Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Усьлед за дзяжурнай ветлiвай усьмешкаю вы атрымаеце падрабязнае тлумачэньне, як знайсьцi рэкамэндаваны вам гатэль «Lietuva». Высьветлiцца, што гатэль зусiм блiзка ад Лайсвэс алеi, або, у перакладзе, алеi Свабоды, на якой вы ў гэты момант знаходзіцеся, з прыемнасьцю адзначаючы, што за дзесяць гадоў, як вы былi тут апошнi раз, цэнтральная ковенская вулiца зьмянiлася толькi да лепшага. Вашае вока вандроўнiка адзначыць новыя дагледжаныя лiхтарнi, дзясяткi новых кавярняў, пiўных бараў, крамак i крамаў з цалкам эўрапейскiмi вiтрынамi. А вось чаго не зьявiлася, дык гэта нейкага прыкметнага мэмарыяльнага знаку на тым месцы, дзе на пачатку 1970-х гадоў на знак пратэсту супраць савецкай акупацыi вырашыў скончыць самагубствам сваё маладое жыцьцё ковенскі юнак Ромас Калант'a. Калi вы бывалi ў Празе, дык адразу ўспомнiце кветкi і сьвечкi паблiзу помнiку сьвятому Вацлаву, дзе таксама самахоць i з тае ж прычыны разьвiталiся з жыцьцём чэхi Ян Палах i Ян Заiц. Гэтая згадка, магчыма, прымусiць вас задумацца пра таямнiцы славянскае й балцкае душы.

Ваш гатэль знойдзецца на бакавой вулачцы за сотню крокаў ад Лайсвэс алеi, i на ягоным фасадзе вы ўбачыце, вiдаць, адзiнае ацалелае на ковенскіх шыльдах расейскае слова «Гостиница». Ад яго, як i ад велiзарнага прыцемнага фае, высознае столi i лесьвiцы з бардовай дарожкаю густа павее шасьцiдзясятымi гадамi мiнулага стагодзьдзя, але ваш нумар будзе ўтульным i цёплым, а тэлевiзар прапануе дзясяткi два праграмаў з поўнай гарантыяй адпачынку ад сэлектарных тэлебiтваў за ўраджай.

Праўда, сядзець у нумары няма рахубы, бо амаль побач Музэй Чурлёнiса й Мастацкая галерэя, падараваная гораду адным з суайчыньнiкаў-эмiгрантаў. Дзесяць гадоў таму вы бачылi ў галерэi вялiкае палатно Марка Шагала. Карцiну ня ўкралi i не адправiлi на выставу. Проста выявiлася, што эмiгранту-мiльянэру нейкi спрытнюга збыў за пару сотняў тысяч «зялёных» не арыгiнал, а майстравiтую перамалёўку.

Вашае расчараваньне кампэнсуе выстава твораў амэрыканскiх фотамайстроў, дзе цэнтральнае месца будзе займаць сэрыя мiнэтаў, увекавечаных у вялiкiм памеры й шыкоўным колеры. Вы знойдзеце тут кампазыцыi на любы густ: юнак з старой, стары з амаль дзяўчынкаю, аднаполыя пары ды разнаполыя трыё. Дамiнантаю гэтага хваласьпеву мiнэтам будзе акрабатычны аўтамiнэт у выкананьнi смуглявага апалёну з Тэхасу або Калiфорнii.

Зноў апынуўшыся на Лайсвэс алеi, па дарозе да Ратушнага пляцу вы захочаце запiць мастацкiя ўражаньнi глытком чырвонага вiна. У гаспадара кавярнi, падобнага да сiвога барадатага Гэмiнгўэя з папулярнага здымку, чамусьцi ўзьнiкне да вас нечаканая, зрэшты, цалкам бяскрыўдная сымпатыя. Ён падсядзе да вашага столiка з кілiшкам 50-градуснага «сукцiнісу» i пасьпее расказаць пра высокую кватэрную плату ды пра тутэйшых бандытаў, што сёньня апоўднi проста на вулiцы эксклюзіўна прыватызавалi ягоны мабiльны тэлефон.

Вашая сустрэча з бандытамi адбудзецца не каля заснаванага ў ХIV стагодзьдзі сабору сьвятога Вiтаўта, i не каля чысьцюткай готыкi дому Пяркунаса. Яна адбудзецца ў самай дэмакратычнай ковенскай рэстарацыi «Эльф». Там штовечар гарыць вялiкi камiн i грае джаз. Там на велiзарных талерках прыносяць гэткiя ж велiзарныя карбанады. Там зьбiраюцца студэнты, і, палахлiва азiраючыся, смокчуць пiва старшаклясьнiцы. Там зусiм бясьпечна, бо байцы вядомай на крымiнальным фронце «Ковенскае брыгады» ў гэтых сьценах проста адпачываюць.

Побач з брыгаднымi шарагоўцамi й камандзiрамi мужчынскае вока зьмецiць зь дзясятак тых, каго Аляксандар Купрын калiсьцi назваў «ахвярамi грамадзкага тэмпэрамэнту». Праўда, гэтых упэўненых, бадзёрых і гаваркiх наведнiцаў «Эльфу» ахвярамi можна будзе назваць хiба што мэтафiзычна. Вы адчуеце, што значна большыя шанцы стаць ахвяраю маюць iхнія клiенты, а таму, падсеўшы да камiну, будзеце мэлянхалiчна ўгамоўваць свой грамадзкi тэмпэрамэнт фiрмовай лiтоўскай настойкаю «Паланга».

Пасьля чацьвертага цi пятага кiлiшку вы зь невыказна цёплым пачуцьцём падумаеце пра жанчын сваёй сiнявокай Беларусi ды адчуеце з гэтае прычыны ейнае неадольнае прыцягненьне.

Вось толькi вяртацца ў Менск — дзеля спакою душы й чысьцiнi ўражаньняў — вам захочацца ў аб’езд Вiльнi.

Сакавiк, 2001

Сланы Ганібала

Гэтая гісторыя пачалася тады, калі на тваёй полацкай вуліцы быў усяго адзін тэлевізар, глядзець які да Цымэрманаў увечары набівалася чалавек па трыццаць. Але табе болей падабалася хадзіць у раённую дзіцячую бібліятэку. На яе паліцах ты і знайшоў аднойчы кніжку пад загадкава-вабнай назваю — «Сланы Ганібала».

Праўда, з твару гэты намаляваны на вокладцы Ганібал быў падазрона падобны да дзядзькі Грышы Цымэрмана, які рамантаваў на рынку абутак. Але хутка выявілася, што падабенства мела цалкам выпадковы характар. Ганібалавага бацьку клікалі не Абрамам, а Гамількарам.Тэлевізара ў Ганібала не было, затое ён камандаваў войскам старажытнага Картагену, ваяваў супроць Рыму і разам з сваімі баявымі сланамі зьдзейсьніў бліскучы паход празь Пірэнэі і Альпы.

У тое лета вы колькі разоў гулялі на ўтравелых полацкіх вуліцах у вайну Картагену з Рымам. У вайсковых дзеяньнях на баку картагенцаў бралі ўзел і баявыя сланы. Сланом згаджаўся быць твой сябар Вова Цымэрман, дужы габрэйскі хлопчык, які зь пятае клясы займаўся ня шахматамі, а вольнай барацьбой і вазіў цябе на плячах лёгка, як ката.

Ад таго часу праміне цэлае жыцьцё, у якім Картаген ніколі ня будзе тваёй запаветнаю марай. Ты нават ня будзеш ведаць, якую візу трэба атрымліваць, каб патрапіць у родны горад двайніка дзядзькі Грышы Цымэрмана.

Аднак пакручастаму сюжэту твайго жыцьця будзе заўгодна, каб першым кутком Афрыкі, куды цябе закіне, стаў Туніс, дзе ты ўсьцешана даведаесься, што валадар грозных сланоў рос і сталеў зусім побач з цэнтральным пляцам аднайменнай сталіцы краіны.

Сярод безьлічы партрэтаў бацькі нацыі Бэн Алі, які па шматлікіх просьбах працоўных арабаў і бэрбэраў рулюе дзяржавай ужо, здаецца, чацьвертую пяцігодку, ты і адшукаеш абвестку з запрашэньнем наведаць Картаген, а, пералічыўшы свае дынары, у профілі Ганібала на адной з купюраў з радасным зьдзіўленьнем пазнаеш сэміцкія рысы дзядзькі Цымэрмана.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: