Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Жыхар Кiвiылi Ўладзiмер Дзехцярук, якi ставiў помнiк Скрыгану, у тую ранiшнюю хвiлiну, калi я пазванiў у ягоныя дзьверы, займаўся прыкладна тым самым, што й героi майго даўняга аповеду. Я шчыра парадаваўся за калегу, якому дарыла адчуваньне вечнасьцi невядомая ўладальнiца футэрка з прыдзьвернага вешака. Мы мелiся працягнуць свой шлях у Талін, і Ўладзiмер — ня быў бы ён аўтарам кнiгi «Сярод белых эстонскiх начэй» i былым мараком — iмгненна ацанiўшы сытуацыю, папрасiў дзесяць хвiлiнаў i роўна праз столькi выйшаў з сваёй кавалерскай двухпакаёўкi ўжо ня ў плаўках, а цалкам гатовы да падарожжа ў сталiцу.

На зваротным шляху мы зноў завiталi да Ўладзiмера. Футэрка не было. На сьцяне вiсеў ручнiчок з вышытай датаю: 25 сакавiка 1918 году. Мне згадалася, як аднойчы я ехаў з знаёмым амэрыканцам родам з-пад Берасьця недзе ў ваколiцах Балтымору, i ён сказаў, што зараз зьвернем, бо тут за 20 мiляў жыве беларус Лёва. Ролю ручнiка ў Лёвы выконвалi пасеяныя на кветнiку бурачкi — памяць пра матулiны грады.

У нядаўнiм мiнулым быў час, калi мы вось так езьдзiлi i зварочвалi ў нас, у Беларусi. У Зэльве жыла Ларыса Генiюш, у Наваполацку — Сокалаў-Воюш, у Маладэчне — Генадзь Каханоўскi... Тады мой сын пытаўся, чаму па-беларуску гавораць адно нашыя знаёмыя.

Болей такога ня будзе.

11.

Па дарозе ў Талiн на рацэ з амаль наскай назваю Ягала шуміць вадаспад. Такая свойская мiнiятурная Нiягара вышынёю восем мэтраў, зь якой нават узiмку хочацца скочыць у пенную купелю. Улетку такi нескладаны нумар выканае для вас першы-лепшы тутэйшы падшыванец, як некалi кожны з нас, полацкiх хлапчукоў, гатовы быў, разагнаўшыся зь берагу, працягам якога служыла шырокая спружынiстая дошка, нырцануць у Палат'y насупраць Спаса-Эўфрасiньнеўскага манастыру. Манашак даўно ўжо вывелі адтуль пад белыя ручкі, пагрузілі на крытую машыну й завезьлі дажываць век у Жыровічы, а ў мурах Крыжаўзьвiжанскага сабору мясцовыя жыхары (дакладней, набрыдзь, што прыехала аднекуль з СССР) гадавалі сьвiней.

Цяпер Божая цьвярдыня адноўленая, i ў ёй па-гаспадарску пахаджаюць праваслаўныя бацюшкi розных рангаў, якiя цьвёрда ўпэўненыя, што Iван IV з Аляксеем Міхайлавічам Цішайшым адбівалі Полацак у літоўцаў і палякаў, але ўрэшце ўсё пайшло намарна, бо нацыяналiсты з дапамогаю Захаду развалiлi вялiкую дзяржаву. Пачутая з вуснаў паломнiка беларуская мова адразу робiць iхнія позiркi напружана-падазронымi; у манастырскiх храмах раз-пораз зьяўляюцца абвесткi, што малiтвы за асобаў з «католическими именами» не адпраўляюцца, а пачуўшы пытаньне, да праваслаўных цi да каталiцкiх належаць iмёны Марыя або, напрыклад, Вольга, як клiкалi першую жонку Вацлава Гаўла, сястра ў Хрысьце адсылае да мацi-iгуменьнi, якая мусiць ведаць, хто такi Гавэл i ў якiх ён дачыненьнях з «истинной» верай.

А ў Палаце, у якую мы некалi сьмела ляцелi «галоўкай», сёньня ня ўтопiш нават хударлявага (вiдаць, з прычыны каталiцкага iмя) каляманастырскага ката, ня кажучы ўжо пра ягоных эстонскiх рудых супляменьнiкаў, болей падобных не да катоў, а да ўкормленых лiсаў.

12.

На Янаў дзень у Эстонii паляць старыя чаўны, на якiх ужо небясьпечна выходзiць у мора. Для гаспадароў гэта заўсёды трагедыя, якую можна параўнаць з стратаю блiзкага чалавека.

Паром «Эстонiя» выглядаў зусiм бясьпечным... Помнiк ягоным пасажырам — чорная жалезная арка або мост з правалам. Мэтал пакрыты сотнямi iмёнаў i прозьвiшчаў. Сярод iх беларускае вока чамусьцi адразу знаходзiць напамiн пра адзiную беларуску. Зусiм маладой Вользе Мiнчуковай зайздросьцiлi: яна выйшла замуж за швэда i ехала ў швэдзкi рай, замест якога паром прывез яе ў рай без усякiх прыметнiкаў. Цiкава, цi ёсьць у ім Беларусь i Швэцыя, нацыянальныя й моўныя праблемы? Цi гатовы хто-небудзь з багасловаў адказаць на гэтыя пытаньнi? Калi ў раi нiхто ня ведае беларускае мовы, а ў апраметнай на ёй яшчэ гавораць, я моцна задумаюся...

13.

На мой дылетанцкi погляд, сярод усiх жывых i мёртвых удзельнiкаў выставы, прысьвечанай эстонскаму мастацтву XX стагодзьдзя, найбольшага посьпеху ў сучаснага спажыўца мастацкiх каштоўнасьцяў дасягнулi аўтары двух твораў.

Першы выкананы ў генiяльна простай тэхнiцы «вiдэа»: на адным экране юрлiвы маладзён пераключае каналы, у вынiку чаго на другiм, насупраць, зьяўляюцца аголеныя прыгажунi i страхалюдзiны, што, у сваю чаргу, выклiкае адпаведныя эмоцыi на твары ў маладзёна.

Аўтары другога шэдэўру карыстаюцца больш складанай тэхнiкай: «organic materials, canvas, video». Арганiку ў гэтым пералiку рэпрэзэнтуе г... аднаго з аўтараў, iмя якога чамусьцi не пазначанае ў анатацыi, хоць ягоныя заслугi перад мастацтвам выглядаюць значна больш важкiмi за даробак калегi. Ананiмнае сьвiнчо ня толькi гадзiць, але i заўзята наварочвае лычом выяўленчы матар’ял на падрамнiк з палатном, у той час, як двухногi суаўтар усяго толькi здымае творчы працэс на вiдэа, каб данесьцi яго да вачэй i розумаў аматараў мастацтва.

14.

Пачуцьцё небясьпекi ўзьнiкла яшчэ на эстонска-расейскай мяжы, за якой нiбыта памацнеў вецер i адчувальна апусьцiлася тэмпэратура. Яно ўзьнiкла i не пакiдала і ў згалелых вёсках, дзе няма ды, здаецца, нiколi й не было нi садоў, нi пчальнiкоў, нi гародчыкаў, i ў раённых расейскiх гарадках, якiя праглася як найхутчэй прамiнуць, не скiдаючы хуткасьцi, як гэта бывае ў нью-ёрскiм Гарлэме або ў «чорных» раёнах Вашынгтону. Не пакiдала i сярод занядбаных палёў з пакiнутым трактарам i нейкiмi невысокiмi асьнежанымi грудкамi, што пасьля апошнiх тэленавiнаў з Грознага найперш асацыяваліся з прыцярушанымi сьнегам трупамi.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: