Быкаў Васіль
Шрифт:
— Ведаеце, а я прыняў вас за другога, — шчыра прызнаюся я. — За аднаго свалачнога чалавека. З вайны яшчэ. Гарбацюк спагадліва ўсміхаецца.
— Мусіць, якога здрадніка?
— Не. Ён — не падобны на здрадніка.
— Трус?
— I не трус. Дзе гэта было трэба, ён нават быў храбры. Ды і іншым баяцца не даваў.
— Строгі, значыць?
— Строгі — не тое слова. Хутчэй — бязлітасны.
Гарбацюк павяртаецца да стала.
— Ну, на вайне бязлітаснасць — не грэх…
Нешта мы губляем ніць узаемаразумення. Здаецца, ён не згодны са мной. Але гэта непаразуменне. Як бы яму лепш давесці, што гэта не проста выкананне загаду. Тут іншае. А Гарбацюк тым часам паблажліва ўхмыляецца: у нашай маленькай спрэчцы ён адчувае сябе разумнейшым. З гэтаю ўхмылкай ён далівае ў фужэры піва — спачатку ў мой, а пасля ў свой — і прысоўваецца да мяне бліжэй.
— Я табе скажу з уласнага вопыту. На вайне — там быў парадак, дзе салдаты баяліся камандзіра болей, чым немца, — шматзначна паведамляе ён і далонню рубам б’е па стале. — У такога камандзіра ўсё: і задача выканана і грудзі ў ордэнах.
— А людзі?
— Што людзі?
— А людзі ў магілах?..
Гарбацюк недаўменна моргае вачыма і ёрзае ў крэсле. Відаць па ўсім, маё пытанне застала яго знянацку. Дзе ў такога камандзіра людзі, аб тым ён не думаў.
— Ну, ведаеш… На вайне з гэтым не лічацца.
Ну і ну! Я зусім перастаю яго разумець. Гэты танкіст пачынае мяне здзіўляць. Я даўно не чуў такіх выказванняў. Проста дзіка чуць такое ад франтавіка ў наш час.
Гарбацюк залпам выпівае піва і нахіляецца да мяне.
— Слухай сюды! Вось ты кажаш: людзі, людзі. Памятаю такі выпадак. Пад Віцебскам судзілі аднаго. Малады такі. Ванька-ўзводны. Скараспечаны лейтэнанцік. Вёў батарэю. Адступалі. Наперадзе рачулка. Трэба знайсці брод. Яму б, дурню, паслаць каго. А ён пашкадаваў: той паранены, той хворы, той стары, а той плаваць не ўмее. Ну і пайшоў сам з ардынарцам. Брод знайшоў, перабраўся на другі бок. А там немцы. Ну і сцапалі. Раненага. А ў яго карта. I маршрут. А ў батарэі ніводнага камандзіра. Так і накрылася батарэйка. Лейтэнант, праўда, вырваўся з палону, праз тыдзень прыходзіць. Тут, вядома, і спёкся. А як жа? Пашкадаваў людзей…
— Проста ён дурань, гэты лейтэнант.
— Вось іменна дурань, — дабрадушна згаджаецца Гарбацюк. — А то вось другі прыклад. Судзілі камандзіра танка. Выскачыў з экіпажам раней, чым падбілі. Ударыла балванка, ну ён і крыкнуў: «Пакінуць машыну!» На судзе кажа: хлопцаў пашкадаваў. Ці бачыш, быў упэўнены, што другім стрэлам яго падпаляць. «Тыгр» страляў. Падпаліў сапраўды. А лейтэнант з танка ў штурмбат загрымеў.
Гарбацюк соладка зацягваецца сігарэтай. Нечаканая здагадка прымушае мяне здрыгануцца:
— А вы не пракурорам былі?
Ён чамусьці азіраецца і прыжмурвае ў дыме адно вока.
— Старшынёй трыбунала.
Мне здаецца, што я недачуў.
— Чаго?
— Ваеннага трыбунала, — выразна паўтарае Гарбацюк.
Я не ведаю, што казаць далей, і паціху пераводжу позірк на стол. Цяпер усё зразумела.
Гарбацюк, відаць, прыкмячае маю кароткую збянтэжанасць і адчужана хмурыць бровы.
— А што гэта вы… здзіўляецеся?
— Ды так…
Пальцамі я кручу на абрусе фужэр, няўцямна пазіраючы, як слізгаюць на ягоным баку іскрыстыя адлюстраванні бра.
Гарбацюк засцярожліва азіраецца на маладзёжны стол і ўздыхае.
— Ты, мабыць, думаеш: трыбунал — гэта парушэнне законнасці? Цяпер так модна лічыць. Модна рэабіліціраваць. Модна валіць усё на суддзяў. I ніхто не задумаецца: у імя чаго яны ўсё тое рабілі? Стараліся, выконвалі, недасыпалі, недаядалі, ездзілі на перадавыя, траплялі пад бамбёжку. У імя чаго?
Аднак яго фальшывы запал мяне не кранае. Маімі пачуццямі да гэтага чалавека ўсё болей авалодвае злая іронія.
— Можа, у імя перамогі?
— А як жа? Што, ты думаеш, у ёй няма і нашае пайкі?
— I вялікая гэта пайка?
— А то малая?
Уся нядаўняя да яго прыхільнасць у мяне міжвольна знікае. Я не ведаю, які ён чалавек і які быў старшыня трыбунала. Але па чымсьці няўлоўным у ягоных паводзінах я адчуваю, што гэтая яго гарачнасць у адносінах да свайго мінулага — не так сабе. Ён чымсьці пакрыўджаны, з нечым нязгодны і — ужо гатовы спрачацца, адстойваць сваю незразумелую мне праўду.
Але я з ім спрачацца не буду.
Я не хачу з ім спрачацца, бо я адмаўляю яму ў гэтай ягонай праўдзе. Не можа быць ягонай праўды там, дзе ёсць яго віна. У маіх пачуццях і памяці дагэтуль жыве нямала несправядліва труднага з тых далёкіх часоў. Не забылася, як пайшлі з палка і не вярнуліся хлопцы за здачу пазіцый, якіх нельга было ўтрымаць, за невыкананне невыканальных загадаў, за сутычкі з начальствам і за недазволеныя размовы таксама. Я прыпамінаю ўрэшце старшага лейтэнанта Кротава, які, на шчасце ці на бяду, не дайшоў да рук такога вось старшыні. I за што? Я дык выдатна ведаю, што нізавошта, але гэта зусім не азначае, што Кротаў вярнуўся б у батальён. Але няўжо цяпер, праз шмат гадоў пасля вайны, калі столькі перавярнулася ў грамадскім жыцці краіны, няўжо нічога не змянілася ў свядомасці гэтых людзей?