Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

— Не злуйся, Цімох, я зараз пайду. Хачу толькі пагаварыць з табою. Я шукаю цябе ўсе гэтыя дні.

Цімох зірнуў на Саўку спасцярожліва, адчуўшы няясны непакой.

— А што табе трэба ад мяне? — усё тым жа халодным тонам запытаў Цімох.

— Я не такі вінаваты, як вы думаеце.

— Ну дык што ж з гэтага? Цябе ж пусцілі.

— Я хачу, каб вы ведалі праўду.

Цімоху не ўсё было ясна ў гэтай справе, і таму ён запытаў болей лагодна:

— Якую праўду?

— Я, Цімох, не буду апраўдвадца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фалынывым партызанам і даносіў ім на вас. Талашоў Максім накіраваў мяне к табе: я распытваў Максіма, як вас знайсці. Наўперад ён не гаварыў мне пра вас нічога. А потым…

— А потым сам стары Талаш сказаў Максіму, каб ён паказаў табе дарогу да мяне, — перабіў Саўку Цімох.

— Сам Талаш? — здзівіўся Саўка.

— I я табе скажу праўду: перш чым ты прыйшоў да нас у лес на разведку, мы ведалі ўсе твае сакрэты і тваю змову з войтам.

Саўка здзівіўся яшчэ болей, а Цімох яшчэ і туману пусціў у вочы.

— Дзівак ты, — сказаў ён, — ды мы ж ведаем, як чые думкі шаволяцца ў галовах, асабліва здрадніцкія думкі. I мы ведалі, што ты прывядзеш сваіх паноў да нас.

Цімох засмяяўся д'ябальскім смехам.

Саўка зусім растраціўся і ў здзіўленні глядзеў на Цімоха. Цяпер сцяміў Саўка, чаму так дружна і гладка сустрэлі там у лесе "паноў", як называе іх Цімох.

— Калі вы ўсё ведаеце, — пачаў збіты з тропу Саўка, — то вы павінны ведаць і пра тое, што я адступіўся ад войта і ад свае службы ім.

— Аднак з панамі ты прыйшоў, — заўважыў бязлітасны Цімох.

Саўка апусціў галаву: што скажаш супраць праўды?

— Але ты, Цімох, не ведаеш, чаго каштавала гэта мне. Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў. Ні войту, ні там на допыце. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Мне расцягвалі жылы і косці. I пасля гэтага я не прызнаваўся. Але калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць.

Але і гэтыя словы не кранулі суровага Цімоха.

— Значыцца, ты няцвёрды чалавек, — сказаў ён.

I супраць гэтага доваду нічога не мог запярэчыць Саўка.

— Тады, калі я варочаўся з лесу, як вадзіў ты мяне ў салаш, я хацеў вярнуцца да цябе і прызнацца, што мяне падаслаў войт і яго сябры.

— Але ж ты не вярнуўся.

— У мяне не хапіла смеласці прызнацца: самому мне агідна стала мая справа, мой учынак. I я не думаў, што ўсё гэта павернецца ў такі бок. Біўся з імі. Войту бок нажом прапароў. Уцёк быў ад іх, вырваўся. Каб мяне тады не злавілі і не аддалі ў рукі катаў, я прыйшоў бы да вас. Напэўна прыйшоў бы.

— Тады б іншая была справа, — суха азваўся Цімох.

Саўка спадзяваўся, што яго прызнанне і каянне хоць злёгку кране Цімоха, што Цімох паспагадае яму, зразумее яго і падтрымае яго ў цяжкую часіну. Але Цімох паставіўся суха і нават варожа ў дачыненні да Саўкі і не азваўся ні словам спагады. Тая бяздонніца, што пралягла між Саўкам і імі, заставалася такою ж цёмнаю і непарушнаю.

Гутарка змоўкла.

Аб чым жа яшчэ гаварыць?

Саўка пастаяў трохі, а потым сказаў:

— Ну, я пайду.

— Ну што ж… — азваўся Цімох, абы толькі азвацца.

Саўка замяўся.

— Можа б, ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? — нясмела папрасіў ён Цімоха.

— Што ж, можна… Пойдзем!

Падышлі да Цімохавай хаты. Саўка прыпыніўся на двары каля хаты. Цімох вынес ёмкі кавалак хлеба. Саўка ўзяў хлеб, падзякаваў.

— Ну, бывай жа здаровы.

— Бывай.

Саўка ступіў крок, спыніўся.

— Болей ад мяне ніякага ліха вам не будзе, не будзе, Цімох. Мне сорамна цяпер пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю чым толькі змагу. Скажы гэта старому Талашу і Мартыну Рылю.

Саўка расчуліўся. Вочы яго набеглі слязьмі.

Яшчэ хацеў штось сказаць, але голас яго абарваўся. Ён цяжка ўздыхнуў.

— Чалавекам стаць хачу, — сказаў ён.

— Ну-ну, — мягчэй азваўся Цімох.

У гэтым "ну-ну" Саўка пачуў нотку спогадзі, і яму стала лягчэй. Хударлявая і высокая постаць яго заківалася і знікла ў глыбі двара за будынкамі і дрэвамі. Цімох пастаяў трохі і правёў яго вачыма.

"Можа, і сапраўды чалавекам стане", — падумаў ён.

Даволі доўгі час пра Саўку не чуваць было нічога. Ні ў Вепрах, ні ў Прымаках яго не бачылі. Аб ім хадзілі супярэчлівыя чуткі. Адны гаварылі, што Саўкі няма жывога, што яго забілі партызаны. Другія даводзілі, што Саўку забралі палякі і задушылі ў астрозе. Трэція трымаліся таго погляду, што Саўку і сам чорт не возьме, што такія людзі, як Саўка, не прападаюць. Іх погляды грунтаваліся на тым, што Саўка не першы раз прападае цэлымі месяцамі. I яны не памыліліся.

Як толькі растаў снег і сышла паводка, а зямля трохі прасохла, Саўка вярнуўся потайкам у сваю хату і нават прынёс сякія-такія гасцінцы жонцы і дзецям. Ён строга-настрога даў наказ дзецям і жонцы нічога не гаварыць аб ім, як бы яго і на свеце няма. Дома сабраў ён весці пра войта і пра яго прыяцеляў. Цэлымі днямі Саўка дзесь прападаў і нікому не паказваўся на вочы. У Саўкі была важная камбінацыя, над якой ён і ламаў цяпер сваю галаву. Саўка не забываў сказаных на развітанні Цімоху слоў, што ён хоча стаць чалавекам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: