Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Чалавека заўсёды цягне перажыць утульнае бясьпечнае водгульле колішняга жаху. Таму ты наведаеш клайпедзкі дэльфінар і на спэктаклі будзеш нават зрэдку пляскаць у ладкі, асабліва калі «разумная жывёліна» ў нейкім нумары дасьць пудла.

Паланга

Вялікая, параўнаўча зь мініятурнай Нідаю, Паланга ў параўнаньні зь ёю ж выглядае досыць правінцыйна.

Сытуацыю ратуе маляўнічы парк з палацам графаў Тышкевічаў. У палацы — музэй бурштыну, відаць, сапраўды найбагацейшы ў сьвеце. Ты пашыраеш свой кругагляд, чытаючы подпісы да экспанатаў, адкуль, у прыватнасьці, даведваесься, што навечна закутымі ў бурштын знойдзеныя 683 віды камароў, 396 відаў мухаў, 36 — прусакоў, адна яшчарка і аніводнага, нават самага дробнага чалавека.

Вяртаньне

Калі ты кахаў жанчыну, але яна ўжо належыць іншаму і тваёй аніколі ня будзе, то лічыш ніжэй свайго гонару захоўваць да яе ранейшыя пачуцьці й выхоўваеш у сабе новае стаўленьне. У ім два асноўныя кампанэнты: незабыўныя ўспаміны і сёньняшняя ветлівая адстароненасьць.

Тое самае — зь Вільняй.

Зь Нідаю — іначай.

Чэрвень, 2000

Задніца Эўропы

Вас прыкладна шасьцёра.

Вы стаіце на вышыні кілямэтра над роўнем мора. Далёка ўнізе — белыя дамы й чырвоныя дахі вёскі Леўкара, дзе некалі жлукціў віно і займаўся любоўю зь мясцовымі юнакамі Мікелянджэлё Буанароці, што вандраваў тут у пошуках знакамітых кіпрыйскіх карункаў.

Вы — гэта:

ты сам, натхнёны горнымі краявідамі і літрам чырвоненькага;

прафэсар Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Яша, які мае пэўныя праблемы з вэстыбулярным апаратам;

адстаўны цыркавы артыст, а цяпер філёзаф Віктар, муж маскоўскай пісьменьніцы, дзякуючы якой ён у часы СССР аб’езьдзіў Піцунду, Кактэбель і ўсе астатнія гэтак званыя дамы творчасьці, дзе амаль заўсёды меў магчымасьць выпіць зь беларускім пісьменьнікам Алесем Асташонкам, што колькі гадоў таму зьнік зь Беларусі, але не з айчыннай літаратуры;

Дзіма, маладая акулярыстая асоба неакрэсьленае прафэсіі, таксама з Масквы, падобная, зрэшты, да галоўнага героя аповесьці братоў Стругацкіх «Панядзелак пачынаецца ў суботу»;

Дзімаў прыяцель пецярбуржац Саша, мядзьведзяватае дабрадушнае стварэньне, якое ведае пра нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю Мікелянджэлё (як і пра тое, што генію эпохі Рэнэсансу надаралася наймаць кілераў, каб атрымаць выгадную замову), якое пяшчотна абдымае Дзіму і чамусьці лічыць патрэбным паведаміць нам, як учора яны хадзілі здымаць «девочку» (аповед гучыць абсалютна непераканаўча; гэтаксама паэт Анатоль Сыс, прыкладам, мог бы сьцьвярджаць, што гідзіцца гарэлкі);

ваш камандзір, кіроўца «джыпу» і праваднік Жора, што нарадзіўся ў Растове-на-Доне, але ўжо адслужыў у кіпрыйскім войску, які, далікатна кажучы, ня любіць туркаў і добра вывучыў старажытную гісторыю і культуру сваёй другой радзімы, у прыватнасьці, ведае, што ўсе чатыры кананічныя эвангельлі напісаў тутэйшы кіпрыйскі чалавек, якога так і клікалі — Эвангелёс.

Прафэсар Яша трымаецца думкі, нібыта эвангелістаў было чатыры, прычым яны чамусьці пагалоўна аказаліся габрэямі.

Цэлую дарогу ваш старэйшы маскоўскі сябар дыскутаваў з Жорам, што ў якасьці контраргумэнтаў выбіраў усё круцейшыя ды небясьпечнейшыя віражы, пад’ёмы і спускі. У прафэсара Яшы застаецца апошні аргумэнт. З бледнай прабачліваю ўсьмешкай ён перагінаецца цераз парапэт аўтастаянкі і ванітуе на навакольныя кактусы ды на апанаваную турыстамі вёску Леўкара.

Жора мэлянхалічна зрывае дзікую горную кветку і ўскладае яе да двух мармуровых помнікаў партызанам, расстраляным напрыканцы 1950-х гадоў праклятымі ангельскімі калянізатарамі.

Ты думаеш пра пэрспэктывы айчыннага партызанскага руху ў ХХІ стагодзьдзі.

Прафэсар Яша зноў ванітуе на вёску, камяні якой памятаюць Мікелянджэлё і гарачае перарывістае дыханьне ягоных каханкаў.

Дзіма з Сашам абдымаюцца, і табе робіцца за іх радасна.

Філёзаф Віктар прапануе дабавіць.

Жора крыху зьдзіўлены. Жора памятае, што на абедзе ў вясковай тавэрне Віктар ужо прыняў на грудзі найменей два літровыя збанкі.

Адрозна ад віна, якое ў той тавэрне турыстам дазваляецца піць дасхочу, мяса ў вінным соўсе з каляндрай вам падалі роўна 18 кавалкаў, зь якіх філёзаф паклаў сабе адразу сем, пасьля чаго запатрабаваў дабаўкі. Ты ўявіў, як Віктар выпіваў з Алесем Асташонкам і зь нечалавечым апэтытам зьядаў Алесеву закусь, і ў табе закіпела крыўда за беларускую літаратуру.

Тым часам разнэрваваны гаспадар прынес латушку зь яшчэ пяцьцю кавалкамі. Філёзаф задуменна пацягнуў латушку да сябе, аднак ягоны цыркавы спрыт быў ужо ў мінулым, і ты, дробязны, злапамятлівы, але справядлівы, адабраў у расейскага брата мяса і падзяліў яго паміж едакамі не па-брацку, а пароўну.

Прафэсар Яша трэці раз ванітуе на маляўнічы краявід нечым памаранчавым.

Філёзаф Віктар з надзеяю глядзіць на цябе, бо ведае, што запасьлівы беларускі брат прыхаваў з узьбярэжжа пару літраў чырвонага.

Саша зь Дзімам засьцілаюць камяні газэтай. Гэта кіпрыйскі расейскамоўны тыднёвік, які называецца проста «Попка». На першай літары лягатыпу сядзіць гэтая самая гаваркая птушка, якую некаторыя нашыя грамацеі мянуюць «папугаем» (завецца ж яна на не сапсаванай расейшчынаю беларускай мове чыюком). Але ня ўсё так адназначна, бо побач з чыюком прысутнічае і самая сапраўдная, вельмі нават неблагая попка, хоць, на тваё беларускае вока, зусім не такая дасканалая й спакусьлівая, як тыя, што надзвычай часта трапляюцца ў нашым нацыянальным кантэксьце.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: