Быкаў Васіль
Шрифт:
Я амаль крычу. Нешта ў маіх паводзінах своевольна вырываецца з-пад кантролю. Ён хмурыцца, ёрзае на стуле і крывіць у грымасе вусны.
— Здаралася. Каралі і за гэта.
— I цяпер вы не раскайваецеся?
Ён ускідвае голаў. У вачах яго застарэлая крыўда і нянавісць.
— У чым?
Ужо мы абодва крычым. За суседнім доўгім сталом паварочваюцца ў наш бок. У другім радзе азіраюцца афіцэры. Я ўскокваю з-за стала. У грудзях знаёмая пустата і слабасць. Зала хістаецца. Я хапаюся за грудзі і, зачапіўшы стул, таропка сігаю на выхад.
Ля швейцара апранаюцца двое маладых. Ён ашчадна ахінае яе плечы плашчом. Яна ўсміхаецца ў трумо, і я падаю побач на стул. Падлога плыве ўбок, сцены хістаюцца. Сэрца рэдкімі, моцнымі ўдарамі б’е ў грудзі. Двое пакідаюць рэстаран.
Стары швейцар аблакочваецца на стойку і з пагардлівым асуджэннем глядзіць на мяне. Я разумею яго маўклівы дакор і думаю, як недарэчна ўсё гэта! Не хапае хіба трахнуцца аб падлогу і апынуцца ў бальніцы. Вядома, скажуць — ад перапою…
— У вас выпадкам валідолу няма?
Швейцар, перш чым адказаць, уздыхае.
— А навошта ён тут будзе? Рэстаран — не бальніца, — бурчыць ён. — Можна піць, але трэба знаць меру.
— Не ў пітве справа, ацец. Тут… панерваваўся…
— Дужа нервовыя сталі, — недаверліва бурчыць стары і тупае ў кут. Наўрад ці ён верыць мне, але ўсё ж неўзабаве вяртаецца да стойкі з нейкай паперкай. Нетаропка разгортвае яе і пракуранымі да рудога пальцамі дастае беленькі круглячок-таблетку.
— Што гэта?
— А ты глыні. Паможа, калі што…
Разважыўшы, я глытаю таблетку. У роце застаецца непрыемны металічны прысмак.
— Ну як?
— Трошкі адыходзіць. Сэрца, ведаеце…
— Эх, сэрца, сэрца! — з мудрай старэчай разважнасцю бурчыць швейцар. — Сэрца, яно — матор. Сапсуецца — з капылоў далоў. Не беражэцеся вы, маладыя.
— Не той час, каб берагчыся.
— Не той? А які ж вам яшчэ трэба. Грошы ёсць. Кватэры дзяржава дае. Пасады. Якога ражна не хапае? Мы, бывала, у вашы гады — абы паесці сыта… А вы?
— Бачыце, калі наясіся дасыта, дык захочацца і жыць па справядлівасці.
— Справядлівасць! — з іроніяй кажа швейцар і ўпіраецца ў мяне цяжкім позіркам выцвілых, відаць, нямала бачыўшых на вяку вачэй. — Вунь збялеў як. У поце. Вось табе і справядлівасць… Ты, гэта, каля акна сядзь. На вецярок. На вецярку яно лепей будзе.
Я перасаджваюся да акна. Фрамуга трохі прыадчынена. Начны вецер варушыць фіранку. За акном дзесьці непадалёк на пуцях асіпла пыхае паравозік. На запасных доўгія саставы зялёных вагонаў. Некалькі жанчын са шлангам мыюць іх блішчастыя жалезныя бакі. На віадуку таропка праходзяць пешаходы. Па той бок за станцыяй свеціцца доўгі рад вулічных ліхтароў. Недзе далёка адзінокім вугальком у святлявым небе гарыць чырвоны агеньчык на заводскай трубе.
Сэрца маё марудна і вельмі неахвотна спакайнее.
26
Заліты месяцам стэп, грымоцце танкаў, смурод газойлі, калючы вецер у твар і цяпло. Так, цяпло. Праўда, толькі ля ног, дзе густа паддзьмувае нафтавым духам праз жалюзі. I ўсё ж рай! Адно трэба трымацца, каб не скульнуцца ад мяккай, але разгоністай танкавай гойданкі.
I мы трымаемся за вежу, учапіўшыся рукамі за яе настылыя поручні. На маіх каленях ляжыць галава Юркі, я адною рукою прытрымліваю яе; немец жа, седзячы збоку, відаць, заняты ўласным клопатам і абыякавы да ўсіх нас. Ля яго, прыхінуўшыся да вежы, стаіць Сахно. На бакавінах і закрылках танка нейкія скрынкі (мабыць, снарады), ля мяне побач слізкае абкоранае бервяно. Следам грукоча другі танк. Там Каця. Яе кароценькая постаць невысока вытыркаецца з-за вежы. Здаецца, нам урэшце пашанцавала — цяпер мы ўжо вырвемся.
Але мы адсталі ад галоўнай калоны і, спяшаючыся, наганяем яе. Марозны вецер пякуча б’е ў твары. Неба ўгары ярка мігаціць мірыядамі зор, і сярод іх гушчару ярка ззяе месяц. Рэзкія сінія цені ад прыдарожных слупоў цягнуцца да самых каляін. Навокал відаць далёка-далёка. У гэтай далечы ззаду засталіся немцы — бачна, як на краявідзе сыплюцца ў ночы імклівыя бліскавіцы трас. Там бой. Там тыя, што па загаду палкоўніка засталіся на прыгорку за сялом, каб даць нам магчымасць вырвацца з бяды. Толькі куды? Здаецца, мы едзем далей на захад, значыць, не ў свой тыл, а туды, глыбей у нямецкі. Гэта не радуе і, вядома, нясе з сабой новы клопат. Але я не хачу думаць кепска: там войска, там сіла баявых часцей, там начальства і арганізацыя, там не дадуць прапасці. Праўда, ззаду, мусіць, не адстануць ад нас немцы. Ім, акружаным, таксама трэба прарвацца туды, на захад.
Я адварочваюся ад сустрэчнага ветру, глыбей у каўнер уцягваю настылую, у бінтах галаву. Але ў такім стане замінае за спіной карабін. Я знімаю яго і з тугою ў душы ўзіраюся ў далёкія адзнакі бою, што бліскаюць у начным мроіве. Толькі мы ўсё ж аддаляемся ад таго злапамятнага сяла. Магутна равучы на пад’ёме, танкі мінаюць стэпавую балку, праскокваюць клін палеглага, няўбранага ўвосень сланечніку. Іскры-трасёры ўдалечыні паступова знікаюць, толькі часам рэдкая чарга невысока ўзлятае над краявідам і гасне. Навокал жа спакойна, і ўсё было б добра, калі б не Юрка. Ён непрытомны. Я шчыльней захутваю на ім паўшубак. Цела яго выдае тут доўгім і няўклюдным, боты ледзьве не дастаюць да выхлапных труб. У гойданцы толькі і чакай, можа спаўзці ў снег. Хоць бы жывым давезці яго да якога санбата. Хоць бы паспець… Наш танк даганяе заднія ў калоне машыны, гойданне і штуршкі робяцца меншыя. Нечакана да мяне нагінаецца і гамоніць Сахно.