Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

— Господин Калугин! Интервью для белорусской газеты «Наша Ніва»! Первый вопрос: Вы прибыли сюда в качестве агента Кремля?

Генэрал аблівае нахабу прафэсійным ліпуча-чэпкім позіркам і дастае з кішэні асадку «паркер». Мяне працінае: вось стрэліць зараз якой-небудзь атрутнай стралой...

— Так вы из Минска? — Ён хавае «паркер» у кішэню. — Что-то вы не очень похожи на белоруса.

Ніякіх дакумэнтаў у мяне з сабою няма, і замест іх я пачынаю чытаць генэралу верш Рыгора Іванавіча Барадуліна:

Трэба дома бываць часьцей.

Трэба дома бываць ня госьцем...

— Это намек? — пытаецца пільны спадар Калугін.

Я прапаную яму разбаўленага цынандалі імя Боры Гальперашвілі. Генэрал адмаўляецца. Магчыма, прычына ў тым, што філіжанка ў мяне адна, а ісьці па другую да Боры неахвота.

Банальная ідэя наконт інтэрвію пакідае мяне.

Ну, пайшоў ён у органы адразу пасьля філфаку Ленінградзкага ўнівэрсытэту (ці не пастукваў, як быў студэнтам?). Ну, сядзеў на «дыпляматычна-журналісцкай» пасадзе ў ЗША, закупляючы рэдактараў эмігранцкіх выданьняў. Ну, выдаваў пад псэўданімам «О. Кедров» свае кніжкі, дзе выкрываў акулаў капіталістычнага сьвету. Ну, ажаніўся зь Людмілай Віктараўнай (яна ўжо зьявілася на даляглядзе й занепакоена набліжаецца да нас у штанах колеру бэж). Ну, працуе яна, скончыўшы пэдынстытут, у Інстытуце ЗША й Канады. (Мы й так ведаем, што якраз у пэдынстытутах і рыхтуюць гэткіх спэцыялістаў.) Усё гэта неістотна.

Новую філіжанку я п’ю за генэрала Калугіна, найлепшага з усіх прадстаўнікоў ягонага ведамства, якіх я дагэтуль ведаў.

Ён не паказваў мне сваёй «корачкі», не выклікаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра «нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах». Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.

За вас, генэрал!

Людміла Віктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалі, і яны аддаляюцца ўздоўж шампаністага прыбою. Іхні ўлюбёны адпачынак — дваццацікілямэтровая прыморская прагулянка.

За вас, Алег Данілавіч і Людміла Віктараўна!

Як кажуць у вас у Расеі, скатертью дорога!

Я гляджу на мора. Таямнічая рэч, якую несьлі хвалі, ужо блізка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалі турэцкія пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызіс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады і кладу яго на жвір сушыць.

У крэсла толькі тры нагі, але на ім можна сядзець, што я й раблю, дапіваючы за турэцкіх пралетараў апошнія глыткі. На ўсялякі выпадак я пералічваю грошы ды гляджу на Бору. Крэсла, як быццам прадчуваючы хуткае расстаньне, ня хоча адпускаць мяне.

Паміж мною й Борам адбываецца трэці дыялёг.

— Кто этот человек? — Ён ківае ў той бок, куды пайшоў генэрал.

— Это Калугин, — адказваю я. — Ну тот, генерал КГБ.

— ... и... КГБ... — брудна лаецца Бора.

За час, пакуль я гаварыў з генэралам і сушыў турэцкае крэсла, у «Бары» прычынілася падвышэньне коштаў на цынандалі й хачапуры, аднак мне як старому кліенту Бора адпускае тавар па старым кошце. Ягоны позірк раптам робіцца загадкавым і скіраваным некуды паўзьверх майго пляча.

Я адварочваюся ад стойкі і бачу побач з сваім крэслам нейкага чалавека.

— Эй! — вясёла крычыць ён. — Это твоя стула?

— Моя!

— Можно, я заберу?

— Нельзя!

— Спасибо! — крычыць незнаёмы грамадзянін Абх. ССР (ці незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлівы позірк і, прытуліўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кіруецца ў кіпарысавыя прысады.

На шчасьце, захапіць з сабою мае цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхінаюся да яго, расьсьцілаю газэту «Вечерний Тбилиси», кладу побач з партрэтам Гамсахурдзіі свой трэці хачапуры, дзякую Бору й асабіста дарагому прэзыдэнту і пагружаюся ў залацістую смугу.

Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугін. За мною горы, за якімі сядзіць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх. ССР і незалежнае РГ абрастае новымі варыяцыямі: Грузія ўваходзіць у Абхазію, СССР выходзіць з Грузіі, я выходжу з СССР, СССР выходзіць зь мяне...

Чамусьці ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным і крохкім. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваімі руінамі. Шукаючы духоўнага апірышча, я гляджу на філіжанку з адбітым вушкам. Яшчэ імгненьне, і ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзіўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёні Дранько-Майсюка.

I тут з залацістае смугі колеру разбаўленага цынандалі імя Боры Гальперашвілі прыходзіць паратунак. З гэтае смугі выплывае выснова, якая ўкладваецца ў тры словы: Гамсахурдзія — наш чалавек.

Каб не забыцца, я пішу іх на вільготным пяску буйнымі літарамі:

ГАМСАХУРДЗІЯ — НАШ ЧАЛАВЕК.

Праз хвіліну мне здаецца, што гэта ня надта патрыятычна, і побач я дапісваю:

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Сьвет вакол мяне зноў набывае ўстойлівасьць і надзейнасьць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: