Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Я хачу запытаць яго аб тым, але Гарбацюк апярэджвае мяне:

— А я і не думаю таіць, хто я і што я, — прыкметна адчужэўшы за хвіліну маўчання, кажа ён. — Я паступаў паводле закону. Калі што, можна падняць архівы. Там усё наліцо. Аформлена і зацверджана. Я грахоў за сабой не лічу. Можна запытаць саслужыўцаў, начальства. Бывала, прыеду ў полк — пачот і павага. Камандзір палка першы чэсць аддае. Хоць я і капітан, а ён падпалкоўнік. Вось як!

Я маўчу. Ён, адчуваю, аднак, хвалюецца, то ёрзае на стуле, то адкідваецца да спінкі. На ягоным мясістым твары — выраз крыўдлівай замкнёнасці.

— Вайна — бязлітасная справа. Там цвёрдая рука трэба. На смерць нікому не хочацца ісці. А што ж — сазнацельнасць? Сазнацельнасць — у газетах. А тут прымусіць трэба. Каб баяліся.

— Слухайце, Гарбацюк! А таго не магло здарыцца, што хто-колечы з асуджаных вамі цяпер рэабілітаваны?

Гарбацюк робіць наіўныя вочы.

— Ну і што ж! Зусім магчыма. Рэабілітаваны — і з Богам. Я ўсяцэла далучаюся і падтрымліваю.

— А вы не баіцёся з такім вось спаткацца на вуліцы?

Гарбацюк кідае на мяне насцярожаны позірк і шчыра здзіўляецца:

— А чаго мне баяцца? Пры чым тут я? Тады былі адны законы, цяпер іншыя. — Ён азірае залу і дадае ўжо спакайней: — Ды і не сустрэнуцца… Яшчэ не сустракаліся…

— Што, усіх да вышэйшай?

— Чаму ўсіх? Не ўсіх. Разбіраліся, — кажа ён і засоўвае рукі ў кішэні штаноў. У вачах яго з’яўляецца выраз нахабнаватай самаўпэўненасці, якою ён нема і амаль варожа працінае мяне.

Так, гэта яго супакойвае. Не сустрэнуцца. Асуджаныя не пагражаюць, сумленне не дакучае. Яшчэ б трохі абяліць, падфарбаваць сябе перад людзьмі, і тады можна лічыцца сумленным чалавекам, нароўні з іншымі.

Гарбацюк устае і, адхінуўшы гардзіну, рашуча расчыняе акно. У залу шырока хлынае паток начной прахалоды. Праз хвіліну робіцца ўжо даволі сцюдзёнавата, і ён надзявае цёмны ў дробную клетачку пінжак з акулярамі і дзвюма аўтаручкамі ў нагруднай кішэньцы. Выгляд яго замкнёны, аднак у думках, мабыць, таксама, як і ў мяне, працягваецца не дужа прыемная размова.

— Не, ты памыляешся, дарагі. Гэта цяпер развялі дэмакратыю. Гатовы ўсіх свалачэй рэабілітаваць. Прэзумпцыя невіноўнасці! Доказы! Балбатня гэта, скажу табе. Калі што, ён усё так перакруціць, што хоць ты яго ўзнагароджвай. Тут трэба пачуццё мець. Нюх. Праўда, у мяне вока было намётана. Я, бывала, на такога зірну — і наскрозь бачу. Доказы дзесятае дзела. Доказ, калі трэба, на кожнага можна сабраць. Вось так!

Ад суседняга стала ўстае той плячысты, у шэрай куртцы бландзін.

— Акно можна закрыць? Дзяўчаты просяць.

Гарбацюк незадаволена павяртаецца і няўцямна глядзіць на хлопца. Той шырокім жэстам захлопвае фрамугу.

— Ану, адчыніце! — змрочна загадвае Гарбацюк і ўскоквае. Бландзін ужо ступае да свайго стала, а Гарбацюк шырока расчыняе акно. — Не вы адчынялі, без вас і зачыняць…

На твары бландзіна кароткая разгубленасць. У шэрых ажыўленых яго вачах пыхае востры агеньчык.

— Дзяўчаты замерзлі! Вы панімаеце?

— Замерзлі — хай дома сядзяць. У рэстаран, як і ў манастыр, са сваім уставам не ходзяць.

— Ну, знаеце!..

Зрабіўшы амаль фехтавальны выпад, хлопец з трэскам захлопвае акно. Гарбацюк з трэскам яго расчыняе. Моладзь за сталом павяртаецца ў іх бок.

– Ігар, хопіць! Нам ужо не холадна.

– Ігар, Ігар! Пакінь яго. Мы зараз пойдзем! — прыўстаўшы, кліча сябра Эрна.

Ігар праз зубы кідае штось абразлівае і вяртаецца за свій стол. Гарбацюк, задышліва сапучы, сядае на сваё месца. Хапаецца за сігарэты. Рукі яго дрыжаць.

— Бачыў! — ківае ён мне. — Бачыў, што робіцца? Блазнюк, малако на губах не абсохла, а глядзі ты! Нахабства колькі!

Ён прыкурвае, кідае на падлогу запалку, на стол — карабок.

— Распусціліся, разумнікі… Як тыя, у вайну. Старэйшы каторы маўчыць ды вініцца. А трапіцца лейтэнант, толькі з вучылішча, на губе пушок, а ўжо філасофію разводзіць. Як жа — дзесяцігодку скончыў! То зброя яму не тая. То загад няправільны. Нахабнікі!..

Я пазіраю на яго прыкметна пакамечаны жыццём твар, маршчыністую кароткую шыю. У глыбока схаваных пад бровамі вачах злосць і яшчэ нешта не то боязнае, не то нахабнаватае. Адбітак нейкай стоенай думкі блукае ў іх глыбіні. Я не хачу думаць пра гэтага чалавека кепска. Але я не бачу ў ім і таго, што мне хочацца бачыць — ні ценю шкадавання, добрасці, адбітка перадуманага і перажытага. Перада мной з выглядам несправядліва пакрыўджанага сядзіць раззлаваны мужчына, які заўпарціўся і не мае намеру ні ў чым адступаць. I ад гэтай ягонай упартасці ў мяне паціху накіпае шаленства. З намаганнем я змагаюся з сабой. Трэба быць спакойным. Маёй зброяй цяпер павінна быць толькі логіка. Яна мне паслужыць верна, бо я — правы.

— Скажыце, Гарбацюк! А вы забілі на вайне хоць аднаго фашыста? — пытаюся я спакойна, наколькі гэта мне ўдаецца.

— Я? А навошта? Навошта мне было іх забіваць? Гэта не мая справа. У дваццатае стагоддзе — поўнае раздзяленне працы. У тым ліку і на вайне. Каму бегчы ў атаку, каму страляць з гарматы. Каму лятаць у небе. А другі ўсю вайну прасядзеў за сталамі ў штабах або варыў сталь. У кожнага свая справа.

— Вашай было — судзіць?

— Ну і што ж? Судзіў.

— Няшчасных за палон? Камандзіраў — за няўзяцце вышынь і вёсак? Лейтэнантаў за размовы? За выдуманы кантакт з ворагам? За начлег у адной вёсцы?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: