Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Аднаго разу ў сярэднявеччы большая частка гарнiзону фартэцыi неабачлiва пакiнула горад, выправiўшыся ўгамоўваць неспакойных эстаў. Расейцы перайшлi па лёдзе раку, узялi замак, згвалцiлi i забiлi маладую жонку камэнданта, а ягонага маленькага сына забралi з сабой. Вярнуўшыся з паходу, камэндант умомант вока пасiвеў, колькi дзён, зачынiўшыся ў вежы, тапiў гора ў вiне, а потым загадаў капаць пад ракою лёху.
Праз гадоў пятнаццаць лёха ў Iван-горад была гатовая. Уварваўшыся ў варожы фарпост, камэндант першым чынам вырашыў адпомсьцiць за жонку, пазбавiўшы захопленых расейцаў мужчынскае годнасьцi ў яе першасным сэнсе. У разгар крывавае экзэкуцыi прыцягнулi яшчэ аднаго палоннага. «Сынок! Аўгуст!» — крыкнуў камэндант, кiнуўшыся да юнака з знаёмай радзiмкаю. «Мяне завуць Ваня, а сынок табе — тамбоўскi воўк», — адказаў маладзён i, выхапiўшы ў бацькi корд, вызвалiў камэндантаву душу ад яе зямное абалонкi.
Прамiнула яшчэ сто гадоў, i Нарву захапiў Пётар I. Ён пачаў з таго, што 1700 з 2000 жыхароў гораду дэпартаваў у Расею.
Цяпер душы камэнданта ды iншых забiтых i дэпартаваных расейцамi нарвiчанаў знаходзяць суцеху ў тым, што сёньняшнiя маладыя нашчадкi пятроўскiх салдатаў старанна вывучаюць эстонскую мову, i, калi ня iх дзецi, дык унукi ўжо будуць эстонцамi.
7.
Ёсьць прозьвiшчы, якiмi, здаецца, сам Бог пазначае неардынарнасьць iхніх уладальнiкаў. Згадайце, напрыклад, сваiх знаёмых Караткевiчаў.
Беларуска-эстонскiм культурным таварыствам «Спадчына» ў Нарве кiруе Тацяна Караткевiч. Тры яе родныя сястры таксама жывуць у Нарве i пасьпяхова займаюцца бiзнэсам, пра што сьведчыць i чатырохпавярховы ўласны дом, у якiм жыве адна сястра, i прыморскi пансіянат «Валянцiна», дзе паводле цалкам эўрапейскiх стандартаў гаспадарыць другая, i дзе пад пошум прыбою я нарэшце дачытваю пачаты яшчэ дваццаць гадоў таму з фрагмэнту ў самвыдаце «Палёвы вызначальнiк эстонскiх русалак» Эна Вэтэмаа. «Русалкi сапраўды апынуліся тады ў незаслужанай нямiласьцi, iм выставілі суровае абвiнавачаньне ў небыцьцi, прычым адначасна было палiчана магчымым iнкрымiнаваць iм паразытычны modus vivendi i ўхiленьне ад карыснае грамадзтву працы. Вартым асуджэньня быў прызнаны i той факт, што ўдзел русалак у гiстарычнай барацьбе працоўных за свабоду быў мiнiмальны (на жаль, гэта так); iндыфэрэнтнасьць выявiлi русалкi i пры стварэньнi калгасаў».
Трэба прызнаць, што, адрозна ад эстонскiх каляжанак, беларускiя русалкi выявiлi ўва ўсiх пералiчаных сфэрах непараўнальна вышэйшую грамадзянскую сьвядомасьць ды актыўнасьць. Апрача iншага, яны ў значна меншай ступенi супрацоўнiчалi зь нямецка-фашыстоўскiмi захопнiкамi i ў значна большай — з КГБ. Але, вiдаць, усё ж ня гэтыя ўсьцешлiвыя акалiчнасьцi робяць нас непапраўнымi прыхiльнiкамi «русалкабагацьцяў» шматпакутнай Бацькаўшчыны.
8.
Беларусы i дома, i ў дыяспары вяртаюцца да Беларусi рознымi шляхам. Хтосьцi начытаецца кнiжак. Хтосьцi вып’е ў добрай кампанii патрэбную дозу «белавескай». Камусьцi пашанцуе на настаўнiцу, а камусьцi — на каханка. Адзiн палачанiн служыў у войску ў Туркмэнii i чамусьцi нi з пушчы нi з поля пачаў сьнiць беларускамоўныя сны...
Нявызнаныя шляхi твае, беларуская душа!
Вось, напрыклад, падымаецца з чаркай у руцэ адзiн малады эстонскi беларус-прадпрымальнiк родам зь Вiцебску і апавядае, як улетку дактары паставiлi яму безнадзейны дыягназ, i як ён склаў запавет i ляжаў ад ранку да вечара на Божай пасьцелi тварам да сьцяны. Ды раптам у працэсе гэтага ляжаньня пачала чаўпцiся ў яго ў галаве нейкая бязглузьдзiца. А менавiта тое, як на пачатку 1990-х дэкан даручыў яму на нейкай вечарыне ўнесьцi ў iнстытуцкую залю дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг, i як ён гэты сьцяг уносiў i потым зь iм стаяў усю вечарыну на сцэне. I чаўплася гэтая несусьвецiца i дзень, i два, i тры, аж пакуль хлапцу не захацелася селядцоў з бульбай. А потым — мяса з чырвоным вiном. А потым — амаль як у рамане таго ж Эна Вэтэмаа «Яйкi па-кiтайску» — да дзевак.
У верасьнi былы безнадзейны хворы адчынiў новую краму, а ў сьнежнi прыехаў на сваёй «Таёце» на прэзэнтацыю «Дзесяці вякоў беларускай гiсторыi» У. Арлова i Г. Сагановiча. Праўда, кнiгу чамусьцi не купiў. Магчыма, пакiнуў гэты сродак у запасе.
9.
Я не мастацтвазнаўца. Я проста адчуваю й ведаю, што ўсё, што робiць з скурай i з скуры мая спадарожнiца мастачка Марына — велiкоднае яйка або складаныя вытанчаныя кампазыцыi — гэта таленавiта i шматзначна ў сэнсе ня толькi асацыятыўным, але і фiлязофскiм.
Сьцены галерэi, дзе адбываецца вэрнiсаж, памятаюць Карла XII, i мне хочацца, каб яны запомнiлi й нас. Яшчэ мне хочацца падысьцi да кампазыцыi «Фаўна сноў» i ўкрадня пакласьцi на яе руку, бо так называецца i адна з маiх кнiжак. Але юная журналiстка, якая цiкавiцца не беларускiм мастацтвам, а «нашым» прэзыдэнтам, бярэ мяне за гузiк, выводзiць у фае i пстрыкае дыктафонам.
Яна глядзiць зь непрыхаваным недаверам i кажа, што напрыканцы XX стагодзьдзя гэтага ня можа быць. Я аддаю ёй нумар «Народнай волi» з партрэтамi зьнiклых Захаранкi, Ганчара й Красоўскага i запрашаю наведаць Менск 25 сакавiка. Яна пытаецца, цi не баюся я вяртацца. Найлепей было б адказаць, што зь ёю я мог бы зрабіцца невяртанцам, i потым, пасьля кароткай пярэрвы, дадаць — «нават да нядзелi», але штосьцi ў настроi ўжо непапраўна разладзiлася, i я здольны толькi тупавата пахiтаць галавой.
10.
У гарадку Кiвiылi эстонскiя беларусы паставiлi помнiк пісьменьніку Яну Скрыгану, якi працаваў там пасьля вяртаньня зь лягеру i да новага арышту ў 1949-м.
У мяне да Яна Скрыгана свой сантымэнт. Калiсьцi на нарадзе маладых лiтаратараў у былым Доме творчасьцi СП «Каралiшчавiчы» Ян Аляксеевiч, рэцэнзуючы мой юначы аповед пад назваю «Добры дзень, мая Шыпшына», публiчна квалiфiкаваў гэты найцнатлiвейшы опус як парнаграфiчны. «Чым займаюцца героi Арлова? — рытарычна запытаўся шаноўны мэтар. — I ўдзень i ўначы, перапрашаю, сьпяць!» Было трохi дзiўнавата пачуць такія словы з вуснаў перакладчыка бунiнскiх «Цёмных прысадаў», але сваю добрую справу яны зрабiлi: папулярнасьць, прынамсi, на той нарадзе мне забясьпечылi.