Быкаў Васіль
Шрифт:
— Ты што, з глузду з’ехаў? — крычу я. — Што ты цяпер ім зробіш?
Нашыя ўсе перабягаюць па схіле ўніз. Там нямецкія танкі ўжо іх не ўбачаць. Гахае ў стэпе і на тым баку ў сяле. Пачалася танкавая дуэль, у якой пяхоце ўжо няма чаго рабіць.
— Не, — упарціцца хлопец і выцягваецца на маім належаным месцы. — Гады! Яны Маскальчука забілі!
Ён раптам хліпае і па брудным твары размазвае слёзы. Позірк яго паныла ўпіраецца ў нямецкія танкі. А тыя кудысь паўзуць і паўзуць. Напэўна, абходзяць сяло.
Тады хлопец хліпае мацней і падхопліваецца з варонкі. Я яшчэ не паспяваю сцяміць, як ён бяжыць з сваімі гранатамі некуды ўбок. Ці не напярэймы танкам?
— Стой! Ты куды? Вярніся!
Але ён нават не азіраецца. Неўзабаве падае ў нейкую варонку, пасля падхопліваецца і бяжыць далей.
Вось дурань! Упартасці і злосці нават залішне, а памяркоўнасці — ні на грош. Няхай нават… ён іх дагоніць, дык што карысці?
Хутка ён дзесьці знікае сярод варонак, мне ж трэба ў сяло. Як гэта ні дзіўна, а здаецца — яшчэ выпадзе пабачыць Юрку. Як ён там, дружа!.. I я выпаўзаю з варонкі на размецены выбухамі снег.
21
Знясіленыя і прыгнечаныя, мы брыдзем па неглыбокім снезе ў сяло.
Нас зусім мала, чалавек з дзесяць. Аднаго двое нясуць на шынялі. Адзін знямогла пляцецца, абапёршыся на таварыша. Усе маўчаць. Нехта проставалосы. Нехта прыціскае да боку абвіслую, як бізун, руку. Я шкандыбаю апошні. Карабін, які нічым не паслужыў мне супроць танкаў, цяпер памагае замест кастыля.
Вузенькай сцежкай па-над тынам мы выходзім на вуліцу і адразу натыкаемся на «віліс» і «додж». Яны дбайна прытулены пад сцяной хаты. Ля іх некалькі камандзіраў. Наперадзе відаць высокая шэрая папаха на маленькім вяртлявым палкоўніку. Гэты палкоўнік нейкім злым вокрыкам раптам спыняе ўсю нашу групу.
— Хто камандзір?
Хлопцы, па адным спыняючыся, паныла маўчаць, поўныя яшчэ перажытым. Нават не верыцца, што мы ўцалелі. А колькі пагінула ў варонках!.. Палкоўнік нецярпліва пераступае валёнкамі і ляскае сябе дубчыкам па халяве. Побач пастала некалькі камандзіраў з ягонай світы. Усе змрочна глядзяць на нас.
— Хто старшы, я пытаюся? — са стоенай пагрозай выкрыквае палкоўнік.
— Ну, я старшы, — падыходзячы, кажа Еўсюкоў. Ён па-ранейшаму расхрыстаны, з прарэхі курткі праглядае нацельная сарочка. Бінт на шыі ўвесь у крыві.
— Хто вы такі? Ваша званне? — тонам, які не абяцае дабра, пытаецца палкоўнік і сціскае голеныя пашчэнкі.
— Старшы артмайстар старшына Еўсюкоў, — змрочна рапартуе старшына, прыставіўшы нагу да нагі.
— Пачаму ўйшлі з вышыні? Хто дазволіў? — строга пытаецца палкоўнік і ва ўпор набліжаецца да старшыны.
Той напружваецца і нядобра зыркае на палкоўніка зацятым позіркам.
— А хто нам загадваў там быць?
Палкоўнік скаланаецца ад гэтае дзёрзкасці і робленым басам крычыць:
— Што? Я вас пытаюся, хто дазваляў пакінуць вышыню?! Вы што — у трыбунал захацелі?
Еўсюкоў неяк няўлад з гэтай строгасцю трудна ўздыхае і расслабляецца ўсёй сваёй вялікаю постаццю.
— Эх, дзе вы раней былі, таварыш палкоўнік!
Маленькі, чыста выгалены твар палкоўніка чырванее ад абурэння.
— Маўчаць! Вы з кім размаўляеце?..
— А пайшлі вы!.. — раптам кідае старшына і, схіліўшы голаў, рашуча крочыць на вуліцу.
Ён неяк аж хістаецца, бы п’яны. Нехта з камандзіраў адступае ўбок, даючы яму дарогу. Двое ўзнімаюць з долу параненага. Хлопцы памалу ідуць за сваім камандзірам.
— Старшына! Загадваю вярнуцца! — крычыць палкоўнік, на абцасах павярнуўшыся назад.
Следам за ўсімі іду я. Якраз параўноўваюся з ім, і недзе ўнутры ва мне загараецца крыўдлівае пачуццё несправядлівасці.
— Ён танкі спыніў. Каб не ён, немцы ўжо тут былі б!
Палкоўнік упіраецца ў мяне вострым позіркам і хвіліну няўцямна глядзіць, нібы не разумеючы, што я сказаў.
— Вы хто такі?
— Малодшы лейтэнант Васілевіч! — адразу ж выпальваю я, з выклікам уставіўшыся ў яго злы твар. Я не баюся. Што ён мне зробіць, параненаму? Усё, на што мы намагліся, было па напіай добрай волі. Не думаючы ўжо выжыць, мы ляглі пад самыя танкі. Сапраўды, дзе ты тады быў, таварыш палкоўнік?
— Марш туды, малодшы лейтэнант! Загадваю падраздзяленню абараняць вышьшю!
— У мяне няма падраздзялення.
— Як няма? Дзе ваша падраздзяленне? Марш адзін, сам! Чорт вас вазьмі! Я вас прымушу!..
— Я ранены! Во, не бачыце? — крычу ў адказ. Пасля перажытага гэты тон і патрабавальнасць, увесь гэты наскок невядомага палкоўніка раздражняе і злуе да ашалеласці.
Палкоўнік нешта крычыць і кідаецца да мяне, замахнуўшыся сваім дубцом. Але тут недзе побач гахае выбух, які, мабыць, першы раз у жыцці, мяне не палохае. Саломай і нейкай трухой б’е ў нашыя твары, чымсьці гарэлым густа асыпае наўкола снег. Палкоўнік падае, і тады я, наперакор сабе, нечакана спахопліваюся: ці не забіты? Чорт з ім, хай бы лепш жыў! Усё ж які-ніякі, а камандзір! Але я дарма палохаўся. Неўзабаве палкоўнік ускоквае, ускокваюць з-пад машын ягоныя камандзіры, і нечы ўстрывожаны голас вусцішна гукае: