Уладзімір Арлоў
Шрифт:
У чым я абсалютна ўпэўнены па дарозе ў Лiхтэнштайнскi палац (мая дэмакратызацыя зайшла настолькi далёка, што гальштук застаўся ў гатэлi забаўляць пакаёўку), дык гэта ў тым, што прэм’ер-мiнiстар Рэспублiкi Беларусi (нават калi iм стане хтосьцi з былых сяброў, якiя аддрэйфавалi ў вялiкую палiтыку) мяне на прыём нiколi не запросiць. Ня тая, перапрашаю за выраз, мэнтальнасьць.
Дарэчы, пра мэнтальнасьць. Малады ўкраiнскi паэт Валадымыр Цыбулька (ён прыбыў у Прагу на перакладных, ня маючы грошай на зваротны шлях, аднак пасьпеў ужо раскруціць амэрыканскага фундатара й засьведчыць, што ставiцца да расейскiх дэлегатаў, далiкатна кажучы, без празьмернага пiетэту) падлiвае мне мараўскага чырвонага і ненавязьлiва зьвяртае маю ўвагу на паводзiны маскоўскае каманды, якая нейкім чынам пратачылася на прыём ва ўсім сваім нелегітымным і галодным складзе.
Празаік Віктар Ерафееў (ня блытаць з аўтарам «Масквы—Петушкоў» Венядзіктам) дзейнічае паводле простай, але надзейнай схемы: першым кідаецца да смажанага малочнага парасяці, паведамляючы, што заняў чаргу «на всех». Імгненна падрульваюць астатнія два дзясяткі расейскіх майстроў прыгожага пісьменства, і ў выніку нам з Валодзем, якія дыхалі ў патыліцу аўтару «Русской красавицы», не дастаецца нават хваста. Афіцыянт са шкадаваньнем разводзіць рукі і выбачаецца: «Рускія». Абсалютна тое самае адбываецца пры дзяльбе асятра: пакуль мы лыпаем вачыма ды жывімся трошкі большымі за колішнія мэталёвыя рублі лусьцікамі, Ерафееў, яшчэ не дажаваўшы парасяціны, ужо стаіць напагатове каля велізарнае рыбіны.
«Запомнім, Валодзя, — кажу я пану Цыбульку, — калі мы ў чарзе з расейцам і хочам нешта здабыць, мусім стаяць першымі, бо нават апынуўшыся другімі, атрымаем дулю з макам».
Урэшце, ня варта iдэалiзаваць i пасланцоў вольнага сьвету: вярнуўшыся з кубачкамi кавы да свайго столiка, мы бачым, як двое паўднёвакарэйскiх калегаў аплятаюць упрыкуску з чорным хлебам нашыя цестачкi, бадзёра запiваючы экзатычнае славянскае едзiва вiном з нашых келiхаў.
У мiжнароднага сакратара ПЭН-клюбу спадара Алекса Блока манеры, на шчасьце, iншыя. Мы абменьваемся некалькiмi ветлiвымi фразамi па-расейску, бо ён з расейскiх эмiгрантаў i ягонае сапраўднае iмя — Аляксандар Блок.
Калi верыць карткам гасьцей i дэлегатаў кангрэсу, дык побач з намi робiць птушыны глыток з вузкага келiху нэрвовая румынка Анна Бляндыяна, аўтарка блiскучых навэлаў i цудоўнага эсэ пра вольных дэльфiнаў, напiсанага аднойчы пасьля вяртаньня з салёну мадам Чаўшэску, якая, кажуць, прымала яе як родную дачку.
Чэскi прэм’ер Клаўс вырашае прысьвяцiць свой вечар мяцежнай Тасьлiме, што з зайздросным для асуджанай на сьмерць смакам паядае аздобленую кiвi беларыбiцу...
Залiтыя залацiста-зялёным сьвятлом начныя Градчаны плывуць у прасторы зусiм побач зь легкадумнаю поўняй. Ад чароўнага вiдовiшча мяне адрывае калега з Бэнiну, што з грацыёзнасьцю тапiра апускаецца на аўтобуснае крэсла побач са мною, пачынаючы зьвiваць вяровачку сюжэту, якi пагражае скончыцца для мяне дзе-небудзь у экватарыяльных джунглях.
Зацемкі з квітка ў тэатральную кавярню «Viola»
У гэтай кавярнi з амфiтэатрам столiкаў адбываецца вечарына сучаснай расейскай паэзii. Прадстаўнiк гаспадароў зь нечакана ўсходнеславянскiм — хоць прыкурвай — носам папярэджвае паэтаў, што будзе даваць слова паводле чэскага альфабэту i ня болей чым на пяць хвiлiнаў.
Юнна Морыц з артыстычным надрывам чытае пра тое, што
Когда мы были молодыми,
И чушь прекрасную несли,
Фонтаны были голубыми,
И розы красные цвели.
«Даже какие-то белорусы» паважаюць паэтку Ю. Морыц, нават тады, калi яна жыве не ў шыкоўным гатэлi, а — з задрыпаным чайнiкам i нiзкаю сасiсак у расейскiм пасольстве. (Гэта не перашкодзiць нам аднаго разу досыць падрабязна пазнаёмiць яе з мэню нашага сьняданку.)
Яўгенi Рэйн (эвангелiст Лука, якiм ён мне заўсёды ўяўляўся, але ў сучасным эўрапейскiм гарнiтуры) дэклямуе добрыя вершы пра рымскую барахолку.
«Чтобы вы поняли, как я деградировал, — заяўляе А. А. Вазьнясенскi, — вначале я почитаю старые стихи». Старыя тэксты сапраўды ўражваюць больш за новыя, нават i тады, калi далучыць да iх разьвешаныя ў фае парыскiя вiдэомы А. А., сярод якiх добрым веданьнем натуры вылучаецца дупця, прапанаваная воку на асноведзi нейкiх дзьвярэй ад Кардэна.
Зацемкі зь візытоўкі былога футбаліста вышэйшай лігі, а цяпер паэта й рэдактара маскоўскага часопісу
Сустрэча зь фiлёлягамi Карлавага ўнiвэрсытэту. Сюды запрасiлi беларусаў i ўкраiнцаў, а колiшнi футбалiст узьнiк побач нi з пушчы нi з поля — як быццам на нейкім узроўнi было вырашана: «белоруссов и малороссов без присмотра не оставлять».
Папярэдне вызначаная тэма — «ваенная проза», таму галоўнай дзейнай асобаю робiцца Сьвятлана Алексiевiч зь яе жанчынамi зь першай кнiгi i цынкавымi хлопчыкамi з апошняй. (Мы яшчэ ня хочам здагадвацца, што празь месяц грымнуць чачэнскія падзеі й вытворцы цынкавых трунаў зноў запусьцяць свой зьлёгку заржавелы канвэер на поўную магутнасьць.) Гаворка ідзе пра два погляды на Другую сусьветную вайну — з Захаду i з Усходу. Пра тое, што чалавечае жыцьцё ня можа быць роўнае нi трактару, нi танку, нi цэлай дзяржаве. Пра беларускую партызаншчыну (чэхi, якiя да траўня 1945-га ў немцаў практычна не стралялi, далiкатна ня ўпэўненыя, што для нашай нацыi гэта быў найлепшы шлях самазахаваньня).
Маскоўскi калега адчувае сябе пакрыўджаным i рашуча цягне коўдру на сябе. Для пачатку ён паведамляе прысутным, што яны могуць не хвалявацца: усё адно раней цi пазьней Расея, Беларусь i Ўкраiна будуць разам. Прамоўцу вiдавочна смажыць. Асушыўшы бутэльку тонiку, ён працягвае палiтынфармацыю, прычым сярод палiтычных тэрмiнаў усё больш годнае месца займаюць лексэмы «хрен» i «говно», у вынiку чаго студэнтачкi залiваюцца цнатлiвым фiлялягiчным румянкам.
Атрымаўшы слова, я кажу пра Ларысу Генiюш, якая выдала ў Празе сваю першую кнiгу, пра Францiшка Скарыну, пра магiстра Геранiма Праскага i яго казанi ў Вiльнi й Вiцебску, пра пяць тысячаў беларусiнаў, якiя бралi ўдзел у гусiцкiх войнах i пра тое, што якраз дзеля барацьбы з пасьлядоўнiкамi Яна Гуса ў 1436 годзе ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм была ўведзеная iнквiзыцыя, дзейнасьць якой, праўда, трывала ў нас усяго 43 гады. Пытаньнi да мяне не зусiм па тэме. Колькi ў Менску цалкам беларускамоўных школаў? Няўжо гэта ня плёткi, што беларускi прэзыдэнт ня ўмее гаварыць па-беларуску i не выпускае на людзi жонку?