Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Адтуль, з глыбiнi выстылага й сьцiхотна-пагрозьлiвага ў сваёй закiнутасьцi «русского поля» i выплыла галоўная выснова гэтае вандроўкi. Выснова, што пачала фармулявацца яшчэ дваццаць гадоў таму ў Ноўгарадзе, калiсьцi Вялiкiм, дзе ў нядзелю гараджане выходзiлi на шпацыр па цэнтральнай вулiцы ў стаптаных пакаёвых тэпцях i спартовых трыко.
Пасьля, у нячастыя вiзыты ў братнюю Расею было намешана ўсяго: некалькi дзён у шыкоўным гатэлi «Масква», дзе забiлi Янку Купалу; прыбiральшчыца на Казанскiм вакзале, што ўначы будзiла пасажыраў, «падмятаючы» мокрым брудным венiкам iхныя твары; сустрэчы з разумнымi й адукаванымi калегамi-лiтаратарамi, якiя ня верылi, што ў Менску няма беларускiх школаў, але, урэшце, ня надта засмучалiся, бо расейскiя школы ў Менску былi; бязьмежная расейская гасьцiннасьць i абванiтаваныя сьцены ўладзiмiрскага Ўсьпенскага сабору, якi размалёўваў генiяльны Андрэй Рублёў... Але толькi цяпер, пасьля невялiкай, утульнай, ужо амаль эўрапейскай Эстонii, у час нялюдзкiх гекатомбаў богу iмпэрыi ў Iчкерыi, у разгар якiх была падпiсаная гэтак званая саюзная дамова Беларусі з Расеяй, толькi цяпер, на самым ускрайку тысячагодзьдзя, гэтая выснова легла ў ляпiдарную формулу: КРАIНА БЯЗ БУДУЧЫНI.
У нас ёсьць i застаецца Вялiкая мара — невялiкая ўтульная эўрапейская Беларусь, iдэальны вобраз якой пачне ўвасабляцца ў XXI стагодзьдзi. У iх мары пра такую краiну няма ўжо хаця б з тае прычыны, што няма адпаведнай тэрыторыi, ня кажучы ўжо пра традыцыю цi мэнтальнасьць. Узарваная, расстраляная, разбамбаваная, раскрадзеная, замочаная ў сарцiрах i мара iншая. Колькi б крамлёўскiя дачасьнiкi з прыдворнымi нi паўтаралi заклёнаў пра Вялiкую Расею (што сёньня мае бюджэт, роўны бэльгiйскаму), кожны зь iх i сам з болем цi безнадзейнай абыякавасьцю разумее: наперадзе толькi дэфолты, палiтычныя забойствы, войны, галеча, бунты, «ликующая бессознательность» (М. Салтыкоў-Шчадрын), сэпаратызм, як па-расейску завецца iмкненьне народаў да незалежнасьцi, i ўрэшце — канчатковы распад iмпэрыi, у крывавых канвульсiях якой, магчыма, i здолее нарадзiцца новая руская iдэя. Iдэя свабоднай нацыi. Бо ня можа быць свабодным народ, што панявольвае iншыя народы.
15.
Фары высьвецiлi iх зь цемры ў лесе перад Апочкай. Пасярод бязьлюднай шашы, шырока растапырыўшы рукi, стаялi двое. Двухмэтровы «качок» з шырокiм тварам-маскаю i ягоны трохi нiжэйшы хаўрусьнiк у гэткiм самым «адзiдасе». Нэрвы ў Сашы, Марынiнага мужа, якi быў за рулём, аказалiся мацнейшыя: у апошнi момант «качок», здаецца, пасьпеў адскочыць у кювэт.
16.
«Как сильно чувствуется разница между Россией и Белоруссией тотчас за межою, которая отделяет Псковскую губернию от Витебской! Другой воздух, другая жизнь в моих жилах!» (Аляксандар Адоеўскi)
Сьнежань, 1999
Адкусі галаву вароне
Ніда і ваколіцы
Гатэль
Няхай у тваiм гатэлi батарэi яшчэ савецкага ўзору, затое, магчыма, якраз у гэтым нумары прызначаў таемныя спатканьні Томас Ман, а дзьвесьце гадоў таму ў адну зь зiмовых начэй, ратуючыся ад напалеонаўскiх жаўнераў, грэлася ля камiну каралева Прусii Люiза. Перш чым легчы ў нацепленую грэлкамi пасьцель, яна падышла да марознага вакна i дыямэнтам свайго пярсьцёнку накрэсьлiла на шкле радок Гётэ.
У цябе таксама ёсьць каралева, якой даспадобы некаторыя твае радкi, i якой ты, напэўна, менавiта з гэтае прычыны, падараваў пярсьцёнак з дыямэнтам i аднойчы сказаў, што ў сапраўдную каралеву яна ператвараецца тады, калi на ёй застаецца толькi гэты пярсьцёнак.
Бог
Будынкі й дрэвы, кветнікі і лавачкі, людзі й чайкі — усе жывыя істоты і рэчы тут выпраменьваюць спакой і небудзённую значнасьць.
Няблага атрымліваецца нават у людзей і сьметніцаў.
Пасьля першых келіхаў сухенькага чырвонага ты згадваеш старажытную вэрсію, паводле якой выгнаньня з раю насамрэч не адбылося, ці, дакладней, яно зьдзейсьнілася адно ў мэтафізычным сэнсе: Бог проста пазбавіў людзей разуменьня, дзе яны жывуць.
Асабіста табе бліжэй меркаваньне, што наш сьвет — усяго толькі чысьцец. Але нават калі гэта і так, наведаць ягоны куток, які завецца Нідаю, відаць, усё роўна варта. Хаця б дзеля таго, каб, седзячы ў кавярні на беразе затокі і гледзячы на незварушную чаплю, неспадзявана ўзьбіцца на думку пра тое, што ў Бога, магчыма, значна меней, чым табе ўяўлялася, спагады, затое значна болей гумару ды іншых, зусім чалавечых схільнасьцяў і слабасьцяў.
А за здароўе такога Бога трэба абавязкова выпіць.
Цішыня
Сюды ўжо прыйшла эўрапейская цішыня, не азмрочаная і ценем небясьпекі таго, што на вячэру табе прапануюць трохгадзінны тэлевізійны амлет з нармальных чалавечаскіх яіц з вусамі, ушывымі блохамі й труднасьцямі на пасяўной.
Эўрапейская цішыня абавязкова пазбаўленая расейшчыны і ейнага найгоршага, пасьля мату, увасабленьня — расейскае папсы. Цалкам верагодна, што тут таксама ёсьць «девочки, которые хотят», але ты ніколі не даведаесься пра гэта праз дынамікі.
Sommerhaus von Thomas Mann
Томас Ман неабачліва заарандаваў сабе тут на 99 гадоў кавалак зямлі і ў 1930-м збудаваў у Нідзе, на ўзгорку над затокаю, Sommerhaus на два паверхі.
Брунатны дом зь белымі вокнамі, блакітнымі аканіцамі і гэткага самага колеру вільчыкам над таўшчэзнаю чарацянай страхою з прычолкам — ужо даўно музэй, адзін з наведнікаў якога дзеліцца з спадарожніцаю ўпэўненасьцю, што аўтар «Доктара Фаўстуса» проста ня мог хоць разок не «пайграць» на вось гэтым чорным раялі сваю дарагую Кацю.