Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Глядзі, ягады! — усклікнула на трэці дзень Алеолла.
На адной з шаўкоўніц ягады былі жоўтыя, на другой — чырвоныя, а на трэцяй — цёмна-фіялетавыя.
— Ну, і якая з гэтых шаўкоўніц тая, што нам патрэбна? — услых падумаў Арцін.
— Назіранне — шлях да спазнання, — замест прывітання прамовіў кот.
Ён пачуў пра ягады і прыйшоў паглядзець, што будзе далей.
— З’явіўся не запыліўся... Ізноў прыйшоў нам дакучаць, — прабурчаў Арцін.
— Я не дарога, каб пыліцца, — ганарліва адказаў кот.
— Ён прыйшоў да нас паснедаць, — растлумачыла Алеолла.
— Вось бачыш, Алеолла, пасля размоў з такімі разумнымі звярамі, як я, ты таксама навучылася думкі чытаць, — зазначыў кот.
— Так, — усміхнулася Алеолла.
— Дый што тут чытаць, калі ў цябе ўсё на тваёй хітрай пысе напісана, — абурыўся Арцін.
— Не кажы... Ты ж сам нічога не зразумеў, што ў м-мяне на м-мордачцы напісана, — прамуркатаў кот.
— Досыць ужо вам між сабою спрачацца! На галодны страўнік спрачацца вельмі шкодна, — Алеолла паспрабавала хоць неяк іх прымірыць.
Дзяўчына наліла кату на пляскаты камень смятаны.
— Алеолла, а ці няма ў цябе яшчэ хоць бы маленькага кавалачка сыру? — аблізнуўшыся, спытаў кот.
— Нічога сабе, мы яшчэ павінны гэтага назолу сваім сырам карміць, — не ўтрымаўся і буркнуў Арцін.
— Ну што ты, частуйся, на здароўе, — Алеолла працягнула кату сыру.
— Ц-ц-ц, — прыцмокнуў кот, прыжмурыўшыся, — такога смачнага я яшчэ ніколі не спрабаваў.
Арцін першы з’еў свой хлеб, вялікую лыжку смятаны, запіў крынічнай вадой і накіраваўся наўпрост да шаўкоўніц.
— Значыць так, — сказаў Арцін, — я паспрабую ягады з кожнага дрэва. Якая мне дасць прыліў радасці — тая, значыць, і ёсць шчасцядайная.
— Ну так. Метад спроб і памылак... — жуючы сыр і гучна муркаючы, — пагадзіўся кот. — Самы просты метад... Толькі вось хто тыя памылкі выпраўляць будзе.
— Можа, не трэба, а? — занепакоілася Алеолла.
— Баяцца няма чаго, — расхрабрыўся будучы віцязь. — Усе ведаюць, што плады шаўкоўніцы ядомыя. Я ж толькі па адной ягадцы паспрабую. Больш слухай гэтага разумніка. Кацяра толькі дзеля сыру з намі размовы размаўляе.
— Ну-ну, паспрабуй, паспрабуй, — вуркатаў кот.
— Ну і паспрабую...
— Можа, не трэба, — пачала ўпрошваць Алеолла.
— Не турбуйся, я ўсяго толькі пакаштую...
— Цьфу ты, гадасць якая! Ну і кісляціна! — Арцін выплюнуў фіялетавую ягаду. — Хіба можа шчасце быць такім кіслым? — разважаў ён. — Не можа!
Наступнай была шаўкоўніца з жоўтымі ягадамі.
— Фу, якая горкая... — сплюнуў Арцін, ледзь надкусіўшы ягаду. — А горкім хіба яно можа быць? Таксама не можа!
Арцін накіраваўся да шаўкоўніцы з чырвонымі ягадамі.
— Ха-ха! Я думаю, гэта яна! Ха-ха! Чацвёртага не дадзена... Ха-ха! — Арцін адкусіў чырвоную. — Сапраўды! Ха-ха-ха! Салодкая! Якая салодкая! Вось гэтых ягад нам і трэба назбіраць.
— Калі задачка лёгка вырашаецца, заўсёды варта пераправерыць, — параіў кот.
— Лёгка, а-ха-ха! Усё проста, ха-ха-ха! Салодкая — ха-ха-ха, смачная — ха-ха-ха!
Арцін стаў хутка збіраць чырвоныя ягады ў свой капялюш.
— Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! — яму стала так весела, ён проста заліваўся смехам. — Ха-ха-ха! Усіх ашчаслівім! Ха-ха-ха!
— Што гэта з табой? — занепакоілася Алеолла.
— Нічога! Ха-ха-ха! Добра! Ха-ха-ха! Весела! Ой, не магу, усім будзе весела! Ха-ха-ха! Го-го-го! Усім! Ха-ха-ха! На, паясі чырвоных... Ха-ха-ха! — весялосць проста перапаўняла юнака.
— Не, не буду. Што гэта з ім? — устрывожылася Алеолла.
— Што-што... Ён абраў метад спроб і памылак, — насупіўся кот — паспрабаваў і памыліўся. Карацей, аб’еўся шчасцем.
— І што цяпер рабіць?
— Што рабіць, што рабіць... Трэба нейтралізаваць лішняе шчасце, якое ён з’еў.
— Ха-ха-ха! Го-го-го! Нейтралізаваць! Ха-ха-ха! — працягваў заходзіцца смехам Арцін.
— Як гэта? — перапытала ката Алеолла.
— Нейтралізаваць — значыць, зрабіць так, каб лішняе шчасце ў яго арганізме перастала дзейнічаць.
— А! Я зразумела! Трэба, каб ён больш з’еў фіялетавых альбо жоўтых ягад. Фіялетавыя — кіслыя — гэта ягады смутку. Жоўтыя — горкія — значыць, гэта ягады гора. Арцін паесць іх і нейтралізуе лішняе шчасце...
— Скажам, гэта не зусім так, — задумаўся кот. — І мой хвост не так і прост. Гэта была б залёгкая задача. Напрыклад, я ніколі не чуў, што тут растуць дрэвы гора альбо смутку. А ваш знаёмы мастак вам пра гэта казаў?