Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Ён не ў вязніцы, а наш госць, — хітра прамовіў маг Ніціч.
— Гэта цар Мераміра Ранэон. Вы чулі пра такога? — прабасіў Ром Ончар.
— Чулі, — чмыхнуў кот Міамурмарор.
— І я таксама чуў, — хмурна сказаў Бедалдай.
— І мне людзі пра яго сёе-тое распавядалі, — сказаў мастак Дроздзіч, — толькі, гавораць, ён даўно памёр.
— Не памёр. Нам давялося яго ізаляваць, — прызнаўся Ром Ончар.
— Такога крывавага тырана яшчэ не ведала наша гісторыя, — сумна сказаў маг Ніціч. — Няхай лепш у касцяныя бірулькі гуляе.
— А навошта ж вы нас у вашу «гасцініцу» пасадзілі? І кубікі свае падсунулі?
— А таму, што вы, яснапанначка, — нахмурыўшы бровы, адказаў Ром Ончар, — занадта настырныя. І боўтаецеся пад нагамі!
— Вы хацелі, каб мы вас адразу ж адправілі да вашых сяброў, ці не так? — спытаў яе маг Ніціч.
— Менавіта, — пагадзілася Алеолла.
— На сякеры Бедалдая?
— Так.
— Але ж лётаць вы не ўмееце — гэта, па-першае. Сякера Бедалдая намі яшчэ не праверана. Мы не ведаем, наколькі яна надзейная ў якасці лятальнага апарата — гэта, па-другое. А па-трэцяе, вашы сябры паглыбіліся ў дрымучы лес, таму і зніклі з поля нашага зроку. Нават калі над лесам прайшла моцная навальніца — дазорца іх не заўважыў.
— Мы ў той час сядзелі ў будане з яловых лапак, — растлумачыў Арцін.
— Вось бачыце, заўважыць было не так проста.
— А самае галоўнае, вы ўсе паказалі сябе такімі героямі, моцнымі ды самаўпэўненымі, што задумалі адправіцца да Паляндры. Быццам мы не хацелі б з ёй разабрацца. Але, на жаль, Чорнае Балота не пройдзеш і не пераляціш. Там «магнітычная» сіла Зямлі не дзейнічае. Ісці туды — верная смерць.
— А мы ўсё роўна пойдзем! — сказаў Арцін.
— Так-так, — падтрымаў мастак Дроздзіч, — мы пойдзем.
— Тады мне варта стрымаць вашае парыванне, — вельмі сур’ёзна сказаў маг Ніціч. — Пакуль вы сюды ішлі, Прыта разлілася, і прайсці да Чорнага Балота немагчыма. Нашым віцязям давялося прыйсці на дапамогу тамтэйшым сялянам.
— Не, мы ўсё роўна пойдзем, — перабіў Арцін, — мы ўмеем хадзіць па вадзе.
— Але вам і начаваць давядзецца на вадзе, бо шлях па залітай вадой зямлі зойме не адзін тыдзень. Ці не прасцей пагасцяваць у нас, пачакаць, пакуль вада сыдзе? А там, калі не раздумаеце, адправіцеся да Паляндры.
— А праз колькі вада можа «спасці»? — спытаў кот Міамурмарор. Ён нават паморшчыўся — бо вада яму заўсёды не падабалася.
— Можа, месяц, а можа, і год, і два.
— Можа, вы нас падкінеце да краю Чорнага Балота? На сваіх шчытах? — спытаў мастак Дроздзіч.
— Не, гэта выключана. Я не магу рызыкаваць сваімі людзьмі, — цвёрда сказаў Ром Ончар.
— Невядома, наколькі Чорнае Балота пашырэла, і дзе цяпер яго межы, — апавядаў маг Ніціч. — Нашыя віцязі могуць са сваімі шчытамі на спіне проста зваліцца ў яго нетры.
— Шчыты цяжкія, — дадаў Ром Ончар, — ды і нашыя віцязі, нягледзячы на тое, што выдатна плаваюць, зваліўшыся ў багну з вышыні, вырвацца з яе ўжо не змогуць.
— Так што самым мудрым будзе пагасцяваць у нас. Мы вас за гэты час лётаць навучым, — паабяцаў маг Ніціч, — выплавім для кожнага персанальны шчыт.
— Мы ўсё роўна пойдзем! — рашуча перабіла мага Алеолла. — І ў самы блі жэйшы час!
Ром Ончар падышоў да Арціна, па-сяброўску папляскаў яго па плячы — Арцін нават прысеў ад цяжару далоні вялізнага волата.
— Ты, Арцін, падрасцеш, мы возьмем цябе з сабою на бітву.
У Арціна загарэліся вочы — ваяваць за справядлівасць было яму па душы.
— І вы, вандроўны мастак, будзеце не хадзіць па свеце, а імчаць па-над ім на шчыце, — звярнуўся да яго маг Ніціч.
— Вось у гэтым і справа, што імчаць, — спакойна адказаў яму мастак Дроздзіч, — а мне трэба ісці, не спяшаючыся, і прыкмячаць, як людзі жывуць.
— А што тут прыкмячаць? Давайце я вам пакажу, — прапанаваў маг.
НА ШЧЫЦЕ ТАКСАМА МОЖНА ЛЁТАЦЬ. ПРАКТЫКА
Маг Ніціч папрасіў усіх падысці да вяровачнай лесвіцы, якая звісала са столі.
— Давайце за мной.
Нягледзячы на свае гады, маг Ніціч хутка ўскараскаўся да сеткі-гамака пад купалам грота, дзе знаходзіўся віцязь-дазорца.
— Смялей, падымайцеся сюды!
Спрытней за ўсіх забраўся кот Міамурмарор. Услед за ім падняліся Арцін, Алеолла, мастак Дроздзіч і Бедалдай.
Пад дадатковым цяжарам сетка-гамак правісла. Ром Ончар, пакінуты ўнізе, пацягнуў нейкую вяроўку, і гамак зноў стаў бліжэй да столі.