Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Акула любiць патэлефанаваць у Менск парою, калi дамавiк першы раз будзiць на курасаднi пеўня, але хачу прызнацца, што, адрозна ад безьлiчы iншых званкоў, зробленых тады, як пеўнi яшчэ толькi засынаюць, каб убачыць салодкiя сны пра свае курыныя гарэмы, тэлефонныя размовы з спадаром Кастусём асабiста мяне анiколькi ня квеляць — здаецца, пасьля таго, як мы некалі ехалi разам у Полацак i ён патрабаваў на аўтастанцыi ў Плешчанiцах, дзе й вады нiколi не бывала, кубак кавы, на што дыспэтчарка, прыслухаўшыся да дзiўнае гаворкi неспакойнага пасажыра, лiтасьцiва дазволiла яму закурыць.
Арына і Караліна
Прытульна й прыемна ісьцi зь дзьвюма маладымi жанчынамi па чыстых i пустых вечаровых вулiцах, дзе зацьвiтаюць сады і распускаецца лiсьце каштанаў, дзе перад фасадамi адпачываюць фантаны і неўпрыкмет пазяхаюць iльвяняты, дзе ў дамоў ёсьць ня толькi нумары, але і iмёны (значыцца, i характары), а — цалкам магчыма — i прывiды.
У гэткiя хвiлiны вас апаноўвае надзея, што так будзе заўсёды: квецень, зялёны туманок нясьмелае лiстоты; моўкнасьць, што не вымагае перакладу; згадкi аб тым, чаго нiколi не адбылося... (Глыток джыну з тонiкам, выпiты ў пабе The Torrington, дзе бармэны ў часы Акулавай маладосьцi ведалi сёе-тое па-беларуску, тут абсалютна нi пры чым.)
З вашым наблiжэньнем да некаторых камянiцаў самi сабою запальваюцца іхнія нумары, а ўвадначас зь iмi й лiхтары пры брамках. Занадта проста будзе сьпiсаць усё на электронiку: а мо лiхтарнi адгукаюцца на жаночыя душы?
Калi б у беларускiх унiвэрсытэтах былi тэалягiчныя факультэты, студэнцкае арго называла б маiх спадарожнiцаў тэалягiнямi. Каралiна з Арынаю — розныя й жывуць у «Фiнчлейскай Беларусi» ў розных дамах. Жывуць дастаткова доўга, каб адчуць іх ня проста жытлом, але складанымi структурамi зь вiдочнаю й невiдочнаю архiтэктонiкай.
Мураванкi на Holden Road слухаюць, глядзяць, усьмiхаюцца й скрушлiва ўздыхаюць, любяць i ня любяць, закалыхваюць i насылаюць мулкае бяссоньне. Яны могуць прасьцюжвацца й пакутаваць на чыхаўку. Яны памятаюць усiх сваiх колiшнiх, сёньняшнiх, а мо й будучых жыхароў i ўмеюць захоўваць гэтую памяць, ня блытаючы пакояў i лесьвiцаў.
Я думаю, што яны любяць Каралiну з Арынаю, i спадзяюся, што некалi гэтым мураванкам зноў захочацца пабачыць мяне.
Янка Дамінік
Mister Jan Dominik — чалавек заможны. Апрача слугi-гiшпанца Рамона, якога ён называе лейтэнантам, Дамiнiк мае ў розных канцах Лёндану колькi дамоў. Над адным зь iх летась залунаў нязвыклы брытанскаму воку бел-чырвона-белы сьцяг, пад якiм атабарылася беларускае пасольства.
Шкадуючы бюджэт Рэспублiкi Беларусi, сп. Дамiнiк вырашыў не прадаваць гэтага асабняка. Дбаючы пра бюджэт уласнае фiрмы, Mr Dominik вырашыў не дарыць яго, каб не плацiць велiзарнага падатку. Параiўшыся, mister са спадаром вырашылi здаць будынак у арэнду на 100 гадоў за 100 фунтаў. Такiм чынам, гаспадар можа цяпер кожны год выпiваць за кошт Беларусi бляшанку прыстойнага пiва, што мы й пажадалi яму рабiць, прынамсi, да канца тэрмiну арэнды.
Ёсьць, праўда, у гэтай iдылii адзiн нюанс: нашыя паслы ў Злучаным Каралеўстве паводле катэгарычнае ўмовы гаспадара будынку мусяць карыстацца беларускаю мовай. Каб ня мучылi цяжкiя сны пра расейскамоўных паслоў, Янка Дамiнiк пакiнуў сабе ў асабняку цеснаваты офiс i, кажуць, бывае страшэнна задаволены, калi вiзытанты прымаюць яго за пасольскага швайцара.
Па дарозе ў пасольства вам можа сустрэцца лёнданскi бомж, якi, смачна пахропваючы ў пракураныя саламяныя вусы, будзе спачываць на вольным паветры ў ахайным сiнiм спальнiку. Бесхацiнец адкоцiцца ў сьне ад сьцяны на сярэдзiну вулiчнага ходнiка, ды гэта анi не сапсуе краявiду й ня выклiча анiякага пачуцьця шкадаваньня. Гэтым лёнданскi бомж будзе прынцыпова розьнiцца з маiм знаёмым менскiм бомжам Апанасавiчам, што мiнулай зiмою, катастрафiчна губляючы зрок, начаваў разам з сабакам Рэксам у калiдоры перад майстэрняю скульптара А. Шатэрнiка.
Прыблiзна ў той самы час, калi лейтэнант Рамон будзе варыць каву й падлiваць нам даўкага партугальскага вiна, радзiма-мацi нарэшце вызвалiць Апанасавiча ад клопату пра пустыя пляшкi ды за адным разам ад усёй iншай жыцьцёвай мiтусьнi. Вызваленьне прыйдзе ў аблiччы выцягнутага на падворак пачварна вялiкага гiпсавага пагрудзьдзя Надзеi Канстанцiнаўны Крупскай. Iдучы з прыбiральнi, Апанасавiч страцiць раўнавагу i, выцяўшыся галавою аб верную паплечнiцу Iльлiча, ужо не пасьпее прашаптаць ёй словаў падзякi.
Дыякан Зьміцер
З дыяканам Зьмiтром апошнi раз мы бачылiся два гады таму на Сёмуху ў Полацку, дзе, колькi я сябе памятаю, у гэты сьвяты дзень абавязкова ідзе дождж. Дыякан быў не ў гуморы — адкуль узяцца таму гумору, калi полацкiя вунiяты тады малiлiся ня ў храме, а ў якiмсьцi «чырвоным кутку».
Мы палуднуем у кiтайскiм рэстаранчыку, куды наса вернуць сабе старыя храмы й пабудуюць новыя. Нягледзячы на густую смаляную бараду, галоўны адцiнак ягонага зямнога жыцьця прыпадзе на наступнае стагодзьдзе, у якiм я таксама разьлiчваю на нейкi кавалак, ва ўсякiм разе сьцiпла спадзяюся дацягнуць да 2029 году, каб наладзiць у Полацку сьвяткаваньне 1000-годзьдзя Ўсяслава Чарадзея i ўзяць з гэтае нагоды келiх добрага старога крупнiку, якi так ганаравалi рознапляменныя айцы-езуiты ў тыя часы, калi Полацак пасьля breve папы Клiмэнта XIV пра забарону Таварыства Iсуса стаўся iхняй сусьветнаю сталiцай.