўвесь час аб нечым паціху спрачаюцца — мусіць, вырашаюць, у які кут ставіць гэтую радасць. Што ж, у час Добры!

За магазінам на рагу адкрываецца шырэйшая вуліца, у канцы якой — залітая святлом плошча. Гэта вакзал. На тратуары паток пешаходаў адтуль — з чамаданамі, клункамі, пакункамі. Відаць, прыйшоў поезд. Няўклюдна абмінаючы людзей, я кідаюся ў бакі. Ідуць па адным, групамі, парамі. Праходзяць шчаслівыя закаханыя, мабыць, толькі што сустрэўшыся пасля ростані. Ён у нейлонавай сарочцы з падкасанымі рукавамі. Яна ў вузенькай спаднічцы, з-пад якой даверліва мілыаюць каленкі. Абое радасна заглядваюць адно аднаму ў твар, і яна сцішана туліцца да яго. Прыгожыя, статныя, нейкія дужа дасканалыя, як антычныя скульптуры, яны так і поўняцца найлепшым з пачуццяў юнацтва.

12

За акном уладарыць марозная ноч.

Часу між тым мінае нямала: ужо, мусіць, апоўначы. Я не сплю і пасля ўсяго, што адбылося тут, самотна гляджу ў печ. Агонь горача палае, ганяючы па тынкаванай сцяне над ложкам мільготкае зарава.

Ля печы тупаюць, шархацяць саломай санітары і Каця — яны вараць бульбу. Каця, — без паўшубка, расчырванелая, уся неяк па-добраму ажывелая ад гэтай хоць, відаць, і не дужа прывычнай для яе, але такой хатняй і жаночай работы, — спрытна лязгае па прыпечку казанамі. Сяржант, страціўшы ўжо цікавасць да немца, які сцішана сядзіць побач, перавешваецца грудзьмі цераз ложак і шырокімі сваімі лапішчамі ўсё імкнецца лішні раз ухапіць дзяўчыну. Тая ледзьве ўвільвае ад яго рук, часам не балюча ляскае сяржанта вілачнікам па плячах. Сяржант рагоча, стрымана ўхмыляецца немец. Дзядзькі-санітары не звяртаюць залішняй увагі на гарэзы маладых.

У хаце ціхая гамана, дым ад цыгарак перамешваецца з гаркавым чадам саломы. Сцішана стогне ў паўзмроку нехта з параненых. Матляюцца па столі і прасценках мядзведзяватыя, скасабочаныя цені. Мільготкія водсветы з печы то горача ўспыхваюць, то цьмяна трымцяць на абшкрэбаных сценах мазанкі.

Хутка, мабыць, зварыцца бульба. Я ўжо адчуваю яе духмяную парнасць у хаце і часам забываюся на рану, на стэп з танкамі, на маю сутычку з Сахно, якая чорт ведае чым яшчэ скончыцца. Я вельмі чуйны да кожнага стуку ў сенцах — толькі рыпнуць дзверы, мне здаецца, што гэта ідуць па мяне. Але гэта ходзяць байцы, носяць салому, ваду. А аднаго разу ў хату ўвальваецца доўгі, у расшпіленым шынялі санітар. У абедзвюх руках у яго нешта шэрае і мяккае, якое ён адразу кідае на падлогу.

— Ой, што гэта?

Каця спалохана шастае ўбок. Санітар бязгучна смяецца, асклабіўшы шырокія, нібы конскія, дзёсны. На падлозе дзве нерухомыя трусіныя тушкі.

— Дзе ты іх узяў? — здзіўлена пытаецца Каця. Спалоху ў яе голасе ўжо няма, ёсць здзіўленне і лагода — сапраўды, рады былі бульбе, і раптам — трусяціна!

— Там, у сянёх, — ківае санітар. — Норы ого!

Ён зноў выходзіць здабываць з нор гаспадарскіх трусоў. Каця з несхаваным шкадаваннем на вуснах паднімае за доўгія вушы шэрую мяккую тушку, хвіліну ў ціхім роздуме глядзіць на яе і працягвае кароценькаму санітару.

— На-ка абдзяры…

Санітар заклапочана ссоўвае на патыліцу шапку. Аказваецца, ён не ўмее або не хоча зрабіць гэтае звычайнае справы, таксама як і сяржант і Каця. Іншым жа замінаюць параненыя рукі. Тым часам доўгі санітар прыносіць з сянец яшчэ аднаго забітага трусіка. Але ён таксама не ўмее разабраць і ківае на немца:

— Вунь фрыц хай! Няма чаго дармаеднічаць…

Немец, пэўна, ужо асвойтаўся ў гэтай хаце і з затоенай цікавасцю назірае за тым, што робіцца ля печы. Відаць, ён здагадваецца, у чым справа, і не вымагае сябе прымушаць.

— О фройлян, іхь сделайт.

Каця секунду марудзіць. Акругліўшы вочы, выпрабавальна пазірае на немца, потым вочы яе, прыкметна наліваючыся гневам, вузеюць.

— Ах ты, скурадзёр пракляты! Набіў на людзях руку!

— Ладна, ладна! Хай! — абрывае яе сяржант. — Давай, дзелай арбайт, Ганс.

— Няхай папэцкаецца, а што! — зазначае санітар. — Трымай фінку.

Ён дастае з кішэні крывы садовы ножык на ланцужку, адчэплівае баранчык і аддае нож немцу. Той з гатоўнасцю прысядае на калені і ў святле печы проста на падлозе пачынае свежаваць тушку.

— Айн мамент, фройлян. Бістро. Бістро.

Мы ўсе з цікавасцю назіраем, як старанна ён робіць гэта — надразае заднія лапкі, распорвае шкуру на жываце і, не так умела, як дбайна, урэшце, здзірае з тушкі мяккую вільготную шкурку. Сяржант з ложка пахвальвае:

— О, правільна, Гансік. Пакажы клас. Адразу відаць: спец!

Каця хмурыць бровы, назіраючы за ўпэўненымі рухамі немцавых рук. Светлыя доўгія валасы на яго галаве рассыпаюцца, і ён адтапыраным пальцам раз-пораз адкідвае іх назад.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: