Мінскевіч Серж
Шрифт:
Алеолла і Арцін падхапілі адкапаную імі пасудзіну за ручкі і накіраваліся да выхада з пячорнага дома.
— Дзякуй, — сказалі яны старцу, праходзячы паблізу ад яго.
Старац прамаўчаў, закаціў вочы пад касматыя бровы. Ён працягваў узмоцнена думаць.
Алеолла і Арцін спусціліся з гары, дзе размяшчаўся пячорны горад, да самога яе падножжа. Там струменілася чыстая крыніца, у ёй юнак і дзяўчына набралі поўную амфару вады.
— Цяжкавата, — прызнаўся Арцін.
Ён узяў за адну ручку, Алеолла — за другую, і яны пацягнулі важкую амфару да вяршыні з трыма шаўкоўніцамі.
У іх з-пад ног па схіле ляцелі каменьчыкі, у Алеоллы пачалі саслізгваць сандаль Юнак і дзяўчына спатыкаліся, але заўсёды дапамагалі адно аднаму. Ішлі ўпарта ўгару, імкнуліся, як мага менш разліць вады.
— Ну што, вельмі цяжка? — спытаў кот, які быццам чакаў іх каля шаўкоўніц.
— Не, вельмі лёгка, — раздражнёна адказаў Арцін.
— Не варта так надрывацца і нервавацца, трэба эканоміць сілы, — зноў прамуркаў кот. — Раптам яшчэ раз давядзецца па ваду ісці?
— Нічога, сходзім, — адказаў Арцін.
— А я ўжо стамілася, — Алеолла прысела на нагрэты сонцам камень.
— Добра, калі будзе трэба, я сам схаджу, — Арцін перакуліў амфару і выліў крынічную ваду пад корань кожнай шаўкоўніцы.
Было чуваць, як шумна дрэвы пілі ваду.
Прайшоў некаторы час, але з шаўкоўніцамі нічога не адбывалася. Якія былі — напалову засохлыя і амаль нежывыя — такімі і заставаліся.
— Можа, яшчэ па ваду трэба схадзіць? — прапанаваў Арцін.
— Можа і трэба, — адказаў яму кот.
— А можа, яшчэ пачакаць? — Арціну не вельмі хацелася зноў цягнуцца з цяжкай амфарай, тым больш, аднаму.
— М-можа і пачакаць, — абыякава прагаварыў кот.
— І колькі трэба чакаць, пакуль з’явяцца ягады? — не вытрымала Алеолла.
— М-можа і м-месяц, і год, а м-можа і ўсе пяць гадоў. І пры гэтым кожны дзень трэба будзе паліваць шаўкоўніцы, — далікатна правуркатаў кот.
— Так доўга... А нашыя бацькі, нашыя землякі будуць тым часам пакутаваць у скляпенні-цямніцы. Што ж нам рабіць? — засмучоным голасам спытала Алеолла.
— Перш чым засмучацца, — парэкамендаваў кот, — трэба азірнуцца вакол і ўважліва прыгледзецца.
— Дый што гэты кот нас пастаянна павучае! — абурыўся Арцін. — Больш трэба паліваць, і ўсё тут!
— Я стамілася, — сказала Алеолла.
Яна села пад адну з шаўкоўніц і заплюшчыла вочы.
— Добра, я сам прынясу вады, — усклікнуў, падахвочаны катом, Арцін.
Юнак схапіў амфару, збег па схіле да ручая, набраў вады і ўжо ў адзіночку, цалкам выбіўшыся з сіл, прынёс амаль поўную амфару.
— Навошта ж так надрывацца, — наракала Алеолла, — можна было і пачакаць, калі я адпачну.
Арцін нічога не адказаў, ад стомленасці ён проста паваліўся на зямлю, раскінуўшы рукі.
— Праца тых валіць з ног, хто паразважаць не змог, — пракаментаваў кот.
Алеолла сама ўзялася паліваць шаўкоўніцы. Дзіўна, але кот — а ён аказаўся моцным, дапамог ёй — падтрымліваў амфару сваёй руда-паласатай лапай.
Сонца паступова схілялася да захаду. Падаўжэлі цені. Аднак з дрэвамі па-ранейшаму нічога не адбывалася.
— Пэўна прыйдзецца доўга чакаць, — уздыхнуў Арцін.
— Пачакай, пачакай... — Алеолла сядзела на камяні, аглядаючы ўсё вакол, як і раіў той дзіўны кот. — Глядзі!
Дзяўчына заўважыла, што ў людзей з пячорнага горада сады на самай вяршыні гары былі пышныя і раскошныя. На дрэвах наліваліся вялікія сакавітыя плады. А вось дзікія дрэвы, якія раслі ніжэй — тыя ж грушы, алыча, персікі — выглядалі карлікавымі, і плады ў іх былі зусім дробныя.
— Ну і што, — сказаў Арцін, ён ляжаў на зямлі і адпачываў, — проста людзі з горада добра свае сады даглядаюць.
— У гэтым ты, вядома, маеш рацыю, — пагадзілася Алеолла, — але з іншага боку, чаму тады вакол той крыніцы, дзе мы ваду бралі, так мала слядоў людзей? І наогул, падаецца, мясцовыя жыхары там ваду не бяруць.
— Але ж вада не атручаная, я сам яе піў! — Арцін усё яшчэ пачуваўся стомленым і таму быў раззлаваным.
— Назіранне — шлях да спазнання, — зноў умяшаўся кот.
— Ну, што гэта за жывёліна такая прыставучая! — Арцін нацягнуў на вочы свой капялюш з пяром, дэманструючы, што не хоча слухаць гэтага ката, і, увогуле, хоча спаць.
— Адпачывай, а я пайду ў горад, паназіраю за яго жыхарамі, — сказала Алеолла.
— Праўду кажаш, праўду, — пагадзіўся кот.
Алеолла дастала сыр, адламала кавалачак і пачаставала ката, а сама адправілася ў горад.