Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Гэтага тырана? — падняў бровы маг Ніціч.
— Кот Варгін яго перавыхавае, — запэўніў Арцін.
— І банкецік вам такі арганізуе, — аддаўся мроям кот Міамурмарор, — не горшы за той, які вы нам наладзілі.
— Добра, бяры, — маг Ніціч аддаў яму кубік.
Кот Міамурмарор узяў, паглядзеў, пакруціў у лапах — на ўсіх гранях кубіка была «шасцёрка».
— Ого! Найцікавейшая косць для гульні, — прамуркатаў кот Міамурмарор і схаваў кубік пад кальчугу.
— Сектар на тры гадзіны! — выкрыкнуў дазорца.
— Добра. Увага! — выгукнуў маг Ніціч, звыкла ўскараскаўся па лесвіцы на глыбу і пачаў разварочваць яе на тры гадзіны.
— Падрыхтавацца! — скамандаваў маг Ніціч. — Наперад!
Арцін устаў на зубец балкона насупраць трэцяга тунэлю. Ён імкнуўся не глядзець уніз, хоць усё роўна краем вока заўважыў дзесьці там, на зямлі, блакітную стужку — вузкую паску вады — той самы роў з рыбамі паміж скалой і сцяной.
— Пайшоў! — крыкнуў маг Ніціч з грота.
Арцін скокнуў з боку зубца. Але ўгору ён ляцеў нядоўга — пліта, нібы камень у моры, пацягнула яго ўніз. Здавалася, ён проста падае, падае. І раптам нешта яго падхапіла, панесла ўздоўж зямлі. Юнак яшчэ мацней учапіўся ў пліту. Яе трохі заваліла набок, і ў такім няёмкім становішчы яго панесла ўдалячынь.
З Алеоллай адбылося тое ж самае, толькі падчас палёту яе некалькі разоў перакуліла. Яна з неверагоднымі высілкамі здолела ўтрымаць сваю пліту ў адным, больш-менш устойлівым становішчы.
Наступнымі рынуліся ў неба Бедалдай і кот Міамурмарор. Як звычайна, у ката за спінай быў футарал з сякерай, а кот Міамурмарор сядзеў верхам на футарале і трымаўся за яго кіпцюрамі. Свой распушаны хвост ён выкарыстоўваў у якасці паветранага стырна, таму кат і кот ляцелі плаўна, роўна, але павольна.
Апошнім памчаўся мастак Дроздзіч. Лятучы шчыт быў выдатна прыстасаваны для палётаў уздоўж «магнітычных» струменяў. А Дроздзіч целаскладам быў амаль такі ж, як маг Ніціч, ну, можа быць, трошкі ніжэйшы. З той прычыны Дроздзічу было лёгка кіраваць лятучым шчытом. Неўзабаве мастак абагнаў і Бедалдая, і Алеоллу, і Арціна. Яму нават давялося раскрыць свой парасон — трохі прытармазіць, каб не вельмі аддаляцца ад сваіх сяброў.
ДЗІКІ І ЖУДАСНЫ АГНЯЗЕЎ
Пачуўшы ад Санцелямона і Панцелямона страшную вестку, жыхары Слаўбора зачыніліся ў горадзе за высокім драўляным частаколам. Сталай дружыны ў Слаўборы не было, а рыбакоў і сялян, здольных стаць на абарону горада, набралася ўсяго чалавек сто пяцьдзясят — дзвесце. Большасць з іх стоўпілася перад гарадскімі варотамі, трымаючы напагатове лукі, вялікія цесакі і косы.
Навальніца прайшла, і ярвяне ўжо ламалі вароты завостраным бярвеннем. Гэта былі лютыя ваяры з поўначы, якія прыплывалі з-за мора па рэках на крутабокіх караблях. Пагаворвалі, што яны наогул не ведаюць літасці, а для мацнейшай лютасці п’юць адвар з атрутных грыбоў. Яшчэ казалі, што рэцэпт гэтага адвару вядомы толькі абраным ярвянскім ведунам, і што напіўшыся такога адвару, ваяр не адчувае ні стомленасці, ні болю.
Вароты скаланаліся і трашчалі. Брахіндзей бегаў уздоўж іх і з усёй моцы брахаў, спрабуючы напалохаць ворагаў. Аднак часты грукат ад удараў тарана заглушаў яго брэх.
— Глядзіце! — раптам ускрыкнуў адзін ярвянін, які стаяў каля тарана. Ён паказаў на неба. — Вунь там, бачылі? Нябесная Мядуза!
— Ды перастань ты, — сказаў іншы ярвянін, — перапіў адвару, цяпер усіх палохаеш!
— А вунь Лятучыя Акулы! — задрыжаў ад жаху той жа «перапіты» ярвянін.
— Бог ты мой! — цяпер і другі ярвянін таксама ўбачыў, як па небе праляцелі дзве вялікія рыбіны і зваліліся недалёка ад берага ў Малое Светлае Возера.
— Нябесная Мядуза. Лятучыя Акулы, — пайшоў шэпт па ярвянскіх шэрагах.
— Глядзіце! Глядзіце! Агнязеў!
— Агнязеў!
— Вярхом на кавалю Гарэсце!
— Каваль Падземнага Царства! — ногі ў ярвян затрэсліся. — А з ім пачвара Агнязеў!
— Праклятыя рыбакі выклікалі сабе на дапамогу сілы неба, вады і зямлі! — пакацілася пагалоска па ярвянскаму войску.
— Глядзіце! А вунь Чорны Груган з Даліны Мёртвых!
Над ярвянамі праляцеў вялізны крумкач — у дзюбе ён трымаў лук і калчан са стрэламі, похвы і меч.
Ярвяне перасталі ўжо біць таранам у вароты горада. Задраўшы галовы, яны глядзелі ў неба, а потым усім войскам адначасова зірнулі на возера. З яго вод паднялася і пайшла да берага адна з Лятучых Акул.
Перад ярвянамі паўстала жахлівае відовішча — да Лятучай Акулы з неба спусціўся Груган з Даліны Мёртвых, аддаў ёй сваю зброю, паляцеў да найбліжэйшай сасны і стаў з яе касіць бліскучым вокам на ярвян, відавочна выбіраючы сабе ахвяру.
Лятучая Акула сказала яму чалавечым голасам:
— Дзякуй, Крачар. Цяпер ім не здабраваць! — Акула адкінула плаўніком косць волата, падобную да каменнай сякеры, надзела на сябе калчан, лук, похвы, дастала з іх меч, грозна патрэсла ім і рушыла да берага. Побач з першай Лятучай Акулай з’явілася другая. У яе ў руцэ зіхацеў жудасны рыбін зуб. Паднялася з возера і Нябесная Мядуза, яна згарнула свой празрысты каптур і таксама выставіла наперад крышталёвы зуб, вядома ж, вельмі атрутны.