Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Нават вельмі павярхоўнае знаёмства зь зьместам «Попки» паміж шклянкамі чырвоненькага нараджае ў тваім сэрцы трывогу за будучыню братняга Кіпру. Выяўляецца, што ўва ўсіх гарадах краіны ўжо ёсьць расейскія школы; што і ў самай задрыпанай вёсцы можна глядзець ОРТ, РТР, НТВ, ТВ-6, ТНТ, ТВ-Центр, НТВ-«Боевик», «Мир кино» і «Наше кино»; што ўва ўсіх шапіках Кіпру прадаецца кніга «русского писателя-киприота» Валянціна Іванова «Апошні рэйс фюрэра» (Іваноў сустрэў на Кіпры чалавека, які разам з Гітлерам і Борманам у апошні момант саскочыў на лятучай талерцы з райхсканцылярыі ў захмарную гімалайскую Шамбалу); што «монах 36 лет, женат, очень мужественный, благородный, умеющий нежно обращаться с женским полом, хочет познакомиться со стройной, замужней и с хорошими манерами женщиной для страстных эротических моментов, тел. в Никосии 20469»...

Прафэсар Яша, глыбока дыхаючы, шпацыруе ўсьцяж парапэту.

Філёзаф Віктар кажа, што Алесь Асташонак можа добра выпіць, але аддае перавагу белай.

Дзіма апавядае показку пра тое, як, сустрэўшы ў лесе Чырвоную Шапачку і высьветліўшы, што тая нясе бабулі загорнутыя ў паперу піражкі, Шэры Воўк запатрабаваў неадкладна аддаць яму паперку; апавядае і пад замілаваным Сашавым позіркам грацыёзна выцягвае з-пад пакетаў зь віном частку «Попки».

Ваш камандзір Жора шэптам лаецца матам, што ўвайшоў у ягоную сьвядомасьць дзякуючы растоўскай маме і суроваму тату — вэтэрану змаганьня за незалежнасьць, якога кіпрыйскія падпольшчыкі некалі пад кулямі праклятых ангельскіх прыгнятальнікаў пасадзілі на рыбацкі баркас і з скупой мужчынскай сьлязінай выправілі па навуку ў вялікую і магутную краіну Саветаў, дзе яго навучылі піць «вогненную ваду», брыдка лаяцца і спакушаць растоўскіх цнатлівак. (Хоць нехта й мяркуе, што «растоўская цнатліўка» — гэта аксюмаран, але, напэўна, тады, у савецкія часы, калі ў нас не было сэксу, цнатліўкі бераглі й пялегавалі свой найвялікшы скарб дзеля кіпрыйскіх патрыётаў нават у Растове-на-Доне, які Жора непатрыятычна называе Растовам-на-дне.)

Жора мацюкаецца, бо наперадзе ў праграме вашага аднадзённага сафары яшчэ наведваньне віннага заводу і вадаспаду на вышыні 1650 мэтраў над роўнем Міжземнага мора.

…Візыт на завод, асабліва падзеі пасьля дэгустацыі, ты ўспамінаеш фрагмэнтарна. Усё гэта нагадвае дзіцячы калейдаскоп зь сьветлых і цёмных шкельцаў. Напрыклад, ты выразна памятаеш, як у размове з паарлелым пасьля ванітаў прафэсарам Яшам ты выкрываў расейскага калегу Фаменку ў тым, што той зусім не з навуковых пазыцыяў адмаўляе існаваньне ў расейскай гісторыі мангола-татарскага прыгнёту, затое табе ані не зразумела, як у тваім заплечніку апынуліся дзьве новыя пляшкі чырвонага, што надзвычай прыдаліся на вадаспадзе, дзе тэмпэратура вады не падымаецца вышэй за 7°C, але ж Дзіма пра гэта ня ведае і прагне яшчэ болей спадабацца мядзьведзю Сашу, а таму з жыцьцярадасным ёкатам «Е…ть в рот!» скача пад ледзяны струмень ува ўсёй экіпіроўцы ўлучна з мабільнікам.

Потым прыроду й сьведамасьць агортваюць густыя паўднёвыя прыцемкі, ад якіх цябе ратуе кароткі асьвяжальны сон дзесьці паміж Пафосам і Лімасолам.

Тым самым Пафосам, дзе некалі выйшла з марское пены Афрадыта, якую, як сьведчыць паданьне, мясцовыя пастухі, не валаводзячыся, пазнаёмілі зь зямнымі рэаліямі, пазбавіўшы нявіннасьці проста на мулкім прыбярэжным жвіры.

І тым самым Лімасолам, дзе кароль Рычард Ільвінае Сэрца, заваяваўшы Кіпр, вянчаўся з Бэрэнгарыяй Наварскай, і дзе прытомленыя крыжовымі паходамі рыцары заняліся вырабам разрэклямаванага дэсэртнага віна «Камандарыя», якое жыхарам нашых шыротаў ты зусім не рэкамэндуеш.

Твой глыбокі здаровы сон, у якім мільгане цалкам цьвярозая думка, што — каб нарадзіцца на Кіпры — Афрадыта забрала прыгажосьць ува ўсіх тутэйшых жанчын, трагічна перапыніць філёзаф Віктар, які на крутым павароце зваліцца на цябе разам з прафэсарам Яшам, што, на шчасьце, абванітаваўшы старажытную вёску Леўкара, ужо анічога ня піў і ня еў.

Далей табе давядзецца, як казаў твой маёр у савецкай арміі, «борствовать», абмацваючы падбітае вока і краем вуха прыслухоўваючыся да разважаньня філёзафа і артыста, якому нерашуча пярэчыць зьняможаны прафэсар МДУ, што чамусьці дагэтуль ня зьехаў у родныя палестыны, якія цяпер знаходзяцца ўсяго за нейкую сотню кілямэтраў і, хочацца верыць, уладна клічуць яго.

Але пакрысе сэнс сылягізмаў чалавека, што неаднаразова выпіваў з А. Асташонкам, даходзіць да цябе, і ты канчаткова прачынаесься, нібы певень на дзіркатай курасадні, на якую раптам абрынулася залева. Рэч у тым, што ты чуеш пра гістарычную неабходнасьць замачыць дзесяцігадовага чачэнскага хлопчыка, які з-за вугла страляе ў фэдэралаў з аўтамата Калашнікава. Хлопчыка — няхай сабе ён і застаўся старэйшым мужчынам у сям’і, бо астатніх ужо замачылі — трэба пусьціць у расход не з прычыны банальнае помсты за тых, каго журналіст П. Шарамет называе «нашими ребятами», а — дзеля пашырэньня арэалу эўрапейскай культуры.

Ты ўдакладняеш, хто ж носьбіт гэтае культуры, і маскоўскі філёзаф урачыста й ляпідарна вымаўляе: «Великая Россия».

Ты дыпляматычна цікавісься, ці трэба ягоныя словы разумець так, што Расея — частка Эўропы, і чуеш абураны адказ: маўляў, а што ж гэта такое, калі не фарпост Эўропы на мяжы азіяцкага сьвету, куды яны, нашыя расейскія братаны, нястомна, на танках, артылерыйскіх ляфэтах і самалётах-бамбавальніках валакуць заваёвы эўрапейскае цывілізацыі.

Маскоўскі філёзаф чамусьці мае сумнеў, што пераканаў цябе, і таму пагрозьліва перапытвае, а што ж такое Расея, па-твойму. Ты — чалавек абачлівы, і таму, з улікам таго, што братаноў (без уліку прафэсара Яшы) трое на аднаго, зьбіраеш у кулак усю сваю добрасуседзкую сымпатыю, высьпеленую за стагодзьдзі суіснаваньня вашых народаў. Зважаючы на ўмовы, ты здольны пайсьці на тое, каб назваць Расею часткаю Эўропы, але твая гатоўнасьць да разумных кампрамісаў таксама мае свой арэал, і ты ляяльна адказваеш, што так, іхняя радзіма — частка Эўропы, а менавіта — ейная задніца. «Что ты сказал?» — раве філёзаф Віктар. «Вонючая задница Европы», — удакладняеш ты і талерантна сьціскаеш у руцэ бутэльку, трымаючы яе за рыльца. «Совершенно верно», — нечакана прачнуўшыся, пацьвярджае пецярбуржац Саша, пяшчотна абдымаючы мокрага да ніткі Дзіму.

«Как ты можешь, ты же писатель, — абвяла кажа філёзаф. — Еще и вонючая…»

Ты міралюбна супакойваеш маскоўскага братана ў тым духу, што задніца — гэта жыцьцёва неабходны орган любога нармальнага арганізму, бо бяз задніцы чалавек ня можа існаваць гэтаксама, як і без галавы, а часам задніца, або, па-беларуску, срака, бывае нават больш актуальнай за галаву (да прыкладу, славуты вершнік без галавы, дзякуючы наяўнасьці сракі, выдатна трымаўся ў сядле, а калі б меў першы орган, але ня меў другога, Майн Рыд проста не напісаў бы свайго раману). Ну а што смуродная, дык на тое яна і срака. Такая ўжо ў яе функцыя, што нават у самой Афрадыты яна наўрад ці пахла амброзіяй.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: