Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

21.06. У клiўлэндзкай царкве Жыровiцкай Божай Мацi вiсiць сьпiс з 128 прозьвiшчамi дарослых прыхаджанаў. Сцэну прыцаркоўнае залi некалi размалявала ў духу францускага мытнiка Анры Русо беларуская дзяўчынка Лiда Лазар. Зубры, бярозавы гай, палоска жыта, мацi зь дзiцём на каленях. У руках у малога сьцяжок накшталт таго, што на футбольным матчы Беларусь—Галяндыя пасьля рэфэрэндуму адабраў у майго малодшага сына менскi мiлiцыянт з «Пагоняю» на кукардзе. Найбольшай праблемаю было намаляваць хаты, бо юная мастачка нарадзiлася ўжо ў эмiграцыi. Хаты атрымалiся адметныя: гiбрыды ўкраiнскiх мазанак i таiцянскiх бунгала з палотнаў Гагена.

Клiўлэнд вылучаецца цi не найбольшай у ЗША колькасьцю жыхароў-перасяленцаў з Усходняе Эўропы. У гэтым яшчэ раз пераконваесься ў гарадзкой публiчнай бiблiятэцы, дзе iснуюць прыстойныя зборы кнiжак на польскай, лiтоўскай, харвацкай, украiнскай ды дзясятку iншых моваў. Высокi стэляж з сотнямi беларускiх кнiжак. Неабдымная ўкраiнка ў вышыванцы, адрываючыся ад кампутара, тлумачыць, што набыцьцё кожных 60 беларускiх выданьняў робiцца падставаю для выпуску iнфармацыйнага бюлетэню. Затрымлiваюся каля кнiжак клiўлэндца Аўгена Калубовiча.

Ягоны апошнi зямны прыстанак я знаходжу на мясцовых могiлках сярод iншых надмагiльляў зь беларускiмi прозьвiшчамi: Карнiловiч, Лук’янчык, Дурэйка, Гасьцееў. На помнiку пiсьменьнiку — выява крыжа Сьвятой Эўфрасiньнi. Пад датамi жыцьця можна прачытаць: «Wife Inna 1906 — ». «Wife Inna» — гэта ўдава Iна Каханоўская (яна ж — пiсьменьнiца Аляксандра Саковiч).

Спадарыня Iна ставiць на стол яблыкi і памаранчы. Невялiкая розьнiца ў гадах тым ня менш дазволiла нам трапiць у адну часавую «капсулу». Мы абое былi знаёмыя з гiсторыкам Мiколам Улашчыкам, а ў яе родных Ярэмiчах я вудзiў рыбу, калi плыў зь сябрамi ад вытокаў Нёману да Балтыкi. Мы з гаспадыняю вучылiся на адным факультэце БДУ; праўда, яна — у Пiчэты і Доўнар-Запольскага, а я — у Абэцэдарскага. Што там у Менску? Апошнiя падзеi, вядомыя з ранiшняга званка дахаты, — забарона канцэрту беларускiх рок-гуртоў, ладжанага з нагоды Купальля ды ўгодкаў разгону радыёстанцыi «Беларуская маладзёжная».

Пад’яжджаючы да яшчэ аднаго клiўлэндзкага беларускага дому — сакратара часопiсу «Полацак» Мiхася Белемука й ягонай жонкi, нядаўняй мянчанкi Тамары (сёньня яна якраз атрымала зялёную iмiграцыйную картку i з гэтае нагоды нас чакае ружовае калiфарнiйскае шампанскае), — знаёмлюся з узорам мясцовага беларускага гумару. Шараговы жыхар Клiўлэнду Мiхась Рагуля пасьля грунтоўнага наведваньня бару сядае за руль i выпраўляецца дахаты. «I ты, Мiхась, у такiм выглядзе едзеш?» — спынiўшы яго, дакорлiва пытаецца тутэйшы палiсмэн, таксама беларус. «А ты, Пятро, хочаш, каб я ў такiм выглядзе iшоў?» — адказвае наведнiк бару.

22.06. Афiцыйная сустрэча з «палачанамi». Прысутнiчае дваццаць пяць чалавек плюс пара вавёрак плюс камарэча. Чытаю сваё напiсанае ў 1990-м эсэ «Незалежнасьць — гэта...», якому, вiдаць, з кожным годам наканавана рабiцца ўсё актуальнейшым. Колiшнiх гадаванцаў клiўлэндзкай беларускай школы Вiктара i Джо пiва цiкавiць вiдавочна больш за нашу палiтыку. Нягледзячы на даволi прыстойную беларускую мову, iхняя радзiма — Амэрыка.

Яшчэ адзiн званок у Менск. З нагоды заявак на правядзеньне грунвальдзкiх урачыстасьцяў абласныя прэзыдэнцкiя вэртыкальшчыкi лiхаманкава высьвятляюць, цi не расейцаў разьбiлi пад Грунвальдам нашыя продкi. Пасьля гэткае навiны неапэтытныя калiзii позьняга фiльму жахаў успрымаюцца зь нейкiм асаблiвым настроем i ператвараюцца, так бы мовiць, у алюзii: група рэанiмаваных сатанiнскаю сiлай таварышаў, перапрашаю, — мерцьвякоў захоплiвае гарадзкi крэматорый i заместа спаленьня трупаў запускае iх пасьля адпаведнае апрацоўкi назад да жывых.

23.06. Усе сны былi апанаваныя мерцьвякамi ў розных знаёмых аблiччах. Перакульваючы недаравальна лёгкiя надмагiльныя помнiкi, яны прутка выскоквалi з трунаў, атрасалi з дыхтоўных гарнiтураў зямлю і пачыналi выступаць з дакладамi, сустракацца з працоўнымi, уздымаць сьцягi, езьдзiць зь мiгалкамi, лавiць для сваiх досьледаў прыгожых дзяўчатак i загадваць немерцьвякам пiсаць заявы з указаньнем таго, хто на якой мове хоча гаварыць...

Адмыць сьвядомасьць ад тагасьветнага мярзоцьця, напэўна, здолее толькi Нiягарскi вадаспад, куды вязе мяне на сваiм «траку» прэзыдэнт «Полацку» Янка (ён жа — Джон) Ханенка. Як на амэрыканскiя сумеры, дык падарожжа з разраду недалёкiх — нейкiя 600 мiляў цi трохi болей, бо заедзем яшчэ ў Рочэстэр на полудзень да Натальлi Арсеньневай.

У адзiн цудоўны дзень 1974 году марак савецкага гандлёвага флёту Iван Ханенка ў кампанii двух таварышаў зайшоў у пракляты капiталiстычны супэрмаркет i ў хуткiм часе выйшаў адтуль адзiн, каб заявiць палiцыi, што вырашыў застацца ў Амэрыцы. У нью-ёрскiм аэрапорце яго сустрэне прадстаўнiк Талстоўскага цэнтру князь Галiцын, якi па дарозе ў сваю сядзiбу, да Талстых i Радзянкаў, пачастуе Янку абедам у шыкоўным рэстаране i чамусьці ня выявiць захапленьня, калi на пытаньне пра нацыянальнасьць марак упэўнена адкажа: беларус. (Прыйдзе дзень, калi сярод iншае карэспандэнцыi Ханенка атрымае рахунак за той абед.)

«Цела тут, а душа там, у Беларусi», — пасьля доўгае пярэрвы гаворыць наогул далёкi ад сэнтымэнтальнасьцi Янка.

Мы ўжо круцiмся па вулiцах Рочэстэру, дзе з сынам Уладзiмерам, унучкаю й двума сабакамi жыве легенда нашай паэзii.

Стол сабраны ў садзе пад чарэшняй.

Спадарыня Натальля лiчыць, што паэтаў у беларускай лiтаратуры сёньня меней, чым дваццаць гадоў таму. Прамовiўшы колькi словаў, яна замаўкае, засяроджваецца на нечым сваiм, i тады здаецца, што ў 92 гады чалавек i павiнен углядацца ў iншыя сфэры, а не шчыраваць з гасьцямi. Аднак зьнячэўку гаспадыня падымае сваю шклянку з содавай (але і з глытком вiскi) i кажа саркастычны тост з палiтычнай падкладкаю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: