Аляхновіч Францішак
Шрифт:
У некаторых з прычыны галадоўкi пачалiся псыхоз i галюцынацыi. Гэнэрал Баеў (асэтын) аднаго разу, iдучы са мной, загледзеўся ў вакно другога паверху, дзе зьмяшчалася сёмая рота. Мой пагляд пайшоў усьлед за ягоным. Я нiчога асаблiвага там не пабачыў. Раптам Баеў, паказваючы на вакно, кажа:
— Во! Там мая кухарка пячэ блiны… Яна лоўка пячэ блiны!.. Пойдзем, я вас пачастую…
I — раптам галюцынацыя разьвеялася. Сьведамасьць сапраўднасьцi вярнулася. Баеў працiрае сабе лоб рукой i кажа iз засаромленым выглядам:
— Выбачайце… Гэта мне так здавалася… Гэта са мной так часам здараецца.
Другiм разам мы таксама йшлi зь iм па Крамлёўскай вулiцы, калi Баеў раптам кiнуўся да плоту iз словамi:
— Пачакайце! Там мiска з баршчом стаiць!..
Рука яго схапiла — паветра…
Iзноў гэты самы рух выцiраньня рукой чала, iзноў гэтая вiнаватая ўсьмешка i словы:
— Выбачайце… Мне здавалася… Гэта са мной здараецца…
I мы йшлi далей i гутарылi нармальна, быццам нiчога ня здарылася.
Баеў хутка пасьля гэтага памёр.
У лягерных спажывецкiх крамах (ларкох) рэдка бываюць спажыўныя прадукты. Часам разыйдзецца чутка, што прывезьлi бочку нейкае скiслае мармаляды. Зараз-жа перад парком зьбiраецца чарга, — i ўсё мiгам распрадаецца. Часамi зьявiцца бочка падгнiўшых селядцоў. I ix таксама мiгам раскупяць. Але хлеб выдаецца толькi паводле нормы. У вольным продажу яго няма.
Таварамi, якiя заўсёды можаш дастаць, колькi хочаш, ёсьць: парашок да зубоў, памада да вуснаў, пудра кармiн i iншыя падобныя касмэтыкi. I гэта купляюць. Купляюць жанчыны, якiя малююцца, каб сябе прыхарашыць.
Цiкаўна выглядае гэткая какетка. У пакрыўленых валенках, у шэрым вастрожным каптане, з загрубелымi ад цяжкае працы рукамi i — з намаляванымi начырвона вуснамi, з вачыма, падведзенымi чорным алоўкам…
Час ляцеў…
Час ляцеў, гады йшлi…
Аляхновiч усё сядзеў i сядзеў.
Праўда, прыстроiўся ўжо ня блага. Дзякуючы Богу й каманданту 7-ай роты, жыў у б. манастырскай кельлi. У невялiчкiм пакойчыку зьмяшчалася восем чалавек, аднак хапала месца, каб кажны меў для сябе асобны тапчан.
Iз старых мяшкоў Аляхновiч наладзiў сабе сяньнiк, за пачку махоркi дастаў у сталярнай майстроўнi стружак для яго набiўкi. Над сваiм тапчанам павесiў палiчку, на якой стаяў кубак, мiска, банка з тытуном. Пад палiчкай вiсела фатаграфiя малых Аляхновiчатаў.
Камфорт! Чаго больш?
Клопатаў нiякiх. Усё паводле званка. Званок — выходзь на праверку! Званок — iдзi з мiскай у кухню! Званок — выходзь на работу. Званок — рабочы дзень скончаны! Можаш бiць клапоў, гуляць у шахматы, чытаць кнiжку, выйсьцi на панадворак на шпацыр, а калi дастанеш пропуск — дык нават за муры Крамля, у лес. Раз на тыдзень камандант склiкае сваю роту: «собiрайся в баню». Там, разьдзеўшыся, у вадно ваконца аддаеш сваю брудную бялiзну, у другiм дастаеш чыстую. Ня трэба нi аб чым думаць. Iншыя пра цябе падумалi, iншыя за цябе паклапацiлiся.
Ня жыцьцё, а малiна!
Але аднаго разу зайшоў у камару камандант роты.
— Аляхновiч! Хто тут з вас Аляхновiч! Ты Аляхновiч? «Собирайся с вещами!»
— Куды, таварыш камандант?
— У чатырнаццатую роту.
Брр! Чатырнаццатая рота называлася «запретнай» ротай. Там былi шмат горшыя ўмовы жыцьця. Спалi на агульных нарах. Забаронена было выходзiць. У кухню, на работу, у патрэбнае месца — iшлi пад канвоем. Тут быў сабраны «няпэўны» элемэнт: былыя афiцэры царскай службы, пракуроры i iнш. небясьпечныя каэры.
Пасьля камфорту 7-ай роты Аляхновiч апынуўся ў 14-ай «запретнай».
Чаму? За што? Што здарылася?..
На Вэгэракшы
Раз, восеньскiм днём, калi я ўжо рыхтаваўся спаць, у маю камару шпарка ўвайшоў камандант:
— Зьбiрай свае манаткi! Хутчэй!
Я астаўпеў. Куды?
Мяне павялi на прыстань. Пасадзiлi на параплаў. Павезьлi ў Кем.
Пасьля шасьцёхгадовага побыту ў лягеру мяне ўжо не ўважалi за небясьпечнага вязьня, якi захацеў-бы ўцячы, дык прызналi магчымым перавесьцi на зямлю. 3 абтоку ўцячы немагчыма, а на зямлi бывалi здарэньнi ўдалых уцёкаў.
Прывезьлi мяне ў Кем, малое мястэчка за 10 кiлёмэтраў ад узьбярэжжа Белага мора. За мястэчкам стаяць драўляныя баракi, абведзеныя калючым дротам. Тут жывуць вязьнi.
Гэтае выклятае месца мае назоў «Вэгэракша», што ў карэльскай мове значыць: шлях ведзьмаў.
Частка прадпрыёмстваў, у якiх працуюць вязьнi, стаiць тут-жа, у драцяной агарожы. Тутака ёсьць: электроўня, друкарня, гарбарня, фабрыка цацак. За агарожай знаходзяцца: сталярня, швальня i канцылярыя, якiя абслугоўваюць лягеры.