Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Філёзаф даволі неспадзявана ўгамоўваецца і яшчэ болей неспадзявана паведамляе, што па маці ён — габрэй. Ты адкладаеш убок зброю інтэлігента — бутэльку і ўголас прыгадваеш радкі габрэйскага савецкага паэта Арона Вяргеліса:

В твоей крови слиянье двух кровей,

Огонь ее от матери твоей…

«Совершенно верно», — бадзёра пацьвярджае Саша.

У цябе яшчэ засталася пляшка паўсухога чырвоненькага, каб выпіць за перамогу сусьветнае жыда-масонскае змовы супроць Расеі. Але ты адчуваеш, што страшэнна стаміўся — быццам пражыў у «саюзнай дзяржаве» не адзін сёньняшні дзень, а цэлы год.

Табе прагнецца хутчэй дапасьці да твайго апартамэнту ў Лярнацы, побач з саборам сьвятога Лазара, дзе сьвечкі пахнуць нэктарам і пылком з матыльковых крылцаў, і выпіць сваю пляшачку з кім-небудзь, хто не пашырае арэалу эўрапейскае цывілізацыі, а тады — хуценька паспаць, каб заўтра падняцца разам з сонцам і прыйсьці на ціхі пляж, дзе пакуль няма расейскіх песьняў і расейскіх надпісаў і ты можаш супакоена паплаваць і, патрыятычна абстраканы пільнай ранішняю мэдузаю, выцягнуцца на сонейку, ленавата назіраючы за шматлікімі кіпрыйскімі катамі, якія традыцыйна ня ловяць мышэй, бо прывезеныя сюды дзеля паляваньня на зьмеяў, і гэтаксама ленавата пагадзіцца з Самэрсэтам Моэмам, што поўдзень сапраўды абвастрае пачуцьці, але прытупляе розум.

Прывабленая кірыліцай на вокладцы твайго часопісу, да цябе падрулюе пляжная парачка з пытаньнем, ці не гаворыш ты па-расейску, і ты, ва ўладзе тае самае ўтульнае ленаватасьці розуму адкажаш ім не «идите вы на…», а «I don’t understand» і, не адыходзячы ад мора, прапусьціш праз асьмяглы арганізм шклянку чырвоненькага, што ў цябе з сабой, і ўзгадаеш Зянона, але не таго, а іншага, які нарадзіўся тут, у антычным Кітыёне, што стаяў на месцы Лярнакі, і які, пасталеўшы, заснаваў афінскую школу стоікаў.

Потым, паводле нейкай няўлоўнай асацыяцыі, на памяць усплыве аднаклясьнік, які цяпер працуе ў адміністрацыі прэзыдэнта, а калісьці, у школе, выславіўся тым, што быў перакананы, нібыта Атэла — істота ніякага роду. Ты падумаеш, што гэтае Атэла задушыла нявінную Дэздэмону зусім блізка ад твайго пляжнага лежака, у Фамагусьце, куды варта было б зьезьдзіць, каб не дэмаркацыйная лінія, якая пасьля вайны 1974 году адрэзала Фамагусту ад грэцкае часткі востраву, ператварыўшы колішнюю рэзыдэнцыю вэнэцыянскіх намесьнікаў у мёртвы горад…

Пасьля чарговае шклянкі порсткай жужалкаю сьлізгане прыемная думка, што дэмаркацыйная лінія — не заўсёды зло, і на гэтай дыялектычнай выснове ты шчасьліва засьнеш пад ласкавым кастрычніцкім сонцам, паклаўшы пад голаў сьвежы нумар «Arche» і апошні нумар ужо амаль дабітай «Крыніцы».

Табе будзе сьніцца далёкая радзіма, яе даверлівыя блакітныя вочы і крамяныя белыя дупці, дэмаркацыйная лінія пад Шкловам, джыпы зь вялікімі літарамі UN на менскіх вуліцах і помнік першаму прэзыдэнту, пры якім будзе стаяць ганаровая варта зь дзяўчатак у паркалёвых купальніках і нядошлых хлопчыкаў у чорных сямейных трусах. Надпіс на манумэнце будзе зроблены лацінкаю, і ты будзеш ускладаць да яго кветкі, пакутліва намагаючыся разгледзець дату пасьля працяжніка.

Лістапад, 2000

Уiк-энд у Коўне

З таго дня, як воляю Сталiна Вiльня апынулася па-за межамi Беларусi, рака Вiлiя, цi лепей па-наску — Вяльля, магла б ужо наталiць смагу ўсiх марсiянскiх пустэльняў. Але, не ўважаючы на ўсе намаганьнi новых гаспадароў Вiльнi, колiшняя сталiца Вялiкага Княства нi ў савецкай Лiтве, нi пасьля аднаўленьня незалежнасьцi так i ня стала лiтоўскай. Гэта проста немагчыма для гораду, заснаванага крывiчамi. Для гораду, дзе працаваў друкарскi варштат Скарыны i выходзiла «Наша Нiва». Дзе быў Беларускi музэй i пiсаў свае змрочныя камэдыi й аптымiстычныя драмы Францiшак Аляхновiч...

Вiльня нiколi ня будзе лiтоўскiм горадам. А таму, калi вы вырашылi прысьвяцiць уiк-энд падарожжу ў Лiтву, Вiльню трэба праехаць транзытам, мiмаходзь адзначыўшы, што яна, Вiльня, блiжэйшая да Менску за любы абласны цэнтар Беларусi.

Вам, напэўна, таксама даводзiлася калісьці чуць, што, маўляў, Кiеў — сталiца Ўкраiны, а Львоў — сталiца ўкраiнцаў. Пры ўсёй адрознасьцi гiстарычнага й палiтычнага кантэкстаў штосьцi падобнае можна сказаць i пра Вiльню з Коўнам. Пагатоў больш за два дзесяцiгодзьдзi, да той самай сталiнскай рэзалюцыi, Коўну пашчасьцiла быць сталiцаю ня толькi лiтоўцаў, але й Лiтоўскай Рэспублiкi.

На аўтобусе цi аўтамабiлi дарога ад Вiльнi да Коўна займае нейкую гадзiну. Аднак за гэты час вы заўважыце, што разам зь ляндшафтам неўпрыкмет зьмянiлася й сама аўра навакольля. Вы адчуеце халаднаватае, але моцнае і ўпэўненае дыханьне iншага мэнталiтэту, iншае, ужо не славянскае краiны.

Адрозна ад Вiльнi, у Коўне вашую беларускую мову нiхто не зразумее, аднак, калi пасьля кароткага экспэрымэнту вы пяройдзеце на расейскую, дык не пачуеце анiякае насьцярожанасьцi, як, зрэшты, i анiякае прыязнасьцi.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: