Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Круглы, рабаваты сяржантаў твар расплываецца ў жартоўнай ухмылцы.

— Ты мяне не чапай, рыжая. А то ўкушу. Я злы і кантужаны.

— Ханыга ты! — ва ўпор аб’яўляе Каця, выразна варухнуўшы русявымі бровамі. У вачах яе, аднак, гуллівая гарэзнасць. Відаць па ўсім, яршысты гэты дэсантнік, насуперак усяму, ёй падабаецца.

— Рыжая! Ах ты!..

Сяржант робіць маўклівы выпад, учэпіста хапаючы Кацю. Але яна гулка лупіць яго па парусінавым рукаве курткі і ўхмыляецца.

— Адстань, ханыга!

Яна прарываецца да дзвярэй, але не паспявае выйсці, як дзверы расчыняюцца. На парозе зноў з’яўляецца немец, за ім уваходзяць тыя двое. Кубанка ў Сахно зухавата ссунута на вуха, калючы позірк падазрона бегае па тварах людзей, нібы гаворачы: «Ану, што вы тут без мяне думалі?» Мільгануўшы сюд-туд ліхтарыкам, ён падступае да мяне.

— Вы што, зусім не можаце? I ўстаць не можаце?

— Не, чаму…

— Тады ўстаньце.

Я трохі здзіўляюся, навошта гэта спатрэбіўся яму, і спрабую ўстаць. Нага чамусьці ацяжэла, павязка набрыняла крывёю. Недзе ў глыбіні раны торгае, — здаецца, у гэтую ноч перавязаць яе і не прыйдзецца. Але куды гэта ён мяне павядзе?

— Зброю браць?

— Не трэба.

Я кладу на салому свой ППС, які мне, аднаногаму, даволі-такі замінае, і абапіраюся аб нечую шынельную спіну. Сахно няпэўна мільгае ліхтарыкам па абшарпаных сценах мазанкі. Яркі круглячок святла спыняецца на завешаным пасцілкай праходзе.

— Ану, пройдзем туды!

Следам за ім, хапаючыся па чарзе за ложак, услон і сцяну, я даскокваю да перагародкі. Капітан адхінае пасцілку і, пасвяціўшы ліхтарыкам, праганяе адсюль двух сонных параненых. Мы спьшяемся каля застаўленага несамавітым сялянскім посудам століка. Сахно кідае Шашку:

— Давай святло!

Шашок з рухавасцю дбайнага падначаленага хуценька ўносіць «кацюшу», ля кнота абсыпаную соллю. Ставіць яе на перакуленую міску і звыкла прыладжваецца на лаўцы. Я сядаю ў канцы стала.

Сахно выключае ліхтарык.

— Даўно тут?

— Звечара.

— А нагу дзе параніла?

— У стэпе. Дзе на танкі напароліся… Ён жа ведае, — ківаю я на Шашка. Той, аднак, не варухне і брывом, нібы і не знаёмы, нібы і не быў з намі ў той кукурузе. Безуважны да мяне, ён хвіліну поркаецца ў палявой сумцы, выкладвае з яе паперы.

— А дзе Кротаў? — раптам хуценька пытаецца Сахно і на ўсе вочы, не міргнуўшы, глядзіць на мяне.

— Кротаў забіты.

— А двое палонных?

— Тыя ўцяклі, напэўна. Хоць адзін таксама забіты. Застаўся ў кукурузе.

— Забіты? — са з’едлівай іроніяй перапытвае Сахно.

Я недаўменна зазіраю ў яго ярка асветлены «кацюшаю» твар. На ім маска стрыманай да часу падазронасці і недаверу.

— Забіты, факт.

— Кім забіты?

— Ну, немцамі. Кім жа яшчэ…

Сахно ківае Шашку:

— Так, запісвай.

Той разгортвае на стале нейкі блакнот у дробную слабенькую лінеечку і з чорным нямецкім арлом на вокладцы. Блакнот трафейны, гэта пэўна, але я чамусьці затрымліваю позірк на тым агідным арле з нібы падрэзанымі, стылізаванымі крыламі. Усё гэта выклікае ва мне неўсвядомлены яшчэ пратэст.

— Значыць, палонны немец забіты немцамі? Так? I Кротаў таксама забіты немцамі?

— Ну, вядома.

— Ану, раскажы падрабязней.

— Што расказваць! Вунь старшына ж з намі ехаў. А пасля ён павярнуў, а мы і наскочылі…

Я коратка, без ніякай ахвоты, перадаю сутнасць нашай злашчаснай сутычкі з немцамі.

— Так, так, — ажыўляецца Сахно і грудзьмі аблягаецца на стол. Стол скрыпуча падаецца ў мой бок. Ад капітана моцна патыхае аўчыннаю кісласцю новага паўшубка. — Так, так, цікава. Ты запісвай.

— Запісваю.

Шашок, адтапырыўшы ніжнюю губу, не дужа спрытна, але затое старанна скрабе ў блакноце чорнаю аўтаручкай.

«Што тут запісваць? — думаю я. — Што тут незразумелага? Чаго яны сумняваюцца? Хіба падазраюць у чымсьці благім Кротава?» Вочы мае, аднак, не могуць адарвацца ад фірменнага арла на блакноце, і зацятая злосць ва мне ўсё нарастае.

Сахно тым часам прыдзірліва дапытваецца:

— А чаму вы не пабеглі за ім?

— А я і пабег. Як толькі чарга — я і пабег. Не за ім — за немцам.

— А што было раней: чарга ці ён пабег?

— Чарга.

— Чарга, так? А вы ж толькі што сказалі, што Кротаў кінуўся бегчы яшчэ да чаргі.

«Блытае. Ловіць. Пайшоў ты да д’ябла! Папаў бы туды, хай бы тады і прыкмячаў, што раней», — злосна думаю я і кажу:

— Гэта ўсё амаль разам. Немец кінуўся ўбок, Кротаў за ім. Тут і чарга.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: