Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Немец моўчкі сігае да вежы, і я не дзякую яму. Мне, як ніколі за сённяшні дзень, хочацца крычаць, выць, лаяцца: што ж гэта робіцца? Але я маўчу. Побач ляжыць Юрка. Ягоная галава, матляючыся, б’ецца аб рог зацярушанай снегам скрынкі. Я адчуваю, як мной авалодвае абыякавасць. Да ўсяго. I так спакусліва ёй паддацца. Сахно, здаецца, ужо тут няма, мусіць, дастукаўся. Чорт з ім: у мяне ні радасці ад таго, ні смутку. Мне ўсе роўныя, нават немец. Толькі не Юрка. Крышачку аддыхаўшыся на брані, я з асаблівай вастрынёй адчуваю, што Юрка — мой вечны боль і мой непазбыўны клопат. Радней за яго ў мяне на свеце нікога няма. Устаўшы на калені, я падсоўваю сябра да вежы і тады ў нейкай незвычайна абвостранай да яго чуйнасці здагадваюся: ён стогне. Значыць, яшчэ жывы.

Гэта кранае мяне да слёз, акрыляе, як шчасце. Занадта вялікаю душэўнай цаной аплочана яго жыццё, каб цяпер пагадзіцца на яго пагібель. Я нахіляюся над Юркам, павекі яго ўздрыгваюць і шэры, васковы твар ажывае.

— Юрка!.. Юрачка!.. Юр!.. — крычу я, не ведаючы, што сказаць, чым суцешыць яго. Але я бачу, ён пазнае мяне. Толькі ён не ўсміхаецца, як раней, а скошвае позірк убок і секунд пяць, нібы напружана згадваючы штось, глядзіць угору на месяц. Відаць, ён толькі што апрытомнеў і яшчэ дужа знямоглы. Вусны яго, аднак, слаба варушацца, я нізка нахіляюся вухам, — здаецца, ён штосьці пытаецца.

— Усё добра! Усё добра, Юра! Хутка прыедзем!

— …куды?

— Куды едзем? У шпіталь, Юра! У Знаменку! Там армейскі шпіталь, ты ж ведаеш! — апантана хлушу я. Вядома ж, ён цяпер слабы, як дзіця, і я хачу аберагчы яго ад труднае нашай праўды. Хай ён не ведае яе і не трывожыцца. Так будзе лепш.

Нас рэзка кідае ўбок, я хапаюся за вежу. Побач палае разварочаны бомбаю танк. Груда агнянага жалеза заняла ўсю дарогу; крутымі рыўкамі мы аб’язджаем яе. А там гарыць снег, гарыць гума каткоў, гарыць браня. У каляінах перакруціліся гусеніцы, за канавай ляжыць сарваная выбухам вежа. У паветры гар, дым, смурод. Навокал дарогі густыя вывараціны мёрзлай зямлі і скрозь — глыбачэзныя прорвы варонак. Я з асцярогай пазіраю ў неба, ці не ўдараць яшчэ? Няўжо яны адчапіліся ад нас?

На вежы лязгае люк. Мусіць, каб лепш бачыць дарогу, адтуль вылазіць чорная постаць у шлеме. Чалавек азіраецца на вогнішча і дужым голасам крычыць нам:

— Ну што? Цэлыя?

— Цэлыя, — адказваю я, хоць ён ці чуе мяне.

— Ну-ну! Трымайцеся! Гэта вам не пяхота-матухна. Танкі!

Пайшоў ты са сваімі танкамі, думаю я. Лацно табе ў гэтай сталёвай скрынцы… А вось як нам? Але я не паспяваю што-небудзь адказаць, як на вежы варушыцца другі люк і з яго невысока вытыркаецца ссунутая на бок кубанка. Сахно?..

Так, Сахно. А я ўжо думаў, што ён прапаў. Але, ён не прападзе! Ён адразу акідвае нас маўклівым позіркам, нібы лічыць, і, відаць, задаволены тым, што ўсе на месцы, адварочваецца, каб глядзець наперад.

Толькі доўга глядзець гэтым двум з люкаў не выпадае. Я, мабыць, першы заўважаю, як у зорным небе нібы штосыді мільгае, ці, можа, мне толькі здаецца так. Але зараз жа абапал дарогі ў снезе зноў вырастаюць некалькі высозных выбухаў. Праўда, у гэты раз яны быццам слабейшыя, чым раней. Можа, таму, што рвуць далей? Я дзёўбаюся галавой аб браню. Побач разгоніста лязгаюць люкі. Танк прыбаўляе газу.

Як мага ніжэй мы ціснемся да брані. Танк шалёна імчыць, і мы ледзьве ўтрымліваемся наверсе. А наўкола пачынаецца пекла. Зямля перамешваецца з небам, гаснуць усе да адной зоры. Над дарогай, густа начыненая асколкамі, бушуе снежна-земляная віхура. Я пластам ляжу на брані, цесна падбіўшыся пад выступ вежы, і аберуч трымаюся за Юрку. Я ўжо разумею, што яны не адвяжуцца. Мусіць, яны даканаюць нас. Але будзь што будзе, абы толькі не скінула з танка! Хай б’е разам — чорт з ім! Калі суджана гінуць ад адной бомбы — не страшна. Не такое яно, наша жыццё, каб за яго столькі пакутаваць. Гінуць і не такія!.. Так думаю я, бадай што ў роспачы. I ўсё ж пакутна і страшна чакаць таго моманту, калі ў тваё цела лясне зазублены сталёвы чаранок, здольны перабіць рэйку.

У паветры суцэльны перуновы гром. Выбухі, грукат танкаў, бомбавы віск, скогат асколкаў. Добра яшчэ, што нас з аднаго боку прыкрывае вежа і наша машына апошняя. Дастаецца болей пярэднім. Але перападае і нам. Асабліва з бакоў. На Юрку ляцяць буйныя трэскі ад бервяна. На вежы з таго боку, дзе немец, ярка пыхае, нібы электразамыканне. Бліскае другі раз ужо зусім побач — ля майго пляча… З незвычайнай, амаль фізічнай выразнасцю я адчуваю жахлівую мяккасць майго цела. Як проста яго пранізаць, прабіць, расшкуматаць. Раз за разам асколкі высякаюць з брані пякоткія іскры, пырскаюць на нас акалінай. Але танк, малайчына, не спыняецца. Ён імчыць па дарозе, часам збочваючы. У адным месцы абмінае нерухомую, мусіць, падбітую машыну з адкінутымі люкамі і вялікай дваццаткай на вежы і рэзка тармозіць. Некалькі чалавек чапляюцца за барты, за трос і ўвальваюцца да нас. Я баюся, што затопчуць Юрку, яны і сапраўды не дужа асцерагаюцца. Адзін з іх паранены і сціскае пальцамі акрываўлены бок. Другі, што ў расшпіленай ватоўцы, лаецца і, узлезшы, адразу запускае аўтаматную чаргу ў неба.

— Агонь! Усім агонь! Чаго сагнуліся? Агонь! — крычыць ён на нас з немцам.

Танк кідаецца з боку на бок, я адною рукой зноў хапаюся за скабу на вежы, а немец разам з усімі пачынае гахаць у неба. Я не адразу цямлю, што ў яго — мой карабін, я толькі слаба дзіўлюся: па сваіх? Але неўзабаве разумею, што тут ужо не да меркаванняў маралі, палітыкі — тут бой, і трэба абараніць сваё жыццё.

Яны то бязладна, то залпамі б’юць па-над дарогай, і, мабыць, нікому не ў знак, што крайні ля іх — немец. I я маўчу пра тое — хай страляе. Цяпер я не баюся, што ў яго зброя. Я амаль упэўнены: нам ён благога не зробіць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: