Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Выбару няма. Усе віцязі адпраўляюцца на дапамогу князю Гранею! — катэгарычна заявіў маг Ніціч.
— Ну, хоць бы пяць ваяроў на дапамогу рыбакам! — Алеолла была ў роспачы.
— Мы не можам «распыляць» нашы сілы! — грозным голасам рыкнуў Ром Ончар. — Як толькі разлічымся з Печанымі Нагамі, прыляцім на дапамогу Слаўбору.
— Я зразумела! — гнеўна сказала Алеолла. — Вось у чым мэта вашага жыцця ў гэтым замку! Гэта магчымасць менавіта вам двум — магу Ніцічу і Рому Ончару, вырашаць, каму жыць, а каму паміраць!
— Ведаеце што, дзяўчына, — рэзка абарваў яе маг Ніціч, ад абурэння ў яго пачалі натапырвацца сівыя вусы, — каб рабіць такія заявы, перш трэба хоць бы стаць яснапаннай.
— Усім знаходзіцца на сетцы! Уніз не спускацца! Інакш віцязі вас незнарок з ног пазбіваюць! — папярэдзіў Ром Ончар.
— Дзясяты сектар, — крыкнуў дазорца.
Толькі адзін маг Ніціч спусціўся з «гамака» па лесвіцы ўніз, хутка перабег праз залу, забраўся на глыбу і развярнуў яе дзюбу на дзясяты тунэль.
У зале падрыхтаваліся трыццаць віцязяў. Дэнет, намеснік ваяводы, выйшаў наперад і, паклаўшы правую руку на левае плячо, дакладваў Рому Ончару:
— Адзін віцязь — на назіральным пункце, двое — зменшчыкі — адпачываюць. Усе астатнія тут і гатовы да вылету.
Дэнет стаў у шыхт.
— Волаты! — голасна пачаў Ром Ончар. — Жаўтарэчча ў небяспецы! Варожае войска ўжо на подступе да Векава. У князя Гранея дружына ў тры разы меншая! Перад намі — гарачая бітва! — ён набраў у лёгкія паветра і выгукнуў баявы кліч віцязяў. — Ойран!
— Ойран! — паўтарылі трыццаць глотак.
Адзін за адным віцязі сыходзілі ў дзясяты тунэль.
— Поспехаў! — крыкнуў зверху Арцін.
— Будзьце шчаслівыя! — адказаў ім Ром Ончар і схаваўся ў тунэлі.
Не паспеў ён «нырнуць» у неба, як Алеолла ўжо была ўнізе, на падлозе грота.
— Разварочвай глыбу ў бок Светлых Азёр! — крыкнула Алеолла магу Ніцічу. — Мы ляцім на дапамогу Слаўбору!
— На чым жа вы ляціце, цікава мне ведаць? — адазваўся зверху маг Ніціч.
— На сякеры Бедалдая!
— Што, усе адразу?
— Не, па чарзе! — да Алеоллы падышоў Арцін.
— А чым жа Бедалдай будзе ваяваць? — з’едліва пацікавіўся маг Ніціч.
— Як жа вы не разумееце! Там нашыя сябры! — адчайна выкрыкнула Алеолла. — Нам трэба ім дапамагчы!
— Мы будзем біцца поплеч з рыбакамі! — цвёрда сказаў будучы віцязь і сціснуў у кулаку дзяржальна сваёй каменнай сякеры.
— Вы ўсё-ткі павінны што-небудзь прыдумаць, каб нас адправіць у Слаўбор, — побач з Алеоллой і Арцінам устаў мастак Дроздзіч.
— Што? І вы, сталы чалавек, туды ж? Гэта — апантанасць! Гэта самазабойства!
— Асабіста для мяне гэтае слова незразумелае, — сказаў Бедалдай, — ён таксама далучыўся да юнака і дзяўчыны.
— А я нават вырашыў пасябраваць з тым кудлатым сімпатычным сабакам. Брэша ён вельмі весела, — усміхнуўся кот Міамурмарор і па-кацінаму сеў каля ног сяброў, прыкрыўшы свае лапы хвастом.
— Добра, — пагадзіўся маг Ніціч, — у мяне ёсць свой персанальны шчыт. Я аддам яго вам, але гэтага ўсё роўна мала. Шчыты трох дзяжурных я аддаць не магу...
— Выбачайце, а з чаго зроблены ваш шчыт? — перапыніў яго кот Міамурмарор.
— Ён выплаўлены з шэрага каменя. З жалезняку... Гэта доўга.
— Я ведаю, што нам рабіць! — як заўсёды ні з таго, ні з сяго сказаў Бедалдай. — Сваёй сякерай я высеку з шэрага каменя пліты — на іх мы і паляцім.
— Гэта вельмі небяспечна! Вы не зможаце імі кіраваць!
— Зможам! — рашуча сказалі Арцін і Алеолла.
— Калі ласка, правядзіце Бедалдая да самых «магнітычных» глыб у корані скалы, — папрасіў мастак Дроздзіч такім тонам, што маг Ніціч проста не змог штосьці запярэчыць.
Ён склаў далоні рупарам і крыкнуў:
— Другі дазорца, неадкладна падніміцеся ў грот!
Бедалдай звузіў свае і без таго вузкія вочы:
— Спадзяюся, вы не хочаце мяне з ім пасварыць, — ваяўніча сказаў кат, — ці прапанаваць нам зноў пайграць у вашы бірулькі?
— Не. Я спрабую дапамагчы вам, — адказаў маг Ніціч, — і прашу, не перашкаджайце мне ў гэтым.
У залу ўбег задыханы віцязь. Па яго твары бачылася, што ён толькі нядаўна прачнуўся.
— Бернет, адвядзі гэтых чацвярых у зброевы пакой, і хай выберуць сабе, што застало ся, — маг Ніціч паказаў на Алеоллу, Арціна, мастака Дроздзіча і ката Міамурмарора, — а мы з Бедалдаем спусцімся ўніз.