Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

— Гамсахурдзія — наш чалавек! — уголас прамаўляю я, дажоўваючы рэшту гумовага хачапуры й запіваючы яго апошнім глытком Боравага цынандалі, у непаўторным букеце якога відавочна прысутнічае хлёрка.

Няроўны белы язык хвалі ліжа мой надпіс. На пяску застаецца толькі:

НАШ БЕЛАРУСЬ!

Даволі доўга я гляджу на гэтыя шматзначныя словы з каўкаскім акцэнтам. Потым падымаюся і кірую да Боры.

Надыходзіць чульлівая хвіліна разьвітаньня. Я люблю Бору Гальперашвілі й адчуваю патрэбу сказаць яму нешта цёплае. Наш чацьверты дыялёг зусім кароткі.

— Калі ты прыедзеш на Беларусь, — кажу я, — цябе будуць зваць Гальпяровіч.

Не азіраючыся, каб не пусьціць скупую мужчынскую сьлязіну, я іду ў авіякасу.

Лістапад, 1991

У нас у Серабранцы

Пераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.

Вядома, я мог напісаць на канвэрце назву вуліцы й паставіць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насілі, і ў гэтым сэнсе жылося зацішна.

Хто завітваў да мяне на гасьціны, можа засьведчыць, што падвал быў з усімі выгодамі й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзіць на працу, дзе міліцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапіскі.

Пасьля гэтага ў Саюзе пісьменьнікаў запыталіся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранікліся шкадобаю і праз год далі мне кватэру.

Так я і апынуўся ў нас у Серабранцы, і цяпер за пражываньне на маёй плошчы без прапіскі маю законнае права скласьці пратакол на хамяка Хамейні ды на котку Басю (у афіцыйным дакумэнце будзе фігураваць поўнае імя: Басота).

Апрача асобаў сумнеўных і непрапісаных, у нашым доме ў розны час жылі й жывуць людзі прапісаныя, вядомыя ды заслужаныя.

Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калісьці пісьменьнік Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзіў Уладзімер Караткевіч, які, кажуць, браў тут чарку ды сьпяваў песьні ня горай, чым ён гэта робіць у забароненым некалі фільме паводле ягонага раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Цяпер у нас у доме жыве крытык і перакладчык Галіна (ашчаджаючы яе спакой, абыдземся бяз прозьвішча). Жыве таксама паэтка Валянціна, якая зрэдзьчас падпісваецца псэўданімам Віта Гнаная. Атрымліваецца сапраўдная літаратурная віктарына, да якой можна дадаць пытаньне: які вядомы беларускі археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязі з тым, што ў яго ў археалягічнай разьведцы ўтапіліся штаны?

Гэты археоляг, купіўшы новыя штаны, таксама на законных падставах пражывае ў нашым доме.

Тут жывуць Алесь, ажно два Данчыкі і Дануся.

А калі дадаць яшчэ й небясьпечнага ў нядаўнім мінулым нацыяналіста, а сёньня народнага дэпутата Пятра Садоўскага, дык нехта абавязкова скажа: гняздо.

Паблізу нашага дому ёсьць канал, на якім вядуцца качкі. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў «перестройки» і адляцеў кудысьці ў эміграцыю.

А вось яшчэ адзін знаны нацыяналіст прафэсар Уладзімер Конан «перестройку» вытрымаў і па-ранейшаму глядзіць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховіка.

Часам прафэсар можа ўбачыць, як раніцой па беразе каналу бегае парлямэнтар Пятро Садоўскі. Мінакі з захапленьнем назіраюць, як бягун распранаецца й дае нырца. Як кажа адзін з выбаршчыкаў, на тое ён і народны дэпутат.

Прыбег, значыцца, аднойчы спадар Садоўскі раніцай на канал і — у ваду. А на беразе сядзіць рыбак з вудаю. А мо й не рыбак, і ніякая ў яго ў руках ня вуда, а партатыўны перадатчык (як кажуць вэтэраны беларускіх выдавецтваў, «мает рацыю»). Сядзіць гэты вудаль і глыбакадумна так кажа:

— Ну што, Пятро, дабегаўся?

Дэпутат зьдзівіўся, але плыве як нічога ніякага. А вудаль удакладняе:

— Вылазь, Пятро. Пераварот.

Дэпутат зірнуў на дом, а адтуль жонка бяжыць.

Тут ён і зразумеў, што гэта ня жарцікі. Ды якія там жарцікі, калі пісьменьнік Барыс Сачанка гэты пераварот прадказваў ад самай зімы ўжо разоў зь дзесяць.

Народ вудзіў рыбу, а народны дэпутат апрануўся ды паехаў хутчэй у парлямэнт. А тым часам нехта з парлямэнтараў шукаў, куды б зашыцца, нехта, рыхтуючыся да адседкі, культурна складаў у партфэль камплект бялізны з зубной шчоткай, а нехта ехаў ужо ў цягніку ў Санкт-Пецярбург, каб пачынаць усё спачатку.

Карацей, 19 жніўня 1991 году.

Гэта парлямэнтары.

У паспалітых людзей таксама ўзьніклі свае праблемы.

Да мяне, напрыклад, падыходзіць на двары старшыня дамкаму — ціхі такі пэнсіянэр і аматар паддаць, што разьмяркоўваў нам талёны на харч. Быццам падмянілі старшыню: вока гарыць, не раўнуючы, як у якога варашылаўскага стралка.

— Ну, как там, Владимир Алексеевич, ваш Народный фронт?

— А адкуль, прабачце, вы ведаеце, як мяне завуць?

— Э-э, милок, я, к твоему сведению, человек не простой. Я когда-то комсомольский штаб всего Минска возглавлял.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: