Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

У хаце па-ранейшаму відна. Гамана, зрэшты, прыціхла. Мусіць, параненыя спяць. Хоць наўрад ці ўсе спяць — ля парога варушыцца канваір. На нерухомым твары суседа пад сцяной напружана раскрытыя вочы. У іх раздумна трымціць знаёмы мне неспакой — як усё гэта абернецца?

— Юр… Вады, га? На вады, Юра…

Юрка не адказвае, толькі матляе крута адкінутай галавой і дробненька-часта дыхае. У грудзях у яго мокры булькотны хрып, які чуваць нават зводдаль. На вуснах — роспачна-трывожны шэпт:

— Ну!.. Што ты? Мамачка!.. Не трэба!.. Не трэба!.. Ну, што ты! Так!.. Інакш нельга…

Я прыслухоўваюся і разумею — Юрка трызніць. Гэта ўжо кепска: ён у непрытомнасці. Але што рабіць?

— Чаму ты не ідзеш?.. Оля!.. Аленка!.. Ты даруй… Я ўсё разумею… Олечка… Мама!..

Вядома, гэта трызненне, але нейкі час я міжвольна стараюся пранікнуць у сэнс Юркавых слоў. Толькі дарма. Тады я пачынаю баяцца, каб з Юркам не здарылася тое самае горшае, што цяпер так блізка ля яго. I ў гэты час водгукі новай падзеі далятаюць да нашай хаціны.

Спачатку нехта быццам спрасонку няпэўна заўважае: «Гудуць, га?» Заняты сваім клопатам, я не звяртаю на тое асаблівай увагі. Потым да слыху пачынае даносіцца знадворку знаёмы вышынны гул. Ён хутка мацнее, і вось у зямлі пад намі аддаюцца першыя выбухі. Гэта бамбёжка. Праўда, бамбяць дзесь далёка. Ва ўсякім разе, не ў гэтым сяле. Але бамбяць, чуваць па ўсім, немцы. Нехта, напусціўшы ў хату сцюжы, выходзіць на двор. За ім да дзвярэй лезе другі. Сонны спакой у хаце мінаецца. Па кутках пачынаецца буркатня і застарэлы прастудны кашаль.

— Наляцелі каршуны праклятыя! Цяпер дадуць прыкурыць…

— Хоць бы не сюды. Хай іх халера! Страх не люблю бамбёжак.

— Хто іх любіць!

I раптам гул нібы прарываецца з месячнай нябеснай вышыні. Недзе, ужо зусім блізка (ці не на ваколіцы?) гахаюць запар некалькі раскацістых бомбавых выбухаў. Наш дом спуджана ўздрыгвае ўсімі сваімі чатырма сценамі. У куце з бразгатам падае на падлогу кацялок.

— Дачакаліся! — выпальвае хтось у змроку, і па рэзкім крыўдлівым голасе я пазнаю нашага знаёмага лётчыка. — Дачакаліся, маць іх за нагу! Дзе начальства?! — амаль роспачна выкрыквае ён.

Але начальства няма. Мы ўсе тут аднолькава радавыя — параненыя. I толькі Каця, як і шмат ужо разоў у такіх выпадках, грубавата прыкрыквае:

— Ану, усе ўніз! Усе на падлогу! Прэч з лавак!

Параненыя неахвотна злазяць са сталоў, з лавак і месцяцца на доле.

Я пазіраю ў кут — за сталом ужо нікога няма. Сахно, пэўна, недзе схаваўся. I толькі на сярэдзіне хаты — падсветленая месяцам постаць Каці ў накінутым на плечы паўшубку.

— Лажыся, лажыся! I каб ціха. Ніякай панікі!..

Блізка за сялом пачынаецца грымотная калатнеча бамбёжкі. Выбухі, адзін мацней за другі, разрываюць ноч. Зямля кожны раз апантана здрыгаецца. Са столі на нашы галовы нешта сыплецца. Мы, стаіўшы дыханне, ціснемся да падлогі, услухоўваемся і напружана чакаем, калі ж урэшце скончыцца гэтае праклятае выпрабаванне. Нехта тым часам лаецца. Нехта ціха сам сабе стогне. На вуліцы бегатня і ўстрывожаныя рэдкія воклічы. А ля мяне ўсім целам калоціцца, кідаецца ў гарачцы Юрка.

— Мам… Мамачка, стой! Не ідзі. Агонь… Куды ён? Куды коціцца? Трымайце ж вы…

Над хатай цяжкі маторны грукат. Здаецца, з неба рушыцца нешта агромніста-страшнае. Але яно праносіцца ўгары міма, і ноч скаланаюць два выбухі. Агнявыя водбліскі ў вокнах на некалькі секунд асляпляюць нас. Здаецца, разляціцца дашчэнту хата. I нават дзіўна, калі праз імгненне аказваецца, што яна стаіць, як стаяла. Толькі чамусь са спазнелым грукатам расчыняюцца на ганак дзверы. Але гэта не ад бомбы. Гэта нейкі баец урываецца ў наш прытулак.

— Гэй, славяне! — утрапёна крычыць ён з парога. — На тым канцы немцы!..

У хаце сутаргавы рух, і ўсе нямеюць. На імгненне нас скоўвае збянтэжанасць, за якой нехта нядобра лаецца.

— Гінуць, ці што? У канцы канцоў…

— Чаму нас пакінулі? Дзе справядлівасць? Дзе клопат пра раненых?

— Ціха! Ці-ха! — прарываючы гаману, зноў раздаецца голас Сахно. — Я забараняю! Спыніць размовы!

— Хто там забараняе?! — крычыць з-пад лаўкі лётчык. — Ты вунь забарані нас дабіваць. Дзе начальства? Давай начальства!

— Трэба да начальства!..

— Генерала сюды! — гудуць устрывожаныя галасы. Нехта, кульгаючы, спешна выходзіць з хаты.

За ім да дзвярэй прабіраюцца яшчэ двое. Тады ў парог аднекуль з кута лезе сутулая постаць Сахно.

— Стой! Спыніць паніку! Я загадваю!

Хата робіцца як раз’юшаны, растрывожаны мурашнік.

— Пры чым тут паніка?!

— Пайшоў ты…

— Знайшоўся пугала! Не такіх бачылі!

— Ты начальства давай!

— Давай транспарт! Мы таксама жыць хочам.

Людзі ўстаюць, хто можа. Іншыя ляжаць. Бамбёжка, здаецца, уціхае. Гул угары аддаляецца. Мабыць, самалёты павяртаюць назад. Затое становіцца мацнейшай кулямётная траскатня. З расчыненых дзвярэй у хату валяць клубы сцюжы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: