Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Глядзіце, — сказаў маг Ніціч, — на крышталёвым купале выразана карта нашай часткі свету, з падлогі яе не заўважыш. Бачыце водбліскі? Гэта маланкі, якія ў гэтую ж секунду загараюцца ў небе над пазначанай на карце мясцовасцю. Памятаеш, Алеолла, я табе прапаноўваў вывучыць геаграфію?
— Я і так яе нядрэнна ведаю, — адказала будучая яснапанна.
— Вось, бачыце, водбліск у Зеленагор’і. Заўважылі? — маг Ніціч далонню паказаў на тую частку карты, выразаную на крыштальным купале, дзе на секунду мільгануў жоўты агеньчык.
— Так!
— Бачылі — пастухі авечак пад уцёс гоняць, хаваюць ад дажджу. Бачылі?
— Бачылі, — адказаў кот Міамурмарор.
А ўсе астатнія нічога не адказалі.
— Глядзіце ўважлівей, — папрасіў маг Ніціч, — у тым месцы, дзе адбылася ўспышка, на імгненне застаюцца контуры фігурак, па іх можна ўсё выразна вызначыць. Увага! Падчас навальніцы адна маланка ідзе адразу за другой. Сачыце пільна.
У Зеленагор’і зноў успыхнула маланка — гэтым разам фігуркі пастуха і авечак убачылі ўсё.
— Маланка была побач з Векавым, — паведаміў дазорца, — можаце туды таксама зірнуць.
Усе паглядзелі на кропку, якая пазначала вялікі горад на Продзені, і сталі чакаць. Неўзабаве гэтую кропку асвяціў водбліск — было відаць, як фігуркі людзей разбягаюцца пад стрэхі маленькіх дамкоў.
— Хутка іх намочыць, — Арцін захоплена сачыў за фігуркамі.
Навальніца ад Векава ішла на паўднёвы ўсход, і раптам усе ўбачылі ў тым баку дружыну на маршы.
— Увага, — сказаў дзяжурны, — гэта дружына князя Гранея. Ваяры вельмі спяшаюцца. Ёсць і апалчэнне. Усяго тысяч дзесяць!
У невялікім бледна-жоўтым бліку, які на імгненне ўспыхнуў на крыштальнай 6 паверхні купала, пяць чалавек і адзін кот, якія знаходзіліся за сотні вёрст ад таго, што адбывалася, убачылі трывожную карціну: нягледзячы на праліўны дождж, ваяры ў кальчугах, востраканцовых шаломах, са шчытамі і дзідамі, пешыя і на конях, не спяшалі хавацца ад залевы, а ўпарта ішлі наперад па топкай дарозе і хаду не змяншалі.
— Што гэты Граней робіць? — усклікнуў маг Ніціч. — У такое надвор’е! Людзі, закутыя ў жалеза, на адкрытай прасторы! Ды гэта проста вар’яцтва!Нібы пачуўшы словы мага Ніціча, князь Граней загадаў дружыне разысціся і схавацца ад навальніцы ў суседнім гайку.
Усе напружана ўзіраліся — куды ж накіроўваецца дружына і апалчэнне. Навальніца адышла яшчэ далей. І раптам успышкі асвяцілі вялізнае войска, якое размясцілася на шляху князя Гранея.
— Печаныя Ногі! — выклікнуў дзяжурны. — Бачыце, кароткія штаны! Гэта яны! Войска — на ўскідку — больш як трыццаць тысяч!
— Дзяжурны, увага! — папярэдзіў маг Ніціч.
— А вось бяжыць нейкі сабака і брэша, — раптам сказаў кот Міамурмарор і паказаў лапай зусім у іншы бок ад Векава, далёка на паўночным захадзе, там дзе на карце быў выяўлены бераг Малога Светлага Возера. — Чаго гэты пёс так разрываецца?
Там успыхнула адна маланка, і адразу ж другая.
— Ды пачакай, — Алеолла махнула рукой на ката, — тут пад Векавым такое дзеецца, а ты пра сабаку!
Тым не менш, Алеолла крайком вока ўсё-ткі зірнула туды, куды паказваў кот. І зноў там адбылася ўспышка. Дзяўчына ўбачыла фігурку кудлатага сабакі, які ва ўвесь дух нёсся ўздоўж берага і надрыўна брахаў.
— Брахіндзей! — ці то пазнала, ці то адчула сэрцам Алеолла.
Сабака бег і гучна брахаў, а ўздоўж берага плыла лодка. У ёй дзве аднолькавыя фігуркі — блізняты — адчайна, з усіх сіл налягалі на вёслы. Было відаць, што два чалавекі спяшаліся ў мястэчка Слаўбор, што стаіць на беразе таго возера. «Гэта ж Санцелямон і Панцелямон», — падумала Алеолла.
Яшчэ раз успыхнула столь у тым месцы. І Алеолла ўбачыла, што па беразе Малога Светлага Возера ўслед за Брахіндзеем ідуць дзве-тры сотні ўзброеных мужчын. На галовах у іх двухрогія шаломы, у руках — ромбападобныя шчыты і кароткія мячы. Гэтае войска таксама спяшалася ў Слаўбор.
Усе, акрамя Алеоллы і ката Міамурмарора, глядзелі ў бок Векава.
— Куды ты глядзіш? — прашаптаў Арцін. — Глядзі сюды. Печаныя Ногі ідуць вайной на Жаўтарэчча.
— Трывога! Трывога! Трывога! Небяспека нумар адзін! — закрычаў дазорца. — Увага! Усім, усім, усім небяспека нумар адзін!
— Ніціч, хутчэй на месца! — крыкнуў Ром Ончар знізу. — А вы, госці, сядзіце наверсе і не перашкаджайце.
— Пачакаеце! — устрывожана ўсклікнула Алеолла. — На паўночным захадзе, паглядзіце, таксама войска ідзе на горад!
Маг Ніціч зірнуў на водбліск побач Малога Светлага Возера.
— Ярвяне. Тры сотні. А пад Векавым трыццаць тысяч ворагаў. Слаўбору прыйдзецца ваяваць самому.
— Але Слаўбор — гэта маленькае мястэчка! Ён не зможа супрацьстаяць лютым ярвянам! — не сцішалася дзяўчына.