Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Што?

— Кажу, прыедзем, пойдзеце са мной! — гучней крычыць ён проста ў твар.

— Куды?

— Няважна. Куды загадаю.

Ну вось табе і радасць! Не паспелі вырвацца з аднаго ліха, як наперадзе з’яўляецца новае. I, дзіўная справа, гэтыя скупыя словы Сахно ўражваюць тут куды больш, чым усе ягоныя пагрозы там, пад носам у немцаў. Тут ён — сіла, а я — слабак, тут ужо не пашлеш яго куды не трэба — мусіш падпарадкавацца.

Апанураны, я сяджу, прыхіліўшыся плячом да шархоткага боку вежы, і пазіраю ў хмыззё сланечніку, што зноў абступае дарогу. Напружанне мае волі спадае, я зусім абнядужаў за гэтыя суткі. Здаецца нават, што я адчуваю, як тоненька і балюча трымцяць, прагнучы якой-ніякой перадышкі, мае растузаныя нервы.

Ногі, аднак, угрэліся, і ў параненай ступні нібы мітусяцца мурашкі — зайшлася ці адыходзіць, не зразумееш. Затое мерзне рука на вежы. Я хачу пагрэць яе, і толькі расшпільваю кручкі шыняля, каб сунуць за пазуху, як грымотны перуновы выбух расколвае свет. Танк усхопліваецца на дыбкі і на момант нібы завісае ў паветры. Нейкая шалёная сіла адрывае мяне ад брані і шпурляе ў снегавое прадонне.

У першую секунду я не разумею, што здарылася, і, толькі адчуўшы пад сабой дол, няпэўна здагадваюся: міна?! Затым, выплюнуўшы з рота парушысты пякоткі снег, ускокваю сярод бадылёў на калені і зноў падаю. На дарозе, збоч ад яе і яшчэ недзе наперадзе начное сутонне рвуць агняна-чырвоныя выбухі.

— Гр-р-р-р-рах! Гр-рах! Грах-х-х-х…

Не, гэта не міна… Але тады што? Адкуль? У гарачцы я ніяк не магу ўцяміць. Я толькі адчуваю: мы папаліся! У тое ж імгненне мяне пранізвае спалох за Юрку. Спатыкаючыся аб гузакі, я кідаюся да танка. Ён стаіць наўскасяк дарогі. На вежы вёртка мільгае нечая постаць — хтось нібы выскоквае праз люк. I раптам сярод секунднае вусцішнасці да майго слыху даносіцца цяжкі, густа замешаны ў небе гул.

Бамбёжка…

Гэта жахліва! Такая светлая ноч. У стэпе хоць ты збірай іголкі, а тут, на дарозе, танкі. Ну ведама ж, чаго было чакаць? На што спадзявацца? Усё вельмі звычайна, інакш і не магло здарыцца…

Працяты трывогаю, я дабягаю да танка. Абсыпаны снегам, ён, аднак, цэлы. Зверху на ранейшым месцы раскінутыя ногі Юркі. «Нежывы!» — б’е ў голаў спалох. Я кідаюся да борта, каб узлезці наверх, і ледзьве не падаю, спатыкнуўшыся аб немца. Той курчыцца ў доле, прыціснуўшыся да апорных каткоў, абхапіўшы голаў рукамі. Нібы на мерцвяка, я прыступаю на яго спіну і ўзвальваюся грудзьмі на танк.

Зноў зверху абвальны грукат і віск. Але ў зорнай чарнаце не відаць нічога. Тады я зжахаюся, што не паспею, і недарэчна крычу немцу:

— Фрыц! Фрыц!..

Ён, відаць, разумее і зараз жа ўскідваецца да танка. Я хапаю за плечы Юрку. Немец, выцягшы знізу доўгія рукі, прымае на іх Юркава цела. Абодва яны зараз жа падаюць на снег. Ззаду, спераду і навокал расколваюць зямлю магутныя бомбавыя выбухі. Я не спраўляюся скульнуцца з танка, як самы бліжэйшы з іх праглынае мяне ў яркую, на паўнеба агняную прорву, і я з болем апынаюся дзесьці ў снезе. Аднак я цэлы. Я гэта адчуваю і зараз жа ўскокваю на чацвярэнькі. Толькі чамусьці я нічога не бачу — ні танка, ні Юркі. У вачах чырвонае ззянне, і ў ім чорны рой матылёў. На хвіліну я зусім бянтэжуся, не разумеючы, што са мной і дзе я?

Рукамі ў роспачы заграбаю снег, хапаюся за мёрзлы бадыль, кудысь паўзу. У рукавах да локцяў снег. Снег за каўняром, у вушах. А ў вачах — палыхае агняны змрок.

Новыя выбухі зноў кладуць мяне ніц. Пластам снегу завальвае спіну, галаву, ногі. Але я жывы і зноў ускокваю на калені. Нічога не бачачы, я ашалела кручуся на снезе, не разумеючы, куды падацца. I раптам непадалёк з цемры праразаецца штосьці яркае, нейкі агонь… Ага: гэта гарыць танк. Не, не наш, далей на дарозе. Спакваля зямля ў маіх вачах аддзяляецца ад неба. Змрок хутка радзее, я бачу закіданы зямлёй снег, чорнае неба і знаёмы сілуэт нашага танка. З раптоўнай палёгкай кідаюся да дзвюх недалёкіх постацей — немца і распластанага на дарозе Юркі.

Юрка ляжыць на баку. Я перш захінаю ягоныя полы і рыўком падсоўваю яго ацяжалелае цела бліжэй да гусеніцы. Пасля, прыпаўшы да яго, перажываю новую пакутна бясконцую серыю выбухаў. Яны цягнуцца вечнасць. Я чакаю, зацяўшы ў сабе ўсе эмоцыі — і страх і надзею, — намогшыся толькі на адно — стрываць. Выбухі, нават не верыцца, урэшце сціхаюць. Задыхаючыся ад трацілавай горычы, я некалькі секунд прагна хапаю ротам паветра і чакаю новага віску. Але яго нешта няма. Паўза зацішку ўсё большае, вісклівы звон у вушах мацнее. Невядома, ці гэта — цішыня, ці мо я аглох… Але вось наперадзе даносяцца невыразныя галасы, лаянка — здаецца, нешта крычаць ці, можа, камандуюць. Танк побач, нібы жывая істота, здрыгаецца ад матора. Няўжо ехаць?

Я нешта ўскрыкваю. Немец вёртка ўскоквае на танк. З усяе сілы напружыўшыся, я паднімаю Юрку. Немец з натугай узвалаквае яго за каўнер на браню.

I тут танк, люта зароўшы маторам, зрываецца з месца.

Крыўда і злосць, звіўшыся ў клубок, аднак, надаюць мне сілы. Танк мінае мяне, але я ў апошняе імгненне кідаюся ззаду ў гарачыя струмені яго выхлапаў. Лацвей пад рукі трапляе пятля троса. Я хапаюся за яе. Толькі яна нечакана падатна цягнецца, я грузна спаўзаю з брані і нейкі час роспачна валакуся ў дымнае гарачцы выхлапаў. Я хачу крыкнуць, ды ў грымоцці дызеля не чую свайго голасу. I раптам угары — сагнутая постаць немца. Ён нагінаецца і падхоплівае мяне пад паху. З яго дапамогай я ўзграбаюся на танк і знясілена распластваюся на жалюзях.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: