Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Раней мне. Я ўжо даўно чакаю.

— Зараз, зараз, родненькія. Не ўсім адразу.

Каця прабіраецца між людзей далей, а Юрка, прыкметна напружваючыся, каб стрымаць стогн, пытаецца:

— Што, пяхоты ў немцаў багата?

— Знаеш, пяхоты не было, Юрка. Калі б пяхота, нам бы не ўтрымацца. А так з тузін танкаў. Двох падпалілі.

Юрка расплюшчвае пакутніцкія вочы і нерухомым поглядам устаўляецца кудысь у змрочнае невысокае падстолле.

— Ведаеш, дэсант — гэта сіла. Калі давядзецца ўдзельнічаць, трэба як мага… бліжэй пад’ехаць. Галоўнае… не спяшацца саскокваць. Чым бліжэй да іх, тым… лепей. Я ведаю…

— Ну, вядома, — згаджаюся я, хоць у танкавым дэсанце яшчэ не быў. Але я бачу, як трудна Юрку гаварыць: засмяглыя яго вусны няслушна шавеляцца.

— Так… Дай вады. Пячэ вельмі, халера…

Я прыўзнімаю яго галаву і нагінаю кацялок. Юрка, аднак, бярэ ў рот маленькі, трудны глыток.

— Блага? Ты ляжы. Маўчы лепш.

— Ладна…

Юрка пакутна апускае вейкі і выдыхае.

— Цяпер я няхутка. Даўбанула як мае быць… Цяпер паваляюся. А калі будуць машыны?

— Машыны? Будуць, Юр. Ты пацярпі трошкі. Я чуў, там генерал распараджаўся наконт параненых.

— Ну што ж… — цярпліва згаджаецца Юрка. — Што гэта я хацеў табе сказаць?.. Будзеш ваяваць… раздабудзь эмга сорак два. Не глядзі… што нямецкія. Гэта кулямёты… Класныя… Навучыш хлопцаў… лепш за станкачы будуць. Патронаў… у наступленні хопіць. У мяне чатыры было. Падабраў…

Сэнс ягоных апошніх слоў наводзіць мяне на пэўнае падазрэнне. Падобна на тое, што ён ужо не мае надзеі выкарыстаць свой вопыт і хоча перадаць яго мне.

— Добра, Юрка. Яшчэ паваюем. I дзегцярамі і эмга. Не ўнывай, Юра!

— Та-ак! I яшчэ трэба страляць. У наступленні. А то… яны нас нішчаць, а мы… Слабы ў нас агонь. Стралковы. Панімаеш? Слабіна…

Ён змаўкае, і я не адзываюся. Здаецца, ён засынае. Я толькі пільна ўзіраюся ў ягоны схуднелы за гэты дзень твар, які нерухома шарэе на скамечаным сукне шыняля. Думка-сумненне точыць мяне: ці выберамся адсюль? Я-то яшчэ як-колечы маюся. А вось Юрка… Эх, Юрка, Юрка!..

Я пачынаю прыслухоўвацца да сцішанай гаманы ў хаце, да гукаў знадворку. Цяпер у такім нашым становішчы ўсё мае сваё значэнне… Я думаю, што параненых пара б адправіць у тыл, калі б была дарога. Але калі ніхто аб тым не турбуецца, дык, мабыць, сапраўды ходу адсюль няма. Тады трэба чакаць. Толькі чаго дачакаемся?

За акном неяк адразу віднее — гэта ўзыходзіць месяц. Край яго ярка ўразаецца ў замутнелую ад прымаразку шыбу. У хаце таксама святлае. Толькі па кутах і ў падстоллі туляцца мяккія, шэрыя прыцемкі.

Лейтэнант пад сцяной усё ж ціха перагаворваецца з немцам. Я прыслухоўваюся, і карэспандэнт, заўважыўшы гэта, гаворыць:

— Ён кажа, што вы яго ў палон узялі?

— Не ўзяў. Толькі вёў. Ды не давёў.

— Чаму?

— На танкі наскочылі. Было трое, ды вось адзін застаўся.

Лейтэнант вымаўляе да немца нейкую доўгую фразу. Немец ахвотна і падрабязна адказвае. З іхняй гаманы я разумею толькі некалькі слоў: лерэр, Бунцлау, яфрэйтар. Лейтэнант выслухоўвае і павяртаецца да мяне.

— Яго прозвішча Энгель. Ён сельскі настаўнік з Сілезіі. А яго камарад быў нацыст. Той выпадкова трапіў у палон. Звычайна такія не здаюцца.

I яны напаўголаса перагаворваюцца зноў.

Я міжвольна прыцінаю дыханне, спадзеючыся пачуць нешта цікавае. Аднак разумею па-нямецку я не багата і не магу разабраць сэнсу іх хуткіх невыразных фраз. Здаецца, яны кранаюць філасофію, бо я чую знаёмыя імёны: Кант, Ніцшэ, Шапенгауэр. Лейтэнант пры тым ажыўляецца. Энгель адказвае коратка, нярэдка паціскаючы плячыма.

Аднак яны выпускаюць з-пад увагі Сахно, які, не марудзячы, напамінае аб сабе.

— Лейтэнант, падыдзіце сюды! — стрымана кліча ён з-за стала.

— Вы хочаце мне нешта паведаміць? — пытаецца лейтэнант.

Сахно, аднак, зацята маўчыць, і лейтэнант, памарудзіўшы, нетаропка ўстае з-пад сцяны.

З хвіліну ў іх там адбываецца, відаць, не вельмі прыемная размова, якой мне адсюль не чуваць. I калі лейтэнант вяртаецца на сваё месца, па ягоным выглядзе я разумею, што гутаркі з немцам у іх ужо не будзе. Лейтэнант шматзначна ўздыхае.

— Да, дзіўная камандзіровачка!.. Паехаў напісаць нарыс пра наступленне. Ды вось абярнулася, што сам на аловак трапіў…

— А вы напішыце і пра гэта.

Лейтэнант соўгае бровамі.

— Пра гэта не напішаш.

24

У хаце робіцца ціха…

Мусіць, я пачынаю драмаць, ды раптам прахопліваюся, бо, здаецца, штосьці гаворыць Юрка. Сапраўды, ён неспакойна матляе галавой. Паўшубак споўз з ягоных грудзей, вочы заплюшчаны. З раптоўна ахапіўшай мяне трывогай я дакранаюся да яго лба. Ён сухі і палае ў гарачцы. Юрка на мой дотык, аднак, не рэагуе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: