Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Я злы і нядобры. Баліць параненая нага, на душы брыдка, быццам я зрабіў подласць. Хутчэй бы дачакацца ранку ды пакінуць гэтую хату, гэтае сяло, у якім напаткалі мяне адны непрыемнасці.

11

Га-ах!

Вуліца на некалькі секунд азараецца дзівосным вясёлкавым ззяннем. Пешаходы, радасна здрыгануўшыся, азіраюцца. Зіхоткі зеленавата-чырвоны водбліск разліваецца па маставой.

Га-ах! Га-ах! — туга адскокваюць ад фасадаў другі і трэці пругкія паветраныя ўдары. Рознакаляровы ракетны веер запальвае над вуліцай неба. Жоўта-зялёна-чырвоныя блікі мільгаюць у вокнах паверхаў. Цені ад дрэў і слупоў спуджана кідаюцца па блішчастым бруку. Велічна-каляровае ззянне ўгары дасягае зеніту і, не спыняючыся, таропка шастае ўніз. Агнявыя букеты, здаецца, асыпаюць дахі будынкаў. Калі неба гасне, на вуліцу з куткоў і пад’ездаў адразу ж хлынаюць цені, якія паспешна змыкаюцца ў вячэрняй цемрадзі.

Феерверк вырывае мяне з мінулага. Я азіраюся. Незнаёмыя будынкі, вузенькі, малалюдны тратуар. Брук разразаюць трамвайныя рэйкі. Крыху далей — глухі нефарбаваны забор з казыркамі і ашмоццем афіш на дошках. Чорт ведае куды гэта мяне занесла?

Пад прыцьмеўшым ліхтаром акрай тратуара збянтэжана спыняецца маленькая згорбленая бабка з кіёчкам і сумкай. Спалохана азіраецца ў поўнае водсветаў неба. 3 сумкі блішчаць фальгой дзве малочныя бутэлькі. Кончык бабчынага кійка дробненька дрыжыць на асфальце.

— Не бойся, бабка. Гэта — салют.

Бабка паднімае на мяне зморшчаны тварык. Пад яе востранькім падбародкам тырчаць два ражкі старамодна завязанай белай хусткі.

Аднак яна, пэўна, не чуе і запытальна глядзіць на мяне.

— Сынок, ці не вайна гэта зноў? Га?

— Рана, бабка. Яшчэ салдаты не выраслі.

— Чую, нібы арудзіі страляюць. Якраз, як тады…

Да вулічнага скрыжавання з бразгатам і віскам коціцца трамвай. 3 завулка выпаўзаюць два самазвалы. Бабка нерашуча ступае на брук і зноў вяртаецца на край тратуара.

— Можа б, ты памог? Га, сынок?

Я бяру яе пад руку. Бабка адрывае ад долу свой кіёчак і дробненькімі крокамі тупае на сярэдзіну вуліцы. Побач, лёгка абмінаючы нас, перабягаюць вуліцу дзве дзяўчыны.

На сярэдзіне вуліцы нас засцігае новы тугі паветраны залп. Яркапрывідная каляровая ўспышка захліствае над дахамі неба. Дзяўчаты ў кароценькіх, званочкамі, спаднічках, спалохана бліснуўшы зграбненькімі лыткамі, ускокваюць на тратуар.

— Ліначка, якое хараство!

— Цуд!

Бабка ж уся сціскаецца і, здаецца, ад страху вось-вось прысядзе.

— Ой, Божа літасцівы! Ой!

— Не бойцеся! Чаго ўжо вам за сябе баяцца?

— За сябе, — недачуўшы, ахвотна пагаджаецца бабка. — Болей мне за каго ж? За сынкоў ужо адбаялася. Няма ўжо сынкоў.

Я здагадваюся пра яе бяду і не хачу вярэдзіць старэчую памяць. Па шчырасці, дык няма ўжо і жадання спачуваць. Вельмі часта даводзілася гэта рабіць. Цяпер я толькі нядбайна супакойваю:

— Нічога, нічога, бабуся…

Мы пераходзім вуліцу. Ззаду з грукатам праносіцца трамвай. Дзяўчаткі ціснуць адна адной локці і, нецярпліва прытопваючы, пазіраюць у неба. Мабыць, для іх самае рэальнае ўвасабленне вайны — вось гэты салют. Кніжкі аб ёй — самота. Гiсторыя — таксама. Хіба яшчэ знаёмы лейтэнант. Але ён, магчыма, болей заглядаецца на каго іншага. Хутка павінны ўдарыць яшчэ.

— Ах, сыночак, за каго ж мне засталося баяцца? — проста, як пра будзённае, кажа бабка. — Стары ў блакаду ў лесе галаву злажыў. Старшы, Сямёнка, пад горадам Варонежам ад ранаў памёр. Грышутку ў сцюдзёнай старане — як жа гэта яе, ужо і забылася… Мурманскай, здаецца, завецца. Там забілі. А малодшанькага, Віценьку, дык у моры Чорным патапілі. Капітанам быў. Праўда, за сярэдненькага, Міколку, яшчэ калі сэрца баліць… Але што ж… Столькі гадкоў… Каб жыў быў дзе, дык бы азваўся. А то пайшоў пад Аршаву, дык і прапаў.

«Цэлая геаграфія! — думаю я. — Геаграфія і гісторыя толькі ў адным сэрцы». А колькі іх па краіне, такіх бабак, што вырасцілі і аддалі вайне сыноў! Каб самім дажываць нямоглыя свае гады ў журбе і адзіноце…

Бабка цяжка ўзлазіць на тратуар і спакайнее, нібы тут выбухі яе не дастануць.

— Ну што ж яны? Так доўга! — тупаюць па тратуары дзяўчаты.

Запаволеным крокам мы праходзім да першага ж пад’езда, і бабка спыняецца.

— Ну, дзякуй табе, сынок. А то так цяжка хадзіць тут. Раней дык мы на Камароўцы жылі.

Неяк хуценька павярнуўшыся, яна тупае ў пад’езд. Я аклікаю дзяўчат:

— Скажыце, гэта якая вуліца?

Як па камандзе, дзяўчаты разам паварочваюцца да мяне. 3-пад бухматых павек зыркаюць пытальныя позіркі. Нейкія яны дужа ўжо зграбненькія і падобныя адна на адну. Нібы сёстры.

— А вам якую трэба?

— Ды мне каб к цэнтру!

— К цэнтру — туды. К вакзалу — туды, — махае адна ў абодва канцы вуліцы.

На хвіліну я прыпыняюся. Чаго мне ісці да цэнтра? Усё роўна ў гасцініцу ўжо не ўладкуешся, час позні. Ці не лепш на вакзал? Там хоць можна як-небудзь прабавіць ноч. Між людзей заўжды весялей — не так дакучаюць думкі. Здаўна вядома, што чалавек — істота калектыўная. Зноў жа — хочацца есці. Здаецца, я і не паабедаў сёння. Адно толькі выпіў паўшклянкі гарэлкі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: